У Маларыцкім раёне нарыхтоўваюць мёд, сабраны з вясенніх і летніх меданосаў
У Маларыцкім лясгасе нарыхтоўваюць таварны мёд, сабраны з вясенніх і летніх меданосаў.
– Мядовы цэх лясгаса – гэта пяць пчальнікоў (“Міхерова”, “Хмелішча”, “Замшаны”, “Макраны” і “Мелавая гара”) і сто пяцьдзясят пчоласямей (кожная з іх налічвае да 80 тысяч насякомых), – гаворыць намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Людміла Губей. – Пчальнікі ў нас невялікія, але прадуктыўныя. Вытворчасць мёду для Маларыцкага лясгаса – крыніца дадатковага даходу. Якасны лясны мёд заўсёды папулярны і прыносіць пэўны прыбытак. Між іншым, у мінулым годзе ў лясгасе нарыхтавана 2,5 тоны мёду. Ён цалкам быў рэалізаваны насельніцтву. Між іншым, сёлета кошт аднаго кілаграма мёду будзе складаць недзе дзесяць рублёў дзесяць капеек. Што тычыцца плана яго нарыхтоўкі на “пчаліны сезон” 2021г., то ў лясгасе ён прыкладна такі ж, як і ў мінулым годзе.
– Нарыхтоўка мёду не заўсёды прадказальная справа, – кажа пчаляр лясгаса Мікалай Бурштын. – Калі надвор’е спрыяе і рацыён у пчол разнастайны, то з пчальніка можна атрымаць шмат кілаграмаў мёду. Аднак жа можа быць засушлівая летняя пара, ды і хваробы могуць атакаваць пчол. Зрэшты, каб сабраць добры “ўраджай” мёду, неабходны і адпаведныя вуллі, пароды насякомых, належны догляд. Праца пчаляра не з лёгкіх, занятак працаёмкі. Яна мае шмат тонкасцяў і нюансаў. Трэба, напрыклад, ведаць, дзе лепш размясціць вуллі, як правільна выбраць месцы для пчальніка… Як і ў любой прафесіі, у нас, пчаляроў, ёсць свае фірменныя сакрэты.
Мікалай Бурштын ужо амаль дзесяць гадоў працуе ў лясгасе пчаляром. Пра пчол, напэўна, ён ужо ведае ўсё ці амаль усё. Можа падоўгу расказваць, як трэба рыхтаваць пчол да зімоўкі, як іх даглядаць. Мікалай Іванавіч упэўнены: каб стаць прафесіяналам у сваёй справе, неабходна самому прайсці школу пчалярства. Адна справа прачытаць пра пчол нешта ў газетным, часопісным артыкуле ці інтэрнэце, зусім іншая – ажыццявіць, паспрабаваць гэта на практыцы. Сваім настаўнікам, у якога шмат чаму навучыўся, Мікалай Іванавіч лічыць Уладзіміра Русавука, які ў лясгасе адпрацаваў больш за 30 гадоў. У яго пераймаў неабходныя веды пра пчол, уменні, навыкі. Было і так, што сутыкаўся з пэўнымі клопатамі і няпростымі сітуацыямі, якія лёгка можна спраецыраваць на пчальнік любога гаспадара, вучыўся на ўласных памылках. У Мікалая Іванавіча ёсць аднадумцы, з якімі ён любіць сустракацца, абменьвацца інфармацыяй, а пчаляры-пачаткоўцы едуць да яго пераймаць вопыт.
Мікалай Бурштын вырас у сям’і лесніка. Яго бацька на гэтай пасадзе працаваў 15 гадоў. Ён не раз казаў сыну: “Вывучышся, будзеш разам са мной працаваць у лесе”. Хлопец быў не супраць звязаць свой лёс з гэтай прафесіяй. Аднак паступіў вучыцца ў Краснабярэжскі саўгас-тэхнікум (Жлобінскі раён Гомельскай вобласці, цяпер гэта – дзяржаўны аграрны каледж). Набыўшы спецыяльнасць “Агранамія”, на першае месца працы малады спецыяліст прыехаў у калгас “Новы шлях” (в.Ляхаўцы).
