Бальная вышыня Ульяны Шпетнай (Маларыцкі раён)

Трыста дзевяноста шэсць балаў з магчымых чатырохсот. З такім вынікам выпускніца Маларыцкай раённай гімназіі 2021 года, залатая медалістка Ульяна Шпетная паступае сёлета ў адну з вышэйшых навучальных устаноў краіны. Гэта, па папярэдніх дадзеных, своеасаблівы рэкорд у раёне па колькасці набраных балаў у гэтым годзе.

Ва Ульяны сярэдні бал атэстата скла­дае дзесяць балаў. Сто балаў па біялогіі яна атрымала як пераможца трэцяга (абласнога) этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Біялогія”. На цэнт­ра­лізаваным тэсціраванні па беларускай мове Ульяна таксама набрала сто ба­лаў, па хіміі – дзевяноста шэсць.

– На рэпетыцыйным тэсціраванні вы­нікі былі трохі ніжэйшыя, – гаворыць Ульяна Шпетная. – Гэта стала стымулам, своеасаблівым штуршком для таго, каб сур’ёзна засесці за вучэбныя дапаможнікі і даведнікі.

Пасля заканчэння цэнтралізаванага тэсціравання па беларускай мове сумнявалася ў правільнасці выканання толькі аднаго задання з часткі А. У ведах па гэтым прадмеце была ўпэўнена. Са сваёй настаўніцай Аленай Мікалаеўнай Серадой на міжшкольным факультатыве некалькі разоў паўтарылі курс школьнай праграмы. На ЦТ бы­ла спакойнай і ўпэўненай. А вось па хі­міі трошкі хвалявалася. Па гэтым прадмеце таксама да іспыту рыхтавалася сур’ёзна і грунтоўна на міжшкольным факультатыве разам з настаўніцай Інай Пятроўнай Андрайчук. Аднак па некаторых заданнях пасля таго, як выйшла з аўдыторыі, узніклі пэўныя пытанні. Пасля напісання тэста  спадзявалася, што павінна быць балаў недзе пад дзевяноста. На сто не разлічвала. Атрымаўшы вынік, пераканалася, што ў дзвюх заданнях часткі А ўсё ж такі дапусціла памылкі ў адказах, якія мне і каштавалі чатыры балы.

Ульяна Шпетная –  удзельніца раённых і абласных прадметных алімпіяд па біялогіі з 7 класа. У 9-11 класах яна ўдзельнічала ў трэцім этапе рэс­публіканскай алімпіяды па біялогіі. У 10 і 11 класах за ўдзел у іх была ўзнагароджана дыпломамі І ступені.

У скарбонцы дасягненняў Ульяны Шпетнай ёсць шмат дыпломаў, грамат, атрыманых на розных інтэлектуальных анлайн-спаборніцтвах па біялогіі. Напрыклад, яна ўзнагароджана дыпломам І ступені па выніках анлайн-алімпіяды па вучэбным прадмеце “Біялогія”,  якую праводзіў Палескі дзяржаўны ўніверсітэт. Ульяна Шпетная – уладальніца дыплома ІІ ступені VІ біялагічнай інтэрнэт-алімпіяды, арганізатарам якой стаў біялагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дыплома І ступені інтэрнэт-алімпіяды, якую праводзіў Нацыянальны інстытут адукацыі (2021). Па выніках абласнога злёту юных эколагаў 2019 года Ульяна таксама была адзначана дыпломам І ступені.

Гэтыя і іншыя дасягненні Ульны Шпетнай па біялогіі сталі магчымы, дзякуючы мэтанакіраванай штодзённай планамернай і сумеснай рабоце з маці,  настаўніцай біялогіі раённай гімназіі Нэлі Шпетнай. Ульяна Шпетная упэўнена, што цэнтралізаванае тэсціраванне “пакараецца” толькі мэтанакіраваным і працавітым.

–Неабходна сур’ёзна і адказна адносіцца да падрыхтоўкі да ЦТ, а не спадзявацца на ўдачу, – гаворыць дзяўчына. – Каб атрымаць высокі бал, патрэбны не толькі дапамога педагога, але і ўседлівасць, асабістае жаданне атрымаць выдатны вынік.

Сапраўды, у аснове паспяховай здачы ЦТ ляжыць карпатлівая праца вучня і прафесіяналізм педагогаў. Між   іншым, у яшчэ адной выпускніцы раённай гімназіі Марыны Алесік па беларускай мове на цэнтралізаваным тэсціравані вынік – 98 балаў.

Мікалай  НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!