“З Чарапаўца — у Маларыту” Ірына Каламеец

У музычнага кіраўніка ясляў-сада №2 Маларыты Ірыны Каламіец з’явілася вольная хвілі­на. Падрыхтаваўшы ўсё неабходнае да наступнага занятку, яна прысела ля акна і глянула ўдаль. Сонечны промень нечакана скрозь шыбу скочыў на руку, ціхенька прабег па ёй, потым далікатна, нібы нешта папраўляючы, пагладзіў валасы і за­казытаў па шчацэ. Ад цёплага судакранання Ірына Мікалаеўна раптам усміхнулася. Перад яе вачамі нечакана паўстаў яскравы малюнак дзяцінства. Ірына Каламіец выразна ўявіла шчаслівы і бесклапотны час. Бацька вяртаецца з працы. Як толькі ён пераступае парог, яна, гарэза і непаседа, кідаецца да яго. Бацька падкідвае дачку некалькі разоў уверх, а потым  прытульвае моцна да грудзей,  цёплаю рукою гладзіць валасы, цалуе…  Дзяўчынка аж  заходзіцца ад шчасця!

Думкі Ірыны Каламіец мімаволі пераключаюцца на бацьку. І хоць яго ўжо некалькі гадоў няма на гэтым свеце,  але жанчына шмат думае пра дарагога яе сэрцу чалавека,  успамінае такія простыя, але мудрыя не раз некалі сказаныя і паўтораныя словы: “Памятай, дачушка, Радзіму не выбіраюць і не купляюць. Яна – адна! У кожнага чалавека глыбока цепліцца ў сэрцы дзіўная і жыццядайная любоў да свайго краю, да родных мясцін. Кожны павінен любіць сваю Бацькаўшчыну незалежна ад велічыні і хараства яе прыроды, ад яе багацця і славы,  ад таго дабрабыту, які яна дае. Радзіма,  як і маці, – словы святыя,  неацэнны скарб”.

Сэрца чалавека заўсёды імкнецца на гістарычную радзіму продкаў. Бо з гэтым месцам яно генетычна звязана, прывязана сотнямі нябачных нітак. Рана ці позна, але гэта напамінае пра сябе. Сум, бывае, становіцца невыносным, балючым, нясцерпным, настолькі моцным, што чалавек мае патрэбу кінуць усё і накіравацца ў дарогу,  каб пабываць на радзіме сваіх продкаў, на поўныя грудзі дыхнуць водарам яе палёў, лясоў, лугоў.  Так было і з Ірынай Каламіец, якая 30 гадоў пражыла ў Расіі, але вярнулася на гістарычную радзіму сваіх бацькоў, да сваіх вытокаў.

З Маларытчыны родам

Мікалай Сакалюк, бацька Ірыны Каламіец, нарадзіўся і вырас у в. Ляхаўцы. Затым яго лёс закінуў на працу ў г.Чарапавец Валагодскай вобласці Расіі. Падчас летняга адпачынку  Мікалай Карпавіч  прыязджаў у вёску да бацькоў, дапамагаў ім па гаспадарцы. Аднаго разу з сябрамі ён пайшоў у мясцовы клуб на танцы. Тут юнак убачыў прыгожую незнаёмую дзяўчыну,  адразу зацікавіўся ёю. Вясковыя хлопцы патлумачылі, што гэта іх новая фельчарка,  якая нядаўна прыехала на працу па размеркаванні. Цяпер яна працуе ў мясцовым ФАПе. Мікалаю Сакалюку дзяўчына спадабалася з першага погляду,  і ён вырашыў падысці, каб пазнаёміцца.

Адпачынак заканчваўся,  але Мікалай зусім не хацеў ад’язджаць у далёкі горад. Яго сэрца было з Наталляй, маладой фельчаркай. Закаханых збліжалі пісьмы, якія ляцелі з Маларытчыны за 2 тысячы кіламетраў у Чарапавец і назад. Праз год Мікалай Сакалюк вярнуўся ў Ляхаўцы і ўзяў шлюб з “доктаркай”. Наталля Іванаўна з мужам паехала на пастаяннае месца жыхарства ў Расію. У Чарапаўцы ў Мікалая Карпавіча было сваё жыллё. Неўзабаве ў маладой сям’і нарадзілася Ірына. Пазней Наталля Іванаўна некаторы час працавала медсястрой, а пасля ўладкавалася ў дзіцячы сад. Там яна  25 гадоў шчыравала выхавальніцай, а апошнія 10 гадоў перад выхадам на заслужаны адпачынак была загадчыцай гэтай дашкольнай установы.

Сум па беларускай красе

Ірына Мікалаеўна расла паслухмяным і адказным дзіцём. Вучылася старанна,  наведвала  некалькі разоў на тыдзень заняткі ў музычнай школе, цудоўна іграла на фартэпіяна. Яна марыла стаць педагогам.

– Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіла вучыцца ў Чарапавецкі дзяржаўны ўніверсітэт, каб набыць спецыяльнасць настаўніка пачатковых класаў і музычнага кіраўніка, – гаворыць Ірына Каламіец. – На трэцім курсе выйшла замуж. Атрымаўшы дыплом, на працу пераехала ў г. Ізабільны Стаўрапольскага краю. Тут уладкавалася ў вайсковую часць  інструктарам па рабоце з сем’ямі веннаслужачых і грамадзянскім персаналам. Адначасова паступіла вучыцца ў Інстытут дружбы народаў Каўказа, каб набыць спецыяльнасці псіхолага і педагога сацыяльнага. На Стаўраполллі ў нас нарадзілася Лізавета. Так склаліся абставіны, што, пражыўшы там тры гады, мы вырашылі вярнуцца назад, у Чарапавец.

Аднак жыццё склалася так, што пражыўшы ў Расіі 30 гадоў, яна пераехала ў Беларусь. Спачатку быў Брэст, а пасля лёс яе закінуў на Маларытчыну.

– Ірына Мікалаеўна,  ці не рызыкоўна было асмеліцца на пераезд? Напэўна, у вас было куды і да каго ехаць? Пакідаць жа наседжанае і абжытае месца  заўсёды няпроста.

– Маё рашэнне пераехаць на пастаяннае месца жыхарства ў Беларусь было ўсё ж  такі абдуманым. Яно ўзнікла не адразу, а выспявала паступова. На гэта існавалі свае прычыны. На Маларытчыне  я не раз за сваё жыццё  была да гэтага. Падчас летніх канікул прыязджала праведаць бабулю і дзядулю. Мясцовыя краявіды вабілі мяне, прыцягвалі сваёй чароўнасцю. Былі на Маларытчыне ў мяне і сяброўкі, а таксама радня бацькоў. Сябе чужой тут ніколі не адчувала. Беларуская гасціннасць вядома ў свеце. У мяне было прадчуванне,  што некалі ўсё ж  такі буду жыць у Маларыце ў  сваім доме.  Што мяне яшчэ падштурхнула на пераезд? У пэўнай ступені – маё першае каханне. Такое трапяткое, глыбокае, шчырае. Гэтае пачуццё з Віктарам Васільевічам мы здолелі захаваць і пранесці праз усё сваё жыццё. Калі людзям наканавана лёсам быць ра­зам,  то гэта рана ці позна абавязкова  будзе. Ні адлегласць,  ні граніцы,  ні час не стануць  перашкодай.

На Беларусі Ірына Каламіец па-сапраўднаму стала адчуваць сябе шчаслівым чалавекам. Побач каханы муж, трое дзяцей – Лізавета,  Андрэй, Сафія – свой дом, радня, любімая работа. Важным для Ірыны Мікалаеўны з’яўляецца і тое, што яна не так даўно атрымала грамадзянства Рэспублікі Беларусь. А гэта дае ёй ужо  права лічыцца паўнавартасным жыхаром краіны.

– Хоць “стаж” жыхаркі Маларыты пакуль не такі і вялікі, але мне здаецца, што тут пражыла ўсё  сваё жыццё, – гаворыць Ірына Каламіец. – На кожным кроку ўсё, здаецца, такое блізкае, роднае і дарагое сэрцу. Каб гэта зразумець, трэба шмат гадоў пажыць у далечыні ад гэтых  мясцін, на чужыне. Жыць на зямлі сваіх продкаў – сапраўднае шчасце. Трэба ўмець цаніць тое, што ёсць.

– Не шкадуеце, што Чарапавец памянялі на Маларыту?

– Хвіліны настальгіі ўсё ж  такі зрэдку бываюць. Амаль трыццаць гадоў жыцця бясследна прайсці не могуць. Чарапавец – горад, у якім пражывае больш за 315 тысяч чалавек. Ён унікальны па-свойму,  са сваёй багатай гісторыяй, традыцыямі,  ладам жыцця. Аднак мне заўсёды хацелася жыць у невялікім, спакойным, ціхім, утульным горадзе, дзе можна было б прагуляцца па вуліцах, пасядзець і пагаварыць са знаёмымі ў парку ці скверы, у любы час сутак выйсці ва двор і падыхаць свежым паветрам. Маларыта – гарадок еўрапейскага ўзроўню з размераным ладам жыцця. Ён адпавядае маім крытэрыям і ўяўленням пра такі населены пункт.

Хочацца  проста жыць і радавацца кожнаму наступнаму дню, сустракацца з людзьмі на вуліцы,  з суседзямі, бачыць усмешкі на іх тварах,  дзяліцца з імі сваімі радасцямі жыцця. Усё гэта стварае адчуванне карэннай маларытчанкі.

Безумоўна, хацелася б зноў наведаць горад майго маленства. Магчыма, калі-небудзь пабываю там зноў. Між   іншым,  мая маці,  пражыўшы  больш за сорак гадоў у г.Чарапавец, таксама вярнулася ў Беларусь. Цяпер яна жыхарка Брэста.

…Пачуліся дзіцячыя галасы. Ма­лыя гурбою спяшаліся на музыч­ны занятак. Ірына Каламіец,  усміхнуўшыся, накіравалася сустракаць сваіх выха­ванцаў,  каб далучаць іх да чароўнага свету музыкі.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий