Тыдзень моладзі і як віртуальна пабываць у цягніку Перамогі (Маларыцкі раён)

На Маларытчыне з 21 па 26 чэрвеня  праходзіць Тыдзень моладзі. У яго рамках запланавана і праводзіцца шмат мерапрыемстваў. Кожны дзень Тыдня мае сваю тэматычную накіраванасць і назву.

Так, 22 чэрвеня прайшло пад назвай “Дзень памяці і смутку”. Падчас яго правядзення моладзь раёна прыняла ўдзел у мітынгу-рэквіуме “Памятаем і шануем” у в. Забалацце. 23 чэрвеня прысвечаны Дню маладой сям’і. 24 чэрвеня ўвага будзе скіравана на міласэрнасць, спачуванне да бліжняга,  да тых,  хто знаходзіцца побач,  каму неабходна падтрымка і дапамога.  Маладым людзям прапаноўваецца прыняць удзел у акцыі “З добрым сэрцам – у кожны дом”. На 25 чэрвеня запланаваны працоўны дзень. Моладзь запрашаецца на акцыю “Чысты лес”. 26 чэрвеня пройдзе раённае свята “Энергія маладосці”.

— 21 чэрвеня шаснаццаць членаў БРСМ, вучняў установы адукацыі горада пабывалі на экскурсіі ў перасоўным музеі “Цягнік Перамогі”, які цяпер знаходзіцца на чыгуначным вакзале Брэст-Цэнтральны, — гаворыць першы сакратар раённага камітэта грамадскага аб’­яднання “БРСМ” Анатоль Панасюк. — Гэта маштабны гісторыка-асветніцкі праект, які створаны ў Расійскай Федэрацыі. У Беларусі ён рэалізуецца Беларускай чыгункай сумесна з ААТ “Расійская чыгунка” ў рамках Года народнага адзінства і прымеркаваны да 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Праект “Цягнік Перамогі” ўяўляе сабой унікальную інтэрактыўную экспазіцыю, заснаваную на “эфекце прысутнасці”, якая прысвечана подзвігу савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Перасоўны музей “Цягнік Перамогі” ўключае 12 вагонаў, 9 з якіх — экспазіцыйныя.  У іх аснове — трохмерныя панарамы: маляўнічыя палотны, макеты ў натуральную велічыню. Перадваенныя гады — Вялікая Айчынная — Перамога – такі маршрут 45-хвіліннай экскурсіі па музеі. Экспазіцыя ўнікальная і сваім мультымедыйным суправаджэннем. Акрамя таго, у ёй выкарыстоўваецца аб’ёмны гук, тэатральнае асвятленне, механічныя спецэфекты, датчыкі прысутнасці, галаграмы, панарамы баёў у вір­туальнай рэальнасці, кіназдымка гістарычных рэканструкцый, трохмерная камп’ютарная графіка з мадэлямі ваеннай тэхнікі.

Між   іншым,   кожны,  хто жадае,  можа віртуальна наведаць перасоўны музей “Цягнік Перамогі”. Яго адрас у інтэрнэце: Поезд Победы 

Наш кар.

Поделиться:
  •  
  • 6
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!