Лёсы людскія. Ганна Лямачка: “Дзевяноста гадоў – гэта  не  старасць!” (Маларыцкі раён)

 Нядаўна ганаровая сястра міласэрнасці пра­ва­слаў­нага сястрынства ў гонар іконы Божай Маці “Усіх тужлівых Радасць” пры храме свяціцеля Мі­калая Цудатворцы г.Маларыта адзначы­ла сваё 90-годдзе. Павін­шаваць з юбілеем Ганну Андрэеўну прыйшлі сёстры міласэрнасці.

Хацела быць шчаслівай

– Яна адна са старэйшых нашых сясцёр, стаяла ля вытокаў з’яўлення сястрынства (створана 6 лістапада 2003 года па благаславенні епіскапа Брэсцкага і Кобрынскага Іаана), – гаворыць старэйшая сястра сястрынства Любоў Колпікава. – Нягледзячы на свой узрост, Ганна Андрэеўна цяпер – актыўная сяст­ра. Без яе ўдзелу рэдка якое мерапрыемства праходзіць.

– Мне хочацца ў меру маіх сіл іншым дапамагчы, падказаць,  параіць, – кажа Ганна Лямачка. – Добра ведаю, што такое працягнутая рука ў няпростай жыццёвай сітуацыі. Колькі выпадкаў такіх было ў мяне! Аднак заўсёды ў патрэбны момант зна­хо­дзіўся той чалавек, які не пакідаў мяне сам-насам з бядой. Ведаю, што ўсё гэта адбывалася не выпадкова, а па волі Божай. Да Усявышняга заўсёды звяртаюся ў сваіх малітвах, прашу за­ступніцтва,  здароўя і сабе, і сваім родным-бліз­кім,  і ўсім добрым людзям.

– Ганна Андрэеўна, а ў чым сакрэт вашага даў­галецця?

– А  ў мяне,  напэўна,  няма адказу правільнага на гэтае пытанне! Можа, ён у аптымiзме,  пазiтыўным успрыманні свету, у натуральнай ежы. А яшчэ – у  працы на свежым паветры. Гэта загартоўвае характар,  не дае магчымасці аслаб­ляць сябе ні фізічна, ні маральна. Таксама неабходна сумленна жыць, любіць тое месца,  дзе на­ра­дзіўся і вырас,  любіць жыццё.

– Ведаю, што вы яш­чэ і цяпер ездзіце на вела­сіпедзе!

– Так. Аднак у горадзе  цяпер езджу ўжо  намнога менш. Баюся стварыць на вуліцах аварыйную сітуацыю. Бачыце, магу раптам выехаць на праезную частку дарогі. Таму  міліцыянеры некалькі разоў папярэджвалі, каб больш не ездзіла. А то, сказалі, прыцягнуць да адказнасці.   Я паабяцала, што ў цэнтры горада веласіпед буду весці ў руках.

– Ці была  ў вас запа­ветная мара? Яна збылася?

– Як толькі памятаю сябе, хацела быць шчас­лівай. Мне ўвесь час здавалася, што шчасце тое недзе схавалася ад мяне. Шукаю-гукаю яго гадамі і ніяк не магу знайсці. Можа,  не так разумела тое шчасце,  не тое шукала і не ў тых месцах? Гэта ўжо пазней зразумела, што чалавек сам каваль свайго шчасця. Ды ці многа яго трэба? У кожнага чалавека ў розныя часы сваё разуменне шчасця. У 90 гадоў я – шчаслівы чалавек. Цяпер для мяне шчасце – вера ў Бога,  сёстры міласэрнасці побач, магчымасць паслужыць бліжняму. Нікога не абцяжарваю: усё пакуль, што неабходна для паўнавартаснага жыцця, раблю сама. А ў святы і кожную нядзелю іду-еду на веласіпедзе на бога-служэнне ў царкву.

А доля ў мяне была нялёгкай. Яна не раз выпрабоўвала на стойкасць, вытрымку, чалавечнасць. Гнула, прыгінала, але я не здавалася.  Здаецца, што жыццёвыя экзамены я здала годна. За плячамі – дзевяноста гадоў. Быццам бы і не пражыла іх, а праспявала на адным дыханні. Гады вельмі хутка праляцелі: як адно імгненне. А хочацца яшчэ столькі ўсяго зрабіць. Дзевяноста га­доў – гэта не старасць! Ад­чуваю сябе нашмат ма­ладзейшай.

Ганна Лямачка цікавы субяседнік. Яе слухаць – не пераслухаць. Жанчына дакладна памятае, што і ў якім годзе адбылося ў яе жыц­ці. Памятае выдатна прозвішчы,  імёны практычна ўсіх тых людзей, з якімі яе звёў жыццёвы лёс.

“Шчаслівай долю не назаву”

Ганна Лямачка нара­дзі­лася ў Збуражы 23 чэрвеня 1931 года ў сям’і сялян. Там жа прайшло маленства. Змалку была прывучана да працы. Сваю маці жанчына не памятае. Калі Ганне было восем з паловаю месяцаў, яе маці памерла ад чахоткі. Неўзабаве бацька Андрэй Трафімавіч  узяў шлюб з другой жанчынай  –  Марфай Васільеўнай. 

