Першынство Маларыцкага раёна па більярдзе
У мінулыя выхадныя прайшло першынство Маларыцкага раёна па більярдзе ў асабістым заліку сярод мужчын. За званне мацнейшага більярдыста раёна ў фінальным этапе спаборніцтваў змагалася дзесяць аматараў гэтай гульні. Першынство праводзілася па дзеючых правілах гульні ў більярд “Свабодная піраміда” (алімпійская сістэма, да двух паражэнняў). Яго арганізатарам стаў Маларыцкі раённы фізкультурна-спартыўны клуб пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, а таксама – Маларыцкай ЖКГ.
– Гульня ў більярд на сённяшні дзень, на жаль, не вельмі папулярная сярод маларытчан, – гаворыць галоўны сакратар спаборніцтваў Алена Дзімітрава. – Паганяць шары ў кампаніі сяброў, знаёмых – не толькі выдатны адпачынак, але і добрая спартыўная трэніроўка. Ігракі за час гульні праходзяць вакол стала некалькі кіламетраў, а каб зрабіць добры ўдар па шарах, трэба трапнае вока і моцныя рукі. Акрамя таго, більярд – цікавая інтэлектуальная гульня. Падчас яе выпрацоўваюцца такія якасці характару, як псіхалагічная ўстойлівасць, вытрымка, уменне засяроджвацца і стрымліваць свае эмоцыі, цярпенне.
Пераможцам першынства Маларыцкага раёна па більярдзе ў асабістым заліку сярод мужчын стаў Уладзімір Алесік (Маларыцкая раённая ветэрынарная станцыя). Другое месца ва ўпартай барацьбе заняў Ілья Чыкіта (індывідуальны прадпрымальнік), трэцяе – Андрэй Мантураў (Маларыцкая ЖКГ).
Мікалай НАВУМЧЫК.