“Школа бяспекі” Таццяны Клачан (Маларыцкі раён)

Кабінет, дзе зна­хо­дзіцца Цэнтр бяспекі ў Маларыцкім раённым цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, знайшоў хутка. Дзверы былі прыадчынены. Я ціха пастукаў, аднак ніхто не адгукнуўся. Вырашыў зайсці ў ка­бінет. Ля акна сядзела Таццяна Клачан, педагог дадатковай адукацыі, і глядзела некуды ўдаль. Я пастукаў яшчэ раз. Таццяна Андрэеўна павярнулася і, усміхнуўшыся, сказала:

– Прабачце, заглядзе­лася на бярозу, якую ледзь­ве ўлоўна калыша вецер, успомніла сваю маленькую радзіму, дзе нарадзілася і вырасла. Зноў у думках пабывала там, далёка-далёка, за тысячы кіламетраў адсюль. Родны край ніяк не адпускае.  Маларыта – мая другая Радзіма, якая стала роднай сэрцу, блізкай, дарагой. Здаецца, што тут жыла заўжды. Не ведаю, як склаўся б мой лёс, калі б не прыехала ў Беларусь.

Радзіма Таццяна Кла­чан – г.п.Кіраўскі Прыморскага краю. Яе маленства прайшло на беразе ракі Усуры непадалёк ад граніцы з Кітаем.

 – Прыгожая,  маляўні-чая прырода таксама на маёй малой радзіме, – расказвае Таццяна Андрэеўна пра Далёкі Усход Расіі. – Побач во­зера Ханка, рукой падаць да Японскага мора. Праўда,  да Уладзівастока – 322 кіламетры. Цяпер у г.п. Кіраўскі пражывае трохі больш чым 8 тысяч чалавек. Там я і закончыла сярэднюю школу. У думках імкнуся туды, уяўляю дом, дзе вырасла, ціхія вулачкі свайго раённага цэнтра, яго ваколіцы, аднакласнікаў.

Таццяна Клачан у старэйшых класах хацела адразу быць і педагогам, і  таваразнаўцам, і медыкам. Да апошняга ёй было складана вызначыцца, зрабіць правільны выбар жыццёвай дарогі. Доўга вагалася. У рэшце рэшт падала дакументы ў гандлёвы інстытут, каб стаць таваразнаўцам. Аднак для ажыццяўлення запаветнай мары на ўступных экзаменах не на­брала патрэбнай коль­касці балаў.

– Я не вельмі турбавалася, – кажа Таццяна Андрэеўна. – Не ў маім характары было апускаць рукі перад цяжкасцямі. Вырашыла: буду паступаць у інстытут, пакуль не стану студэнткай.  Каб дарэмна не губляць час,  стала навучэнкай  ву­чылішча сувязі №8, каб набыць спецыяль­насць тэлефаністкі між­народнай сувязі. Праз год ужо добра зда­ла ўступныя экзаме­ны і была залічана на бія­ла­гічны факультэт Усурыйскага педагагічнага інстытута. Вучылася добра. Адчувала, што працаваць з дзецьмі – маё пры­званне. Пацвердзіла гэтую думку спачатку адна, потым і другая пе­да­гагічныя практыкі.

Пасля трэцяга курса Таццяна Клачан выйшла замуж. Неўзабаве вучобу давялося перарваць, таму што нарадзіўся сын Ілья. Пасля дэкрэтнага адпачынку Таццяна Андрэеўна вучылася далей. Аднак закончыць інстытут не ўдалося.

–Пасля чацвёрта­га кур­са майго мужа, які пра­­цаваў лётчыкам-назі­ральнікам авіялеса­аховы, пераводзяць на працу ў БССР, – успамінае Таццяна Клачан. – Выбару ў мяне не было. За мужам паехала і я. Яго на­кіравалі ў Маларыту. Тут муж  стаў працаваць у лясніцтве.  Неўзабаве стала сабе шукаць працу і я.

Таццяне Клачан давя­лося некаторы час працаваць на розных пасадах. Яна старалася, заўсёды добрасумленна выконвала свае абавязкі, але часта думала аб пра­цы ў школе. Дапамог выпадак. Неяк знаёмая сказала, што ў Дом піянераў патрабуецца  кіраўнік гуртка.

– Палічыла, што гэта мой шанц, які неабходна выкарыстаць. Таму на наступны дзень пайшла працаўладкоўвацца. Так 1 красавіка 1998 года я стала кіраўніком гуртка “Юны пажарнік” Дома пія­нераў г.Маларыты. Мне выдзелілі пакой, які знаходзіўся ў адным з будынкаў цяперашняга Маларыцкага кансерва­вагароднінасушыльнага камбіната. Пачынала з нуля. Метадычнай літа­ратуры і нагляднасці прак­тычна не было. Да кожнага занятку старанна рыхтавалася. Імкнулася, каб вучні даведаліся нешта новае і карыснае, каб ім было цікава. Для гэтага падбірала матэрыял у перыядычным друку, часта наведвалася ў раённую бібліятэку. Добра дапамагаў часопіс “Служба выратавання”. Разам з вучнямі вучылася  і сама.

Таццяне Клачан не раз пра­паноўвалі завяршыць вучобу і атрымаць вышэйшую адукацыю. Жаданне было. Аднак па няпростых жыццёвых абставінах гэта ажыц­цявіць не ўдалося. Таму цалкам аддалася рабоце. Яна прыносіла задавальненне і радасць.

– Цяпер працаваць прас­­цей, – гаворыць Таццяна Клачан. – Ёсць шмат метадычнай літаратуры,  у дапамогу педагогу – рэсурсы інтэрнэта. У мя­не ёсць спецыяльна абу­ладкаваны кабінет – Цэнтр бяспекі, дзе мы зараз і знаходзімся. Дарэчы, ён быў адкрыты 21 красавіка гэтага года. Цэнтр бяспекі  з’явіўся, дзякуючы цеснаму ўзае­мадзеянню раённага аддзела па адукацыі, раён­нага аддзела па надзвычайных сітуацыях, Брэсцкай абласной ар­га­нізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа пры  фінансавай падтрымцы Маларыцка­га райвыканкама. Цяпер у Цэнтры бяспекі пра­водзяцца заняткі аб’яд­нання па ін­та­рэсах “Школа бяс­пекі”. Яго на­ведвае 45 хлоп­чыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 6 да 8 гадоў. Акрамя інфармацыйных стэн­даў і дэманстрацыйных манекенаў, тут ёсць  інтэрактыўная дошка, гульнёвы комплекс… У Цэнтры бяспекі мы пра­­водзім таксама і экс­курсіі для вучняў устаноў адукацыі Маларытчыны.

Урокі бяспекі – гэта адны з найбольш важных урокаў у жыцці любога дзіцяці. На занятках мы разглядаем розныя  надзвычайныя сітуацыі, у тым ліку нестандарт­ныя,  нетыповыя,  вучымся знаходзіць правільныя і бяспечныя  выхады з іх. Набыццё ўяўленняў пра навакольны свет не павінна ісці бессістэмна, памылкова, балюча для дзяцей. Бяду заўсёды лепш папярэдзіць. На занятках аб’яднання па інтарэсах “Школа бяс­пекі” мы вучымся жыць бяспечна.

Таццяна Клачан з’яў­ляецца таксама кіраў­ніком яшчэ аднаго аб’яд­- нання па інтарэсах – “Свет лялек”. Яго наведваюць дзяўчынкі 13-14 гадоў. Падчас заняткаў яны вырабляюць лялькі, розныя мяккія цацкі. Дзяўчаты заўсёды на заняткі прыходзяць з задавальненнем. Між   іншым, неаб­­­ход­­ную тканіну для па­­шыву вырабаў Таццяне Андрэеўне па да­моўленасці спансіруе адно з прыватных прад­прыемстваў Брэста.

Работы гурткоўцаў, выкананыя пад кіраўніцтвам педагога, часта прымаюць удзел у розных конкурсах і атрымліваюць заслужаныя ўзнагароды. Сама Таццяна Клачан зна­ходзіцца ў штодзён­ным творчым пошуку. Яна імкнецца выка­рыстоўваць тыя формы работы з вучнямі, якія даюць станоўчы вынік, пастаянна павышае пра­фесійнае майстэрства, апе­ратыўна рэагуе на ўсе змены і прагназуе вынікі сваёй педагагічнай дзейнасці.

У скарбонцы дасяг­нен­няў Таццяны Клачан шмат розных узнагарод: грамат,  пісьмовых падзяк, пахвальных водзываў. Яна, напрыклад, была ўзнагароджана Ганаровай граматай упраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама за добрасумленную шматгадовую працу  і дасягнутыя вынікі ў выхаванні  маладога пакалення, дыпломам ІІ ступені на абласным этапе рэспубліканскага педагагічнага фестывалю-конкурсу “Майстар-клас: практычнае ўва­сабленне творчых ідэй”.

– Таццяна Андрэеўна, наколькі складана быць педагогам дадатковай адукацыі?

– У сучасных умовах, думаю, што няпроста. Я пераканана, што кожны занятак павінен быць практыка-арыентаваным. Імкнуся стварыць не толькі  добразычлівую атмасферу, але і  сфар­міраваць у вучняў пэўныя веды, уменні, развіць іх здольнасці,  захапіць ціка­вай справай.

– Ці не шкадуеце, што так і не сталі настаўнікам біялогіі?

– Дзякуй лёсу, што ўсё так склалася на маім педагагічным шляху. Я працую з дзецьмі рознага ўзросту. Цяпер адчуваю сябе шчаслівай у той прафесіі, у якой апынулася. Калі б можна было пачаць усё з пачатку, то, напэўна,  зноў стала б педагогам дадатковай адукацыі. Бывае, што ўяўляю сябе і настаўнікам біялогіі.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!