Светлыя паверхі гісторыі

18 сакавіка 1965 года была створана Маларыцкая міжкалгасная будаўнічая арганізацыя. Калі ў вобласці ўжо існавалі ёй падобныя, то ў Маларыце давялося пачынаць з будаўніцтва вытворчай базы ў чыстым полі. Неабходна было ўзводзіць аб’екты на сяле. Мы разу­мелі, што без дастатковых грашовых сродкаў нічога грунтоўнага, капітальнага зрабіць нельга, таму ў першую чаргу пачалі будаваць першы аб’ект у калгасе “Дружба” – насеннясховішча на 500 тон. У падсобнай вытворчасці разгарнулі будаўніцтва лесапільнага цэха, раствора-бетоннага вузла, на адкрытым палігоне спачатку сталі вырабляць перамычкі, потым перайшлі на выраб калон, жалезабетонных аконных пераплётаў, набылі 1 аўтамабіль. Каб дастаўляць будаўнічыя матэрыялы на аб’екты, карысталіся транспартнымі паслугамі калгасаў і сель­гастэхнікі. Арганізацыя мацнела, пашыралася структура ўзводзімых аб’ектаў – жыллё, фермы, школы, Дамы культуры, дзіцячыя сады, зернясховішчы, КЗСы, мехдвары, лазні і інш. Раслі аб’ёмы будаўніча-мантажных работ, а з імі наспявала неабходнасць павялічваць колькасць кваліфікаваных спецыялістаў. Гэтую задачу арганізацыя вырашала праз Мінскі вучэбны камбінат.
Сёння нельга не ўспомніць цудоўных людзей, якія працавалі доўгі час у ПМК-20. Гэта брыгадзіры В. Цяліпка і Г. Цяліпка з Радзежа, І. Алесік і П. Назарук са Збуража, І. Сіпчук з Гвозніцы, П. Ляўчук з Брадзяціна, В. Бажко з Дубічна,  А. Такарчук з Хаціслава, Р. Пацяюк з Маларыты і многія іншыя. Ужо ў 1970 годзе многія работнікі ПМК-20 былі адзначаны ўзнагародамі — медалямі “За доблесную працу”. З гэтага часу наш калектыў па аб’ёмах выконваемых работ і па прадукцыйнасці працы ўвайшоў у лік першых з 40 генпадрадных і субпадрадных арганізацый. ПМК-20 неаднаразова займала ганаровыя першыя месцы ў спаборніцтве як у раёне, так і ў вобласці. У 1977 годзе некалькі работнікаў былі ўдастоены ордэнаў, а ў 1985 г. Маларыцкая ПМК-20 атрымала Усесаюзны сцяг за лепшыя паказчыкі ў будаўніцтве і якасці выконваемых работ. Усё гэта ўсяляла гордасць. І многім былым членам калектыву цяпер няма чым сябе папракнуць – яны зрабілі шмат… Але гэта ўсё былое.
Не менш можна ганарыцца і сённяшнім калектывам,  дзе нямала такіх жа будаўнікоў,  улюбёных у сваю справу людзей,  з якіх можна і варта браць прыклад.
У чэрвені 1994 года калектыў ПМК-20 узначаліў Валерый Масюк. Гэта інжынер, які добра ведае і любіць будаўнічую справу, кіраўнік, які разумее сваіх падначаленых. Дзякуючы яго настойлівасці, мэтанакіраванасці, арганізацыя выжыла ў тыя нялёгкія часы, калі паўсюдна быў спад вытворчасці. Захаваўся калектыў. Цяпер у ПМК-20 працуе больш за 500 чалавек. Валерый Масюк разумеў, што ранейшымі метадамі нічога не дасягнеш, таму ўзяўся за абнаўленне аўтапарка, набыццё новых механізмаў. Набыты аўтаматызаваны раствора-бетонны вузел, цэментавоз, вежавы кран, укаранёна малая механізацыя. І гэта адразу дало свае адчувальныя вынікі: ПМК-20 выйшла на першае месца ў вобласці па аб’ёму асваення капітальных укладанняў. Умела арганізуюць работу на ўчастках прараб П. Пальчук, брыгадзір А. Махушэнка, якія працуюць на важных аб’ектах у в. Сушытніца і Дворышча. Добрымі спецыялістамі паказалі сябе прараб В. Холад і брыгадзір В. Аўдзяюк, якія цяпер узводзяць шматпавярховы дом у Маларыце, а таксама В. Дзядзюк,  В. Пальчук і А. Козак, якія будуюць ферму ў Пружанскім раёне. У в. Дарапеевічы на будаўніцтве фермы шчыруюць В. Кузьмін і брыгада Р. Сцепанюка. І гэта толькі невялікая частка ўлюбёных у сваю справу будаўнікоў.
Тэмпы будаўніцтва ўражваюць. 80- ці 60-ква­тэрныя дамы наву­чыліся будаваць за год, а 1-кватэрных жылых домікаў на сяле ў год з’яўляецца да некалькіх дзесяткаў. У 2010 го­дзе будаўнікам ПМК-20 у вёсках раёна трэба ўзвесці 70 домікаў па праграме адраджэння і развіцця вёскі. Каб паспяхова выконваць даведзеныя аб’ёмы, трэба з апераджэннем тэрмінаў выканання тых ці іншых канструкцый забяспечыць пастаўку матэрыялаў на аб’екты. І Валерый Масюк прыняў правільнае рашэнне, калі накіраваў у аддзел забеспячэння Васіля Алесеюка, адказнага і адукаванага інжынера. Умела кіруе арганізацыяй будаўнічых работ яшчэ малады на сваёй пасадзе галоўны інжынер Уладзімір Грышчук, былы прараб. Нельга не адзначыць зладжаную работу аддзелаў вытворча-тэхнічнага забеспячэння, працы і зарплаты, эканамістаў, бухгалтэрыі, аддзела кадраў. Узначальваюць гэтыя падраздзяленні вопытныя і адукаваныя спецыялісты.
Светлыя паверхі гісторыі ў Маларыцкай ПМК-20. Хочацца пажадаць усяму калектыву з нагоды юбілею новых дасягненняў, поспехаў і новых светлых вышынь на памяць людзям.
Уладзімір АНТОНАЎ.
НА ЗДЫМКУ: завяршаецца будаўніцтва 60-кватэрнага жылога дома па вул. Чкалава ў Маларыце.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!