Тройчы народжаная для жыцця

Перад вачыма маларытчанкі, былой партызанкі Веры Завус­цінскай за амаль 86 гадоў жыцця многа чаго прайшло. Але адны падзеі прамільгнулі, як знічка, і забыліся, быццам бы іх і зусім не было. Другія – жалезам не выпаліш, з памяці іх ўжо нічым не сатрэш.  Сярод такіх – Вялікая Айчынная вайна. Нават мімалётныя ўспаміны пра яе пякельным агнём апаляюць душу і сэрца. Усё нутро да апошняй клетачкі. А на вочы самі па сабе  накатваюцца слёзы. Колькі часу прайшло, а заплюшчыць іх Вера Мікалаеўна,  і здаецца, што гэта было толькі ўчора. Чуюцца выбухі, страляніна, крыкі, енк, кулямётная чарга. Яе памяць на дзіва добра захавала ўсе дэталі і нюансы таго ліхалецця. І хочацца забыць многае, выкрасліць назаўжды, а не атрымліваецца. Фашысцкая навала,  як нявольніка, моцна трымае ў сваім палоне, не адпускае…
Да вайны Вера паспела закончыць 4 класы польскай школы і 7 – савецкай. Але вучылася ў вячэрняй, бо бацькі былі адносна багатымі. Яны ва ўласнасці мелі 25 га зямлі, 10 га лесу, 12 свіней, 6 кароў, 4 кані. Таму дзяўчыне даводзілася многа працаваць па гаспадарцы. На вучобу толькі і заставаўся цёмны час сутак. Але старалася, бо разумела: веды і ўменні за плячыма не носяць, у жыцці ўсё можа спатрэбіцца.
Пра пачатак вайны Вера даведалася ранкам 21 чэрвеня. Пра гэта сказаў бацька, які пачуў навіну на вуліцы. Панікі не было. Немцы ў іх в. Аўсто Івацэвіцкага раёна з’явіліся на наступны дзень. Нянавісць да захопнікаў і ўсведамленне трагізму становішча прыйшло да 17-гадовай дзяўчыны ў жніўні 1941 г. Неяк фашысты сагналі ўсіх жыхароў вёскі капаць акопы. На матацыкле побач праязджаў немец. Ён спыніўся, узяў у рукі тоўсты бярозавы кій і проста так, каб павесяліць сябе, стаў збіваць мужчын. Ніхто нічога зрабіць не мог, бо побач былі  наглядчыкі з аўтаматамі. Гэты выпадак пакінуў у юнай душы свой страшны след, рэзка змяніў яе светапогляд.
…Чэрвень 1942 г. У вёсцы, дзе жылі Завусцінскія, з’явілася 5 мужчын-расіян. Яны сталі агітаваць Веру быць у іх за  сувязную. Асабліва шчыраваў Аляксей Грушаеў, які вельмі сімпатызаваў дзяўчыне. Гэтае пачуццё было ўзаемным. Завусцінская нават падарыла хлопцу па яго просьбе сваю фотакартку, якую ён заўжды насіў ў кішэні гімнасцёркі ля сэрца. Вера, паддаўшыся ўгаворам, згадзілася. Неўзабаве атрымала заданне. Каб яго выканаць, трэба было 7 км ісці пешшу ў Івацэвічы. У горадзе дзяўчына ўбачыла жудасны малюнак: на шыбеніцы віселі хлопцы. Ад гэтага стала вельмі дрэнна, і яна падалася назад, не выканаўшы таго, дзеля чаго сюды  прыйшла. Праз некалькі дзён пасля гэтага Аляксей з сябрамі пайшоў на заданне. Па дарозе яны натрапілі на засаду. Юнака не стала. Швагерка  ад аднаго паліцая даведалася (ён прагаварыўся),  што ў гімнасцёрцы забітага знайшлі фотаздымак Веры. “Хай рыхтуецца, – сказаў той, – прыйдуць заўтра і па яе. Будзе разам з любым навек”. Дома заставацца больш ні хвіліны нельга было. Партызаны вечарам таго ж дня прыехалі і забралі Завусцінскую да сябе. Было гэта ў жніўні 1942. Група, дзе апынулася Вера, налічвала 20 чалавек,  з іх толькі трое дзяўчат. Хутка яна ра­зам з іншымі ўлілася ў партызанскі атрад “Савецкая Бе­ларусія” брыгады імя Панамарэнкі Брэсцкага злучэння. Пачалося зусім новае жыццё. Партызаніла Вера Мікалаеўна  аж да ліпеня 1944 г. на тэрыторыі Брэсцкай і Гродзенскай абласцей. За два гады выдатна навучылася ездзіць вярхом на кані, страляць з пісталета, вінтоўкі, аўтамата і кулямёта. Але найбольш ёй падабаўся карабін, які быў заўжды пры сабе.