– У бацькі было чацвёра дзяцей ад першай жонкі і двое – ад другой, – успамінае Ганна Лямачка. – Праўда,  меншая мая сястра памерла ва ўзросце васьмі месяцаў. Мачаху сваю я вельмі любіла. Яна замяніла маці, таму яе заўсёды называла толькі мамай. Яна пакінула светлы след у маім жыцці.

Перад вайной Ганна пайшла ў першы клас польскай школы. Так вырашыў бацька. Ён быў перакананы, што чытаць-пісаць павінны ўмець усе, бо наступае новы час. У другім класе, калі ўста­лявалася савецкая ўлада, у школе Ганна вучылася ўжо на беларускай мове, а ў трэцім класе падчас нямецкай акупацыі – на ўкраінскай. Не хапала кніг, не было сшыткаў. Але вучыцца хацелася,  бо вучоба адкрывае свет. Так не раз казаў настаўнік. Яго словы чамусьці запомні­ліся.

– Ці памятаеце,  як пачыналася вайна?

– Канечне.  Гэтага нельга забыць. 21 чэрвеня 1941 года бацька паклаў мяхі з зернем на воз і павёз малоць у мястэчка. Ён сказаў, што з мукі на мой дзень нараджэння (дзесяцігоддзе) маці напячэ смачных пірагоў і бліноў. Аднак хутка бацька вярнуўся назад без мукі. Ён сказаў,  што зерне пакінуў у млынара. У яго шмат было заказаў, утва­рылася вялікая чарга. Бацька чакаць не стаў, бо чэрвень – гэта час ка­са­віцы. Забіраць муку ён збіраўся паехаць ранкам назаўтра,  22 чэрвеня. А я доўга не магла заснуць: усё ўяўляла, якімі смачнымі атрымаюцца пірагі, як буду імі частаваць братоў, сясцёр і сваіх сябровак. З гэтымі думкамі і заснула. Пра-чнулася раніцай ад нейкага шуму ў хаце. Нічога не магла зразумець. Бацька сказаў усім хутка збіраць рэчы ў клумкі і выносіць іх на двор. Калі выйшла на ганак, то на захадзе, за лесам, пачула нейкі гул, выбухі снарадаў, перастрэлку. Я ўбачыла, што мае браты ў розных месцах нашай тэрыторыі капалі ямы. На маё здзіўленне бацька прагаварыў,  што пачалася вайна: на нашу краіну напалі сёння немцы. Усё нажытае гадамі дабро з сабою не возьмеш: яго трэба хутка закапаць. Тое-сёе ўзяўшы з сабой, усёй сям’ёй неўзабаве пайшлі ў лес.  У лесе было добра. Толькі на душы было крыўдна ад таго, што на мой дзень нараджэння не будзе ні пірагоў, ні бліноў. Пераначавалі мы ў лесе.

У наступныя дні бацька  рабіў зямлянку.  Спалі на саломе,  на сене,  маці есці рыхтавала на вогнішчы. Да новых умоў жыцця цяжка было прызвычаіцца.

– Ганна Андрэеўна, пасля вайны больш не вучыліся?

– Вучылася. Спачатку закончыла  чацвёрты  клас,  а пазней – 11 класаў у вячэрняй школе. Не былі лёгкімі і пасляваенныя гады. Разруха вакол, голад… У нашай сям’і таксама не заўсёды было што есці.

Аднойчы вясной Ганна вырашае пайсці ў заробкі. Яна даведалася, што адна сям’я з в.Новы Двор шукае наймічку. Сказала пра гэта бацьку. Ён быў супраць, дачцэ ісці служыць забараніў. Аднак Ганна заўпарцілася,  свайго рашэння не змя­ніла. “У людзях” з першага дня яна стала непасільна працаваць. Ёй, пятнаццацігадовай дзяўчынцы, давялося выконваць розную працу па гаспадарцы. Было невыносна цяжка. Першыя дні цярпела: сама ж  у заробкі выбралася.

– Але праз тыдзень я не вытрымала і вечарам збегла ад гаспадароў дадому, да бацькоў. Вярталася пешшу. Перажывала, як гэта ўспрыме бацька. Аднак ён толькі ўзрадаваўся майму вяртанню.  Прытуліў да сябе, пагладзіў па галаве і нічога не сказаў. Думка пра заробкі мяне не пакінула. Хутка я стала парабчанкай у адных багатых людзей у Вялікарыце. Тут ужо былі іншыя ўмовы, чалавечыя, таму затрымалася на чатыры гады. Многаму ў Велікарыце навучылася: гатаваць, шыць і нават танцаваць. Любая сялянская справа ў мяне так і кіпела ў руках. Спраўная была. Гаспадары мяне не крыўдзілі. Ды і бацькі былі задаволеныя. Некалькі разоў на год  гаспадары мяне прывозілі дадому ў Збураж. Кожны раз воз быў нагружаны зернем. Старэйшы сын гаспадароў Аляксей абяцаў узяць мяне замуж пасля службы ў арміі. Аднак у краіне пачаліся перамены. У Велікарыце пачалі ствараць калгас. Абставіны склаліся так, што мне давялося вярнуцца да бацькоў у Збураж.

