Маларытчына – этнаграфічны рай

Маларытчына – край таленавітых людзей. Тое, што створана на гэтых землях, зацікавіла ўжо не аднаго спецыяліста. Спрадвеку на Маларытчыне развівалася матэрыяльная і духоўная культура, якая дасягнула сваіх вышынь. На жаль, гісторыя нам не захавала імёны самых таленавітых продкаў. Хоць, зрэшты, самародкам быў, напэўна, не адзін жыхар Маларытчыны. Пра гэта сведчаць экспанаты ў музеях, якія захоўваюцца ва ўстановах адукацыі раёна і раённым Цэнтры народнай творчасці, а таксама яшчэ зберагаюцца памяццю тых, хто нарадзіўся ў мінулым стагоддзі. Аднак адно імя з гэтай кагорты ўсё ж такі варта ўзгадаць. Гэта – наша сучасніца Сцепаніда Сцепанюк з вёскі Дарапеевічы.
Жанчыне ўжо 76. Раённая газета пісала пра яе ўжо не раз. Але з’явілася нагода, каб зноў расказаць пра Сцепаніду Аляксееўну. Ды і не толькі пра яе.
У мінулым годзе пра народную майстрыху, лепшую ткачыху раёна вытворча-творчае рэспубліканскае прадпрыемства “Беларускі відэацэнтр” зняло 13—хвілінны хранікальна-дакументальны фільм “Узоры лёсу”. У ім расказваецца пра матэрыяльна-духоўную спадчыну Маларытчыны.

Аўтэнтычны фальклор
Нядаўна нацыянальны тэлеканал “Беларусь-2” пабываў у Дарапеевічах. Тут здымалася адна з праграм праекта “Наперад у мінулае”. Галоўнай гераіняй яе зноў стала Сцепаніда Сцепанюк.
-Не, – кажа Сцепаніда Аляксееўна, – для праграмы спявала я не адна. Мне дапамагала выводзіць Ніна Сцепанюк, мая лепшая сяброўка, кума. З Нінай Фёдараўнай мы спяваем дуэтам ужо, здаецца, 50 гадоў.
-Праграма “Наперад у мінулае” выходзіць штотыдзень на тэлеканале “Беларусь-2” па суботах пасля абеду, а ў сераду зранку яна паўтараецца, – расказвае Валянціна Струнец, дырэктар раённага Цэнтра народнай творчасці. – Творчая група перадачы з кімсьці з сучасных артыстаў накіроўваецца ў пэўны рэгіён. Там бабулі, самадзейныя артысткі, выконваюць некалькі народных песень. Адна з іх, тая, што найбольш спадабаецца, выбіраецца, і на яе ствараецца сучасная аранжыроўка ў творчай манеры выканаўцаў. Адначасова Анатоль Дзямянка, мясцовы жыхар, расказвае пра адметнасці і асаблівасці свайго населенага пункта. У канцы праграмы ўвазе гледачоў прадстаўляецца новая версія народнай песні ў выкананні сучаснага спевака.
Сцепаніда Аляксееўна і Ніна Фёдараўна паказалі здымачнай групе своеасаблівы аўтэнтычны міні-канцэрт. Яны праспявалі 9 песень і прыпеўкі на мясцовай дыялектнай мове. Спеваку Віталю Пракаповічу асабліва запомнілася і спадабалася песня “Свяці, месячык”. Яе аранжыроўку зрабіў Юрый Вашчук, адзін з вядучых праграм.

