Спадчынны патэнцыял Хаціслава

У чарговы раз на гомельскай зямлі ў п. Акцябрскім сабраліся ўдзельнікі VII рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”. Зноў Рудабельшчына, маляўнічы рэгіён Беларусі, адметны сваімі народнымі мастацкімі традыцыямі, сабраў лепшых выканаўцаў народных побытавых танцаў, спецыялістаў і аматараў, знаўцаў і прыхільнікаў беларускага фальклору. Фестываль – вынік шматгадовай плённай працы кіраўнікоў фальклорных калектываў, якія вядуць карпатлівую работу па захаванні і аднаўленнні аўтэнтычнай спадчыны свайго народа. Ён даў магчымасць для творчых зносін і абмену вопытам, далучэння падлеткаў і моладзі да жыватворнай крыніцы народнай спадчыны.

У чатырохдзённай праграме фестывалю пашчасціла прыняць ўдзел і творчым калектывам нашага раёна: клубу аматараў фальклору “Крынічка” і народнаму ансамблю песні і музыкі “Хаціславяне” Хаціслаўскага сельскага Дома культуры пад кіраўніцтвам Галіны Хомік.
Шлях да конкурсу быў няпростым. Пачнем з таго, што ўмовы фестывалю вельмі складаныя, амаль невырашальныя. Напрыклад, удзельнікі аднаго дзіцячага калектыву павінны былі танцаваць, спяваць, іграць на музычных інструментах, чытаць прозу, байкі, легенды, а таксама ствараць вырабы з саломы, лазы, плесці паясы, вышываць сурвэткі і г.д., прадставіць выставу сваіх работ, прэзентаваць яе і мясцовы народны касцюм. Па выніках раённага і абласнога этапаў з гэтымі задачамі справіўся толькі калектыў “Крынічка” Хаціслаўскага СДК. Ён і пачаў рыхтавацца да рэспубліканскага конкурсу. Асабліва складана давялося кіраўніку Галіне Хомік, якая імкнулася знайсці творчую разыначку, паказаць добрае выканаўчае майстэрства, як мага шырэй раскрыць патэнцыял кожнага ўдзельніка, падабраць цікавы фальклорны матэрыял і належна адпрацаваць яго, уклаўшы ўвесь свой вопыт і талент. І трэба з задавальненнем адзначыць, многае ёй удалося.
Праграму фестывалю адкрыў конкурс пар-выканаўцаў народных побытавых танцаў. Ён праходзіў у тры этапы: адборачны тур, паўфінал, фінал. У турніры прымалі ўдзел 82 пары з усёй рэспублікі ў трох узроставых групах: 5-6, 7-8, 9-11 класы. У кожнай узроставай групе – свой набор танцаў, якія канкурсанты павінны былі вывучыць загадзя, згодна з умовамі конкурсу. Тут былі і вядомыя полька, кракавяк, падыспань, а таксама малавядомыя: матлёт, какетка, ці ў садзе, субота. І па камандзе вядучых пары выконвалі фрагмент любога з гэтых танцаў з адзіным музычным суправаджэннем у складзе ансамбля мясцовых музыкаў. Вось дзе было сапраўднае захапляльнае дзейства. Панавала надзвычай напружаная атмасфера. Але нашы артысты, хоць і не трапілі ў фінал, вельмі мужна і смела змагаліся, не разгубіліся. Прыемна, што і зала падтрымлівала канкурсантаў бурнымі авацыямі і шквалам апладысментаў. За выканаўчае майстэрства, смеласць і жаданне перамагчы хочацца падзякаваць танцавальным парам у складзе Арцёма Кірычука і Анастасіі Герасімук, Алега Тарасюка і Валерыі Бяльчук, Юрыя Лук’янчука і Дар’і Ківачук, Дзмітрыя Струнчука і Ганны Янчук, Віталія Галавія і Алены Кірычук, Андрэя Лук’янчука і Юліі Краўчук, Максіма Герасімука і Марыны Бяльчук, Сяргея Панамарэнкі і Ганны Круглей, Аляксандра Стасюка і Анастасіі Бяльчук. Усе танцавальныя пары былі ўзнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі.
Наступным этапам быў конкурс вакальнага майстэрства.
Дарэчы, наш мясцовы дыялект і адметнасць рэпертуару ўразіў як гледачоў, прысутных, так і членаў журы. Была выканана мясцовая народная песня пятроўскага абраду “Ой, ты зозулько рабокрісла”, дуэт у складзе Арцёма Кірычука і Алега Тарасюка праспяваў мясцовую песню “Калына-малына”, а салістка Марына Бяльчук прадставіла на конкурс купальскую песню “Ой, то пойду я по ягодкы”.
Не менш напружаным стаў і трэці дзень фестывалю. У намінацыях “Карагод”, “Мясцовы традыцыйны танец” з поспехам былі выкананы знакамітыя “Крывый танэць” і “Хотіславская дроботуха”, у намінацыях “Інструментальнае выка­нальніцтва” прадстаўлены народныя найгрышы і “Хотіславскі вытрыбэнькі” ў выкананні Аляксандра Стасюка, Юліі Краўчук, Ганны Круглей, Віктара Галавія, Марыны Бяльчук.