– Вірлівае жыццё часта непрадказальнае, – гаворыць Мікалай Бурштын. – Яно ўнесла свае карэктывы ў мае планы. І праз колькі год я, як і прадбачыў бацька, усё ж такі ўладкаваўся на працу ў Маларыцкі лясгас. Хоць і не стаў лесніком, але з лесам цяпер цесна звязаны.
Мы накіроўваемся на пчальнік “Мелавая гара”. Цяпер тут “прапісана” 20 пчаліных сямей. Мікалай Бурштын праводзіць са мной невялікі лікбез, тлумачыць, што важна ставіць вуллі не шчыльна, каб пчолы не пераблыталі свае хаткі. Бо калі ў вулей заляціць “чужая” пчала, яе там заб’юць…
І вось мы прыехалі да месца назначэння. Мікалай Бурштын апранае сам і дае мне апрануць спецыяльную “экіпіроўку” –куртку ахоўную і капялюш з сеткай. На ўсякі выпадак: каб не пакусалі пчолы.
– Перш чым адчыняць вулей, трэба выканаць некалькі правілаў, – гаворыць Мікалай Іванавіч. – Побач з роем пчол нельга гучна размаўляць і рабіць рэзкія рухі, нельга станавіцца насупраць уваходу ў вулей, вопратка не павінна быць цёмнай. Пчолы таксама не пераносяць і рэзкіх пахаў.
Мікалай Бурштын бярэ ў рукі дымар, адкрывае крышку вулля, дастае рамку, запоўненую свежым мёдам. Рамка з сотамі, якую адбудавалі пчолы, называецца суш. З самага пачатку ставіцца толькі вашчына – пласт з воску. Пчолы ядуць мёд, перапрацоўваюць яго і вакол вашчыны будуюць з воску соты. Дарэчы, з адной рамкі можна атрымаць да двух кілаграмаў мёду. З запоўненых рамак трэба пастаянна здабываць мёд. Раней гэта рабілася ўручную, цяпер жа – з дапамогаю электрычнай медагонкі.
– Самы ж карысны мёд – свежаўзяты, яшчэ ў сотах, – кажа пчаляр. – Пчолы даюць таксама і мноства іншых лекавых прадуктаў. Калі правільна іх ужываць, можна вылечыць усе хваробы. Кажуць, што мёд і пропаліс дапамагаюць адолець і COVID-19. Хоць сам пра гэта не чытаў.
– Мікалай Іванавіч, чым для вас з’яўляецца пчалярства?
– Пчалярства – справа тонкая і далікатная, патрабуе пільнасці, уважлівасці. Для мяне яна – захапляльны і цікавы занятак, які выпрацоўвае працалюбства, увагу, акуратнасць, кемлівасць. Цяпер, без перабольшання, магу сказаць, што гэта і прызванне, і хобі, і адпачынак, і любімая справа, і ўжо мой лад жыцця. На ўласным вопыце пераканаўся, што работа з пчоламі здымае стрэсы, супакойвае, настройвае на лірычны лад (усміхаецца). Зрэшты, у пчол можна многаму навучыцца. Аднак неабходна памятаць, што пчолы таксама патрабуюць узаемнасці: нашай любові, павышанай увагі да сябе, пільнасці, клопату.
– Што для пчаляра з’яўляецца самым важным у рабоце?
– Здаровыя пчолы, добры медазбор. Калі так адбываецца, то гэта значыць, што работа на працягу года не была дарэмнай і марнай. Пастаянна ў цэнтры ўвагі пчаляра знахо-дзяцца і пытанні абнаўлення пчоласем’яў, развядзення парод з незласлівым норавам, высокай меданоснасцю і моцным імунітэтам.
Мікалай НАВУМЧЫК.