Цудоўная магчымасць адпачыць

Суботу, 25 жніўня, жыхары вёскі Радзеж чакалі з асаблівым настроем, таму што ў гэты дзень павінны былі адбыцца свята вёскі, а таксама мясцовыя дажынкі. І сабралася на свята шмат вяскоўцаў, гасцей, асаблівымі сярод якіх былі прадстаўнікі Брэсцкага аддзялення Беларускай чыгункі, таму што, як вядома, дзяржаўнае прадпрыемства “Радзежскае” з’яўляецца даччыным прадпрыемствам Брэсцкага аддзялення Беларускай чыгункі. Распачаў урачыстую праграму дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства “Радзежскае” Вітольд Пяткевіч.
Ён з задавальненнем адзначыў, што сёлетні ўраджай парадаваў хлебаробаў, і падзякаваў ім за добрасумленную працу.
Пасля прайшло ўрачыстае ўшанаванне лепшых удзельнікаў жніва 2012 года, а таксама падведзены вынікі конкурсу сярод камбайнёраў і вадзіцеляў. Таксама ва ўрачыстай абстаноўцы прымалі віншаванні і падарункі пераможцы конкурсу “Мой дварочак, як званочак”. У Радзежы лепшымі былі прызнаны двары Любові Дацык і Алены і Ігара Дацыкаў, у вёсцы Навалессе – Вольгі і Івана Касянікаў, а ў Хмялёўцы –Тамары і Сяргея Нушчыкаў. Арганізатары свята запрасілі на ўрачыстасць пяць сямейных пар, якія адсвяткавалі альбо яшчэ толькі адсвяткуюць у гэтым годзе сваё залатое вяселле. Былі адзначаны і самая старэйшая жыхарка, і самая маленькая, яны таксама не засталіся без падарункаў.
Усе жадаючыя маглі паглядзець і выставу работ народных умельцаў. А лепшыя з іх былі ўзнагароджаны памятнымі падарункамі. Пасля заканчэння ўрачыстай праграмы адбыўся канцэрт, які паказалі самадзейныя артысты з Дарапеевіч.
Людзі розных узростаў на свяце маглі з карысцю правесці час, таму што адначасова дзейнічалі дзіцячая і дарослая пляцоўкі. На дзіцячай пляцоўцы размяшчаўся батут, праводзіліся гульні і розыгрыш шчаслівага нумара. На дарослай ладзіліся гульні, спаборніцтвы па шашках, дартсу, а таксама можна было паспытаць удачу ў бяс­пройгрышнай латарэі.
Уражанні ўвогуле ў вяскоўцаў засталіся добрыя і пазітыўныя. Бо, на жаль, нячаста вясковы чалавек можа знайсці час, каб адпачыць душою, а свята вёскі – цудоўная магчымасць.
Анастасія Максімук.
На здымку: у час свята вёскі.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 1.09.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!