Вялікую цікавасць выклікала прэзентацыя выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якую па-майстэрску прадставілі Аляксандр Стасюк, Марына Бяльчук і ўсе ўдзельнікі конкурсу. Уразіла прысутных дэфіле-прэзентацыя ўнікальнага касцюма маларыцкага строю, які з’яўляецца нашай каштоўнай спадчынай. У конкурсах на лепшы выраб на працягу дзвюх гадзін трэба было вырабіць экспанаты: з саломы – птушку, з прыроднага матэрыялу – падстаўку для посуду, сплесці дзіцячы пояс, вышыць сурвэтку. З гэтымі задачамі паспяхова справіліся Ганна Круглей, Алена Кірычук, Дар’я Ківачук і Юлія Краўчук, за што дзяўчынкам хочацца сказаць вялікі дзякуй за дасканаласць і майстэрства.
У аглядзе-прэзентацыі аўтэнтычных гуртоў бліскуча выступілі “Хаціславяне” з фрагментам вясельнага абраду “Пярэзвы”, прадэманстраваўшы невычарпальны каларыт мясцовых песень, жартаў, прыпевак і танцаў, чым, безумоўна, адрозніваліся ад іншых гуртоў рэспублікі і заслужылі высокую ацэнку журы і гледачоў.
Кульмінацыяй фестывалю стала рэспубліканскае народнае свята “Рудабельскае Купалле” на беразе возера, асноўнымі момантамі якога былі: пляценне вяночкаў, купальскае шэсце, скліканне грамады, містэрыя купальскага агню, начная фальклорная этнадыскатэка з удзелам фальклорнага ансамбля “Талака” УА “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў” і фальклорнага гурта “Верас” Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі г.Мінска.
Падчас фестывалю ладзіліся сходы, пасяджэнні, дзе арганізатары і кіраўнікі калектываў мелі магчымасць абмеркаваць падзеі, устанавіць сяброўскія зносіны, абмяняцца думкамі па праблемах развіцця фальклорнага руху. Адбылося пасяджэннне “круглага стала” “Народная спадчына бацькаўшчыны: практыка і перспектывы жыццядзейнасці”.
Наогул, у конкурснай праграме фестывалю прынялі ўдзел 14 дзіцячых і 8 дарослых фальклорных калектываў з усіх абласцей рэспублікі, а таксама замежныя калектывы: фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Свети Цвет” Ніжагародскага раёна, народны калектыў “Очелье” з г. Пскова і беларускі фальклорны ансамбль “Кірмаш” з г. Масквы (Расія), а таксама народны фальклорны ансамбль “Жива вода” з г. Палтавы (Украіна).
Не менш прадстаўнічым быў і савет экспертаў фестывалю. У склад журы ўваходзілі: Мікалай Аляксеевіч Козенка, навуковы і мастацкі кіраўнік Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”; Мікалай Рыгоравіч Дудчанка, балетмайстар-пастаноўшчык дзяржаў­нага заслужанага харэа­графічнага ансамбля “Харошкі”, дацэнт кафедры рэжысуры УА “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў”, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь; Юрый Аляксандравіч Піскун, дацэнт кафедры касцюма і тэкстылю ДзУА “Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў”; Уладзімір Міхайлавіч Гадоўскі, загадчык кафедры харэаграфіі Ровенскага дзяржаўнага гуманітарнага ўніверсітэта Украіны; Ірына Сцяпанаўна Папова, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі(акадэміі) імя М.А. Рымскага-Корсакава; Вячаслаў Віктаравіч Калацэй – загадчык кафедры этналогіі і фальклору УА “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў”, і іншыя.
І, нарэшце, пра ўзнага­роды. Па рашэнню журы дыплом лаўрэата фестывалю і каштоўны падарунак (мікрахвалевая печ) атрымаў ансамбль “Хаціславяне” за захаванне і папулярызацыю культурнай спадчыны. Дзіцячы клуб “Крынічка” ўзнагароджаны дыпломам 1-й ступені і каштоўным падарункам (пыласос) за зберажэнне рамесніцкіх традыцый свайго краю ў намінацыі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”, а таксама дыпломам і каштоўным падарункам (набор посуду) за перайманне і захаванне традыцый мастацкай культуры свайго краю.
Выказваем шчырую па­дзяку кіраўніку калектываў Галіне Хомік, хаціслаўскім самадзейным артыстам і ўсім, хто садзейнічаў гэтаму поспеху, за захаванне нацыянальных набыткаў, адданасць фальклорнаму мастацтву і падораную асалоду сустрэчы з цудоўным. Жадаем далейшага паспяховага плёну і яскравых памятных падзей!
Наталля ГАЛАВІЙ, дырэктар раённага метадычнага Цэнтра.
НА ЗДЫМКУ: хацісла­вяне ў час фестывалю “Берагіня”.
Фота аўтара.

Опубликовано в “ГЧ” 18.07.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий