Парад інтэлектуальных ведаў

Свята навукі ў раёне — менавіта так неафіцыйна можна назваць штогадовую навукова-даследчую канферэнцыю ”Дзеці. Творчасць. Інтэлект”, якая нядаўна прайшлае СШ №2. У традыцыйным (5-ым па ліку ўжо) парадзе інтэлектуальных ведаў у шасці секцыях на суд журы было прадстаўлена 36 работ па 13 прадметах з 13 устаноў адукацыі Маларытчыны (найбольшая колькасць – з раённай гімназіі і Мельніцкай БШ). Юных навукоўцаў на гэты раз зацікавіла многае з таго, што пакуль на належным узроўні не даследавана, але вартае ўвагі: партызанскі рух, мінулае вёсак, педагогі-ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, інтэрнет-залежнасць вучняў, экалагічны стан Олтушскага возера, гісторыя Лукаўскай царквы, якасны склад жавальных гумак, фразеалагізмы, прыказкі, прымаўкі, мікратапонімы раёна і інш.
   Калі ў мінулым годзе самым юным удзельнікам быў толькі Сяргей Кульбеда, вучань 6 класа з Ляхавецкай СШ-сада, то на гэты раз адразу 3 вучні пятых класаў спаборнічалі нароўні са старэйшымі. Гэта – Настасся Саўчук з працай “Найбольш ужывальныя ў нямецкім маўленні фразеалагізмы” і Кацярына Саўчук з даследаваннем “Ручнік – вечны спадарожнік беларускага народа” (абедзве – з Мельніцкай БШ), а таксама  Яўген Карпук з Ланской СШ, які прымаў удзел у калектыўным даследаванні “Драўняныя адходы – у даходы”.
  Пераможцы кожнай секцыі хутка прымуць удзел у абласной навукова-практычнай канферэнцыі “З навукай у будучае”. Пажадаем ім поспехаў і годна прадставіць Маларытчыну.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: некаторыя з пера­можцаў раённай канферэнцыі.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!