Лекі для душы

У нашым жыцці, на жаль, не заўсёды ўсё складваецца так, як нам хочацца. Бывае, здараецца нешта, што можа выбіць нас са звыклага ладу жыцця. У такія не самыя лепшыя моманты кожны з нас стараецца знайсці нейкі ратунак. Знайсці лекі для душы. Маладая жанчына Вікторыя Цяліпка з Маларыты са смуткам у вачах прызнаецца, што яе жыццё не заўсёды было напоўнена яркімі колерамі. Здаралася, калі яно нібы выпрабоўвала Вікторыю на стойкасць і моц духу. І менавіта тады жанчына ўспомніла аб тым, што неяк раней вышывала, і вырашыла паспрабаваць зноў. Паспрабаваўшы, зразумела, што гэта і ёсць яе выратаванне, яе лекі для душы. “Вышываць мяне вучыла мама, калі я яшчэ ў школу хадзіла, – расказвала жанчына, – але тады гэта не надта мяне цікавіла, і ў хуткім часе ўсё гэта я закінула. А ўспомніць пра іголку з ніткай мяне прымусілі абставіны. Гэта было 6 год назад. У той час я сядзела ў водпуску па догляду за малодшым сынам, а неўзабаве пачаліся праблемы ў сям’і з мужам. У хуткім часе мы развяліся. Безумоўна, гэта быў асабліва цяжкі час у маім жыцці, але менавіта вышыванне падтрымлівала мяне маральна”. З таго часу Вікторыя ўжо і не ўяўляе свайго жыцця без вышывання. Спачатку жанчына вышывала зусім простыя малюнкі, а пасля вырашыла паспрабаваць нешта больш складанае – карціны. Адразу гэта былі маленькія карціны, але з цягам часу яны станавіліся ўсё большымі. “Вышыванне – гэта маё, – прызнаецца Вікторыя, – у гэтым я, можна сказаць, знайшла сябе. Працэс вышывання мяне заспакойвае, прыводзіць мае пачуцці і думкі ў парадак. Нават бывае такое, што я адключаю ўсе тэлефоны, бяру іголку і, як я кажу, паглыбляюся ў сябе. Усе свае працы дома я не трымаю. Дару іх, калі бачу, што яны сапраўды некаму падабаюцца. А ў апошні час родныя, знаёмыя, сябры сталі нават самі заказваць, што ім вышыць. Мне вельмі падабаецца вышываць, і вышываю я ў асноўным яркімі ніткамі, таму што цёмных колераў хапае, на жаль, і ў жыцці”. Вікторыя не толькі цудоўна вышывае, але яшчэ і шые, крыху малюе, пячэ, а самае галоўнае – яна маці. Мама двух цудоўных хлопчыкаў – Сяргея і Жэні. Дарэчы, хлопчыкі небыякавыя да мамінага захаплення і нават самі прасілі ў яе, каб яна вышыла ім дэльфіна. Жанчына прызнаецца, што кожны раз, пачынаючы вышываць карціну, яе адольвае азарт, які з ёй на працягу ўсёй працы. А вось вышываць тое, што некалі ўжо вышывала, Віка не любіць. Але ўсё роўна ўпэўнена, што кожны раз адна і тая ж карціна можа атрымацца па-рознаму, бо кожны раз у майстра новы настрой. “Палатно, ніткі, іголка адчуваюць той настрой, тую энергетыку, з якой ты бярэшся за справу, – упэўнена Віка. – Калі я сябе дрэнна адчуваю, то наадварот бяруся за вышыванне, яно мяне супакойвае. Вышыванне ўвогуле стала часткай майго жыцця. Думаю, ніколі не пакіну гэтым займацца”. Дарэчы, на дасягнутым Вікторыя спыняцца не збіраецца. У яе планах зараз паспрабаваць вышываць іконы. Але да гэтага, як кажа сама Віка, патрэбна быць гатовым, разумець, што гэта на самой справе табе патрэбна. Калі чалавек мае захапленне, то гэта, безумоўна, добра. Ну, а што ж казаць, калі гэтае захапленне яшчэ прыносіць чалавеку радасць і дапамагае жыць? Увогуле цудоўна! Гавораць, што шчаслівы той, хто знайшоў у сваім жыцці любімую справу. Вікторыя Цяліпка такую справу сапраўды знайшла, і гэтая справа радуе не толькі яе, але і іншых людзей. Упэўнена, захапленне Вікі дапаможа ёй у жыцці знайсці і сваё жаночае шчасце. Тады, напэўна, яскравымі фарбамі будуць напоўнены не толькі яе карціны, але і ўвогуле яе жыццё.
Анастасія Максімук.
На здымку: Вікторыя Цяліпка са сваімі вышыўкамі.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано в “ГЧ” 1.08.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий