“…Тут Беларуссю пахне”

Такі вывад зрабілі маскоўскія школьнікі, якія пабывалі ў многіх гістарычных месцах, музеях нашага краю.
21 дзень на Маларытчыне.Столькі часу гасцявалі ў нас юныя спартсменкі са сваімі трэнерамі са спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву № 71 “Ціміразеўская” г.Масквы. Баскетбалісткі не толькі трэніраваліся на базе спартыўнага ўніверсальнага цэнтра “Жамчужына”. Яны яшчэ наведалі Брэсцкую крэпасць-герой, Белавежскую пушчу, прынялі ўдзел у абласным этапе рэспубліканскага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла”… Ва ўспамінах масквічоў аб Маларытчыне засталіся шматлікія цікавыя знаёмствы, падарожжы, сустрэчы, спаборніцтвы.
Надоўга запомняць юныя баскетбалісткі і цёплы прыём у раённай гімназіі. Тут масквічам прапанавалі экскурсію па ўстанове адукацыі і краязнаўчым музеі “Спадчына”. У музеі госці затрымаліся амаль 40 хвілін. Тут сапраўды ёсць на што паглядзець! Найбольшую цікавасць у масквічоў выклікалі раздзелы “Вышыўка”, “Кніга мінулага”, “Сялянская хата”, “Нумізматыка”, “Маларыцкі строй адзення”, “Сельскагаспадарчыя прылады працы”. Доўга не адыходзілі дзяўчынкі ад кроснаў, жорнаў, ступы, калаўротаў. Яны не толькі даведаліся пра іх прызначэнне. Масквічкам было дазволена ўсё “даследаваць” навобмацак. Юныя спартсменкі ўпершыню трымалі ў руках лапці, гладышы, збанкі, верацёны. Ніколі раней яны не бачылі ночваў, маслабоек, сялянскай печы.
-Такое ўражанне, што мы пабывалі ў ХVІІІ ці нават ХVІІ стагоддзі, — кажа Таццяна Аляксеенка, кіраўнік групы. – У маскоў­скіх школах цяпер такое багацце, напэўна, рэдка дзе можна ўбачыць. У вашай жа “Спадчыне” – цэлы скарб, жывая гісторыя, якую можна адчуць, да якой можна датыкнуцца рукой.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: камандзе юных баскетбалістак з Масквы вельмі спадабаўся музей раённай гімназіі.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 1.09.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!