Нягледзячы на цяжкасці і жыццёвыя выпрабаванні, бясхлебную маладосць,  Ганна Лямачка ўзгадвае пару сваёй маладосці з радасцю, лічыць, што працаваць лягчэй, чым сядзець без справы. Ды і ў пасляваеныя гады трэба было думаць пра свой хлеб надзённы, а лёгкім ён не быў.

Дзяўчына стала думаць, дзе пра­цаўладкавацца. Выбар быў невя­лікі. Спы­нілася на Маларыцкім га­родні­насушыльным  заводзе. Тады якраз пачыналася яго будаўніцтва.

Цаліна, Данбас, Маларыта

– У той час па камсамольскай пуцёўцы пра­панавалі паехаць на цаліну,  – успамінае Ганна Андрэеўна. –  Заклік камсамола хваляваў душу, вабіў у незнаёмыя далі. Я згадзілася. Так у чэрвені 1957 года трапіла ў населены пункт Ільічоўка Тайыншынскага раёна Паўночна-Казахстанскай вобласці. Уладкавалася там рознарабочай на хлебапрыёмны пункт. Была дзяўчынай жвавай, ініцыятыўнай, працавітай, як казалі, спрытнай.  Любая справа кіпела ў маіх руках. Неўзабаве мяне назначылі брыгадзірам, а пазней прапанавалі  вывучыцца на трактарыстку. Была  не з баязлівых дзяўчат, але адмовілася. Пазней пераехала на Тальчынскі хлебапрыёмны пункт. Скончыла курсы і стала працаваць  лабарантам. Усё мяне задавальняла,  усё атрымлівалася, але спакою не даваў сум па родным краі. Збалелася сэрца, захацелася дадому. У Збураж вярнулася праз чатыры гады. І зноў уладкавалася на  гароднінасушыльны завод рабочай.

У Маларыце Ганна суст­рэла сваё каханне. Васіль працаваў прарабам у адной з ар­га­нізацый райцэнтра. Марыла дзяў­­чына пра сямейнае шчас­­це, дзяцей. Аднак ка­ханне ў маладых людзей не стала ўзаемным. Васіль любіў выпіць, стаў распускаць кулакі. Праз некалькі гадоў сумеснага жыцця давялося расстацца. Але зрабіць гэта было складана.

– Васіль катэгарычна не хацеў скасоўваць шлюб, – кажа Ганна Лямачка. –  Я ж жыць з ім больш не магла. Шлюб для мяне ператварыўся ў што­дзённыя пакуты і выпрабаванні. Пасля роз­думаў знайшла выйсце. Сабрала рэчы і таемна “ўцяк­ла” ад мужа на Данбас –  у г.Свярдлоўск Луганскай вобласці. Толькі там знайшла паратунак. А муж мяне, здаецца, і не шукаў. Ён і не ведаў, дзе я. У Свярдлоўску ўладкавалася  кухоннай рабочай у кафэ “Зара”. Дадому  хацелася,  родныя мясціны бачыла ў снах.  Але вярнуцца не магла: баялася свайго Васіля, яго невытлумачальных паводзін. Праз некаторы час вырашыла ўсё ж такі рызыкнуць і паехаць у Маларыту, каб напісаць заяву аб скасаванні шлюбу. У заяве пазначыла,  каб суд прайшоў без маёй прысутнасці. Так і атрымалася. Калі вызвалілася ад пут “шчаслівага” замужжа,  з Данбаса, здаецца, ляцела на крылах. Зноў адчула сябе вольнай і шчаслівай. Замуж   больш вырашыла не выходзіць. Ведала, што не ўсе мужчыны такія, як мой былы муж. Ёсць добрыя, шчырыя, спагадлівыя, ласкавыя. Але каб не рызыкаваць яшчэ раз, каб не апячыся зноў і больш  не псаваць сабе нервы,  прыняла нялёгкае і няпростае рашэнне: па жыцці далей быць “халасцячкай” (усміхаецца). Ведаю, што жанчыне без надзейнага мужчынскага пляча цяжка. Але я не схіляю перад перашкодамі паспешліва крыху гордай сваёй галавы, не складваю рукі. Заўсёды і ва ўсім  давяраю Богу, спадзяюся на яго і свае сілы. Не супакоюся, пакуль свайго не дасягну, таго, што задумала.

На заслужаны адпачынак Ганна Лямачка пайшла з гароднінасушыльнага камбіната. Аднак некаторы час яшчэ працягвала працаваць на прадпрыемстве. Яе працоўная дзейнасць адзначана шмат­лікімі ўзнагародамі, у тым ліку – медалямі “За шматгадовую добрасумленную працу” і “Ветэран працы”, граматамі, падзякамі.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий