Старонкі гісторыі. У Маларыцкім раёне існаваў «аэрадром» — у  Міхероўскім лесе

Сёння мы раскажам пра адну малавядомую старонку  гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, якая звязана з Маларытчынай. Размова пойдзе пра ўрочышча Міхероўскі лес. У ім у гады Вялікай Айчыннай вайны была абсталявана ўзлётна-пасадачная пляцоўка для самалётаў У-2. Менавіта адсюль 15 мая 1944 года вылецела ў Маскву польская дэлегацыя на перамовы са Сталіным.

Дарога на Міхерова

Большасці маларытчан упамінанне геаграфічнай назвы “Урочышча Міхе­рова”, напэўна, зусім ні аб чым не гаворыць. Ды і дакладнае месцазнаходжанне яго ведаюць толькі,  магчыма, жыхары Ляхавец, Вотчына, Сушытніцы, а таксама работнікі Маларыцкага ляс­гаса і некаторыя краяз­наўцы. Цяпер там пагранічная паласа. Побач – дзяржаўная мяжа з Украінай, таму трапіць ва ўрочышча Міхеро-ва няпроста. Нам у гэтым дапамог начальнік пагранічнай камендатуры “Маларыта” Сяргей Маскаленчык.

Праехаўшы  аграгарадок Ляхаўцы, трымаем накірунак у бок вёскі Вотчына. Пасля гэтага на­селенага пункта спыняемся ля агароджы па­гранічнай паласы. Далей – прыкладна два з паловаю кіламетры – едзем па вузкай лясной дарозе з высокімі соснамі паабапал. Недзе праз сямнаццаць хвілін мы на месцы былога ваеннага “аэрадрома” часоў Вялікай Айчыннай вайны. Гэта паляна,  памеры якой прыкладна дзвесце пяцьдзясят на пяцьдзясят метраў. Тут цяпер яшчэ знаходзіцца перасоўны пчальнік Маларыцкага лясгаса і пункт меда-збору. Бліз яго і размешчаны памятны знак,  які быў устаноўлены ў 1974 годзе. На памятным знаку напісана: “У гады Вялікай Айчыннай вайны ва ўро­чыш­чы Мі­херова ды­слацы­рава­ліся парты­занскія атрады,  а са сту­дзеня 1944 г. – брыгада С.П.Каплуна. Тут бы­ла абсталявана па­са­­дачная пляцоўка  для пры­­зямлення самалётаў, якія прыбывалі з Вялікай зям­лі”.

“Пераправіць на Вялікую зямлю”

…У ноч на 1 студзеня 1944 года ў Варшаве была створана краёва Ра­да Нарадова, якая з’яўлялася вярхоўным органам антыфашысц­кага нацыянальнага фрон­­ту краіны. Яна імк­ну­лася ўстанавіць дзелавыя сувязі з урадам СССР. Для вядзення перагавораў была назначана спецыяльная дэлегацыя ў колькасці  чатырох чалавек. Яна з сярэдзіны сакавіка 1944 года прабіралася ў Маскву. Дэлегацыя пераадолела цяжкі шлях па акупаванай немцамі тэрыторыі Польшчы. 28 сакавіка 1944 года  польская дэлегацыя пераправілася праз Буг. Пасля некаторы час яна знаходзілася ў размяшчэнні са­вец­кіх пар­ты­занскіх атрадаў. Спачатку пе­ра­га­ворш­чыкі былі ў пар­тызанскім ат­радзе імя Варашылава, затым – у партызанскім атрадзе імя Жу­кава. У рас­па­ла­жэнні партызанскай брыгады, якой ка­мандаваў  падпалкоўнік Сця­пан Каплун, палякі з’явіліся 24 кра­савіка 1944 года. 

Нямецка-фа­шыс­ц­кія захопнікі вя­лі жорсткія баі на Ма­ларытчыне. Жыццё польскіх прад­стаўнікоў краё­вай Рады Нара­довай было ў небяспецы, та­му Масква загадала тэрмінова, любымі сродкамі і спосабамі пераправіць іх на савецкую тэрыторыю. Выкананне гэтага задання было ўскладзена на разведчыкаў: дзевят­наццацігадовага мас­коўс