– Я любіла рызыку, – успамінае Вера Завусцінская, – таму часта сама прасілася на заданне. Варыць, смажыць – гэта было не для мяне. Вось дай мне пастраляць!..  Заўжды чамусьці хацела быць там, дзе цяжэй, небяспечней. Здавалася, што з даручаным найлепш магу справіцца толькі я. Спалі ў зямлянках, недаядалі. І былі здаровымі.
– Што, так нічым і не хварэлі за гады вайны? – цікаўлюся я.
– Не! – усміхаецца Вера Мікалаеўна. – Былі загартаванымі. Праўда, адзін раз на тыф амаль месяц вельмі цяжка хварэла. Думала, што не выжыву.  А так больш нічым. А яшчэ дапамагала ва ўсім сапраўдная дружба, узаемадапамога і павага адзін да аднаго. Апошняю скарынкаю дзяліліся з сябрамі. У нас не існавала ніякай зайздрасці. Была толькі адна мэта: разграміць ненавіснага ворага і хутчэй вярнуцца да мірнай і стваральнай працы. Сярод нечалавечых умоў існавання так хацелася быць каханай і кахаць.
Быў у жыцці Веры Мікалаеўны Завусцінскай і яшчэ адзін выпадак, калі яна знаходзілася на валасок ад смерці.
– Неяк наша група атрымала заданне ўзарваць фашысцкі эшалон, – успамінае Вера Мікалаеўна. – Паблізу аднаго з хутароў мы былі ў засадзе. Хлопцы заўважылі, што ў наш бок ідзе паранены немец з забінтаваным правым вокам. У пілотцы ён нёс яйкі. Мужчыны вырашылі яго застрэліць. Я была супраць гэтага і чамусьці стала прасіць адпусціць салдата. Аргументавала тым, што калі нават і заб’ем аднаго захопніка, то вайна на гэтым не скончыцца. З ворагам трэба ваяваць на полі бою. Я добра запомніла яго збялелы твар. Немца адпусцілі. Пасля таго, як узарвалі эшалон з тэхнікай і салдатамі, мы аб’ядналіся  яшчэ з адной такой жа, як наша, групай. Сталі разам (12 чалавек) прабірацца ў атрад. Але немцы хутка акружылі месца аперацыі. Пачалася аблава. Разумелі: шанцаў выжыць зусім мала. Вырашылі прарывацца, каб нас жывымі не маглі ўзяць фашысты. Для гэтага неабходна неяк неўпрыкмет перабрацца праз чыгуначны насып, які добра ахоўвалі захопнікі. Выбралі месца, дзе бліжэй да чыгункі падступаюць кусты і высокая трава. Вартавы, праходзячы міма, заўважыў нас. Ён наставіў у наш бок аўтамат. Мой позірк і яго на нейкі момант сустрэліся. Я ўскрыкнула: гэта быў той самы немец, якога мы пакінулі ў жывых некалькі гадзін назад. Мы ўсміхнуліся адзін аднаму. Нямецкі салдат азірнуўся па баках і паказаў рукою,  каб мы па аднаму хутка перабіраліся праз чыгунку.
Я часта думаю пра гэтае здарэнне, аналізую. А некалькі год назад узнікла думка напісаць ліст у праграму “Чакай  мяне”, каб знайсці таго чалавека, немца (калі ён яшчэ жывы), што падарыў мне жыццё. Як склаўся яго лёс? Ці вярнуўся дадому?
– Вера Мікалаеўна, а што на вайне самым страшным было для вас?
– Смерць блізкіх людзей. Асабліва, калі яны паміраюць на тваіх руках, і ты ўсведамляеш, што нічым ужо дапамагчы не можаш. Партызанам у апошнія хвіліны зямнога жыцця не хапала простай чалавечай ласкі і добрага, шчырага слова. Многія цяжкапараненыя прасілі перад смерцю, каб я  паклала ім пад галаву сваю руку. І яны закрывалі вочы,  супакойваліся. Іх твары ў такія моманты свяціліся нейкім незвычайным святлом і радасцю. З усмешкаю на вуснах салдаты пакідалі гэты свет…
Мікалай Навумчык.

На здымку: партызанка Вера Мікалаеўна Завусцінская.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий