Кветкавы куточак

Што рабіць чалавеку, які даўно ці нядаўна на заслужаным адпачынку, у цёплы ліпеньскі адвячорак? Калі дзеці ўжо даўно разляцеліся па свеце, калі ўсе справы за дзень зроблены-перароблены, калі ўсё перагаворана са сваім спадарожнікам жыцця?Чым заняцца ў такім выпадку? Напэўна, толькі адно: выйсці ў свой дворык, дзе пражыты не адзін год, і пагаварыць з суседзямі пра ўсё на свеце. Ці не таму ён і з’яўляецца такім дарагім для людзей на старасці гадоў. Невялічкі, але ўтульны і дагледжаны дворык. Такі, як, напрыклад, на вуліцы Піянерскай, 20.
Сімпатычная дваровая тэрыторыя адразу выклікала захапленне, як толькі яе ўбачыў. Усюды кветкі, розныя кветкі. Іх многа. Вырашыў палічыць колькасць найменняў, дык збіўся з падліку. Рознакаляровы дыван стракацеў неймаверным багаццем фарбаў. Гулі побач пчолы, недзе спявалі птушкі. Прыемны водар казытаў у носе, дыхалася лёгка. Чым не райскі куточак?
— Такую прыгажосць мы стварылі самі сваімі рукамі, — кажа Міхаіл Ляўчук. –Усё проста ды і затрат на гэта ідзе мала. Самае галоўнае – жаданне тых, хто тут жыве. Калі вакол чысціня і парадак, дык і настрой узнімаецца. За мной таксама замацавана пэўная тэрыторыя на клумбе (смяецца).
— У нашым доме пражывае недзе каля 30 чалавек, — падтрымлівае размову Людміла Ляўчук, — гэта ў асноўным пенсіянеры. На добраўпарадкаванне дворыка выходзяць многія, але асабліва шчыруюць Лідзія Тарасюк, Марыя Мусіна, Ніна Русавук, Марыя Уланава, Еўдакія Галенка, Іван Шыцікаў і іншыя. У каго ёсць вольны час, той і завіхаецца на клумбе.
Па словах Міхаіла Рыго­равіча, жыхары старшым па доме выбралі Барыса Мусіна. Ён і з’яўляецца адным з ініцыятараў добраўпа­радкавання тэры­торыі. Але многім жанчынам і падказваць не трэба: яны самі ведаюць, што, дзе, калі і як рабіць. Прыгажосць створана сваімі ж рукамі. Каб змяніць сваю дваровую тэрыторыю, дастаткова жадання. Грашовыя затраты нязначныя, а эфект вялікі.
— У нас такі ідэальны парадак з 2010 года, — гаворыць Міхаіл Ляўчук. – Як паклалі тратуарную плітку, дык і заняліся ўсур’ёз сваім дворыкам. Хоць ён і да гэтага часу меў належны выгляд. Дворык квітнее з ранняй вясны да позняй восені. На клумбе знайшлося месца самым розным кветкам: гартэнзіям, гладыёлусам, півоням, флёксам, рамонкам, вяргіням, хрызантэмам… Здаецца, амаль пад 20 відаў найменняў.
Жыхары дома № 20 па Піянерскай кветкавы аазіс стварылі самі і для сябе ў першую чаргу. Ніхто іх гэтым займацца не прымушаў. Проста ў людзей ёсць патрэба тварыць прыгажосць там, дзе жывуць. Вечарам на пасядзелкі ў дворык прыходзяць жыхары і з іншых дамоў. У суседзяў, іншых гараджан ён карыстаецца своеасаблівай папулярнасцю.
— Нам бы вось з гэтага боку, — паказвае Міхаіл Рыгоравіч рукой, — зрабіць яшчэ агароджу з веснічкамі, якія закрываліся б на ноч.Для чаго? Каб захаваць прыгажосць. А яшчэ нам, жыхарам, хацелася б паспаборнічаць з іншымі дваровымі тэрыторыямі горада на званне лепшага. Можа, ЖКГ такое і праводзіць, толькі нам, на жаль, пра гэта невядома. Такі конкурс ці агляд, безумоўна, паспрыяў бы павышэнню агульнай культуры гараджан. Думаецца, што мерапрыемства адначасова і эстэтычна выхоўвала б, зрабіла б горад яшчэ больш квітнеючым і прывабным для турыстаў. Варта над гэтым падумаць.
Р.S. А вось здымак з тымі, хто стварае прыгажосць дворыка, зрабіць не атрымалася, бо некаторых дома не было. “Калі і фатаграфавацца, дык разам усім, калектыўна, таму што ў адносінах да астатніх будзе несправядліва”, — казалі жыхары дома №20 па Піянерскай.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: так выглядае дваровая тэрыторыя дома №20 па вул. Піянерскай у райцэнтры.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 18.07.2012 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!