Караваю, мой раю…
Нядаўна на Брэстчыне прайшоў міжнародны семінар “Захаванне традыцый і развіццё новых відаў народных промыслаў (рамёстваў) у сучасных умовах фарміравання нацыянальнай культуры і стварэння асобных турыстычных зон”. У ім актыўны ўдзел прынялі прадстаўнікі Маларытчыны.
У Ганцавічах адбылося некалькі цікавых мерапрыемстваў. У свяце абрадавага печыва “Караваю, мой раю…” Сцепаніда Сцепанюк прэзентавала 5-кілаграмовы каравай. Згодна з традыцыяй, вясельныя караваі выпякаліся асобна для маладога і маладой. Сцепаніда Аляксееўна на выставу прывезла сімвал вяселля, які выпякаўся ў печы ў доме жаніха. Гэты працэс няпросты і працаёмкі, бо патрабуе ўмення, майстэрства і навыкаў.
-Каб каравай спячы, трэба душою расцвісці, – пераканана Сцепаніда Аляксееўна, якая сакрэты хлебапячэння пазнала ў маленстве ад маці. – Упрыгожванне бохана пачынаецца яшчэ пры яго фарміраванні: з цеста, у якое соль не сыпалі, вырабляюцца кветачкі, каласкі, лісточкі… Кожная дэталь мела свой сэнс. Каравай, круглы па форме, абавязкова апаясваецца касой. Пры гэтым спявалі песні. Да яго ўпрыгожвання прыступалі толькі ў добрым настроі і абавязкова ў чыстым адзенні.
У Сцепаніды Сцепанюк каравай па перыметру быў аздоблены барвінкам, зверху – рагальчыкамі, якія абвешаны папяровымі кветкамі, пернікамі. Гэтае ўпрыгожванне называлася “садам”. Яго ў час падзелу каравая выкупалі госці жаніха. Ішоў гандаль. Хто больш грошай дасць, таму “сад” і даставаўся.
У Ганцавічах таксама адбылася выстава вясельнага пасагу “Сорак саракоў ручнікоў”. 54 ручнікі прад­ставілі прадстаўнікі Маларытчыны. Гэта – Валянціна Струнец, дырэктар РЦНТ, а таксама – Надзея Паўлаўна Сцепанюк (г.Маларыта) і Галіна Міхайлаўна Бенясюк (в.Хаціслаў).
Увазе наведвальнікаў Валянціна Струнец і Сцепаніда Сцепанюк паказалі яшчэ адну дзіўную рэч Маларытчыны: пасаг маладой.
– Гэта – звычайны куфар, – кажа Валянціна Мікалаеўна, – а ў ім усё тое, што раней неабходна было для маладой жанчыны. Куфар запоўнены поўнасцю, а ў ім – адзенне, плат, ручнікі, фартушкі, падушкі, прасціны, пацеркі, тканыя абрусы…

Рух зямлі
Маларыцкія калектывы, якія збіраюць і захоўваюць фальклорны матэрыял, падзяліліся сваімі творчымі набыткамі на семінары. Яны прынялі ўдзел у этнаканцэрце “Рух зямлі”. Усе выступленні самадзейных артыстаў прайшлі на “ўра”. Зачаравалі гледачоў паказаныя абрады: “Піліпаўскія вечары” (фальклорны ансамбль Дарапеевіцкага СДК); “Дажынкі” (фальклорны калектыў Пажэжынскага СДК); “Іванавы ягады” (дзіцячы клуб аматараў фальклору “Крынічка” Хаціслаўскага СДК).

Галасы Палесся
У Пінску адшумела-адгуло абласное свята майстроў народнай творчасці “Галасы Палесся”. На ім наш рэгіён быў прадстаўлены шырока. 10 народных майстроў выставілі на продаж амаль 600 сваіх рукатворных і непаўторных вырабаў. Госці маглі набыць сабе на памяць маларыцкія шэдэўры-сувеніры. У нашых майстроў можна было нават прайсці невялічкі майстар-клас па ткацкай справе ці кошыкапляценню.
Наколькі багатая на таленты маларыцкая зямля, паказала выстава творцаў і ўмельцаў. На ёй свае вырабы прадставілі: Сцепаніда Сцепанюк (ткацтва); Валянціна Струнец, На­дзея Сцепанюк, Галіна Бенясюк і Таццяна Шышук (вышыўка); Ала Назарук (саломапляценне); Святлана Луцык (бісерапляценне); Вольга Смаль (карункапляценне); Наталля Кавальчук (інкрустацыя саломкай); Іван Кардзялюк (лозапляценне).
Р.S. Творчая група праекта “Наперад у мінулае” таксама праводзіла здымкі і на беразе Лукаўскага возера . Мясцовыя самадзейныя спявачкі Алена Васільеўна Міцук і Надзея Сямёнаўна Абрамук выканалі 10 народных песень. Між іншым, праграмы з удзелам маларыцкіх артыстак гледачы маглі ўбачыць ужо ў чэрвені.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: Сцепаніда Сцепанюк са сваім караваем; удзельнікі этнаканцэрта “Рух зямлі” ад Маларытчыны.
Фота Валянціны СТРУНЕЦ.

Опубликовано в “ГЧ” 11.07.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий