У Маларыце перапахавалі астанкі невядомай ахвяры Вялікай Айчыннай вайны

Вялікая Айчынная вайна назаўсёды пакінула крывавы след у гісторыі нашага народа, у кожнай сям’і, у чалавечых лёсах. Яна нанесла свае меткі на кожным пакаленні. Хоць вайна закончылася ўжо 76 гадоў таму,  але рэха яе чуваць яшчэ і сёння. Нядаўна вайна зноў напомніла пра сябе на Маларытчыне яшчэ адным нямым сведчаннем ваеннага ліхалецця.

На новых гарадскіх могілках былі перазахаваны астанкі невядомай ахвяры апошняй вайны. З гэтай нагоды тут настаяцель храма Мікалая Цудатворцы г.Маларыта протаіерэй Віктар Паляціла адслужыў заўпакойную ліцію. На ёй прысутнічалі прадстаўнікі раённай улады і ваеннага камісарыята Маларыцкага раёна.

Месцам перазахавання стала тэрыторыя, спецыяльна адведзенае для гэтага некалькі гадоў таму ў сектары № 20 гарадскіх могілак (паўночна-ўсходняя іх частка). Між іншым, тут ужо два разы (у двух магілах) былі перазахаваны астанкі некалькіх безымянных чалавек, якія загінулі падчас мінулай вайны.

–На жаль, мы не ведаем, чые касцяныя астанкі сёння былі перазахаваны, – гаворыць намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ніна Фядосава. – Невядома нам, хто гэта быў: мужчына ці жанчына, малады чалавек ці ва ўзросце, мясцовы жыхар ці салдат, які на Маларытчыне змагаўся з захопнікам? Таксама няма ніякіх звестак, калі гэты чалавек загінуў. Дакладна вядома  толькі наступнае.

Яшчэ адзінаццатага мая гэтага года жыхар аг.Олтуш Мікалай Мікітчук на прыдамавой тэрыторыі па вуліцы Савецкая праводзіў земляныя работы. Падчас іх мужчына і знайшоў костныя астанкі чалавека. Была назначана медыка-крыміналістычная экспертыза. Згодна з заключэннем судовага эксперта, косці і косныя астанкі  могуць належыць часткам скілета аднаго чалавека. Даўнасць іх пахавання складае больш за 70-80 гадоў на момант  даследавання.

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў  в.Олтуш і яе ваколіцах ішлі баі. Удар ворага прыняла 75-я стралковая дывізія. Многа тады загінула чырвонаармейцаў на маларыцкай зямлі. Паколькі не было магчымасці пахаваць салдат на могілках, іх хавалі там, дзе паміралі. Верагодна, гэта і ёсць адзін з такіх выпадкаў. Можа, гэта адзін з салдат 75-й стралковай дывізіі, якога пахавалі мясцовыя жыхары. Дзякуючы безыменным героям, якія ахвяравалі ўласным жыццём, краіна змагла адстаяць сваю незалежнасць, каб мы, іх нашчадкі, маглі спакойна жыць, гадаваць дзяцей і ўнукаў, вучыцца і працаваць на сваёй зямлі.

Памяць людская не сцірае трагічныя і гераічныя падзеі, не сціхае боль ад страт, не затуманьваецца слава герояў. Многія з іх пакуль застаюцца безыменнымі, а для родных і блізкіх – тымі, які прапалі без вестак. Кажуць, што вайна працягваецца да таго часу, пакуль з яе не вернецца  апошні салдат, жывым ці мёртвым.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 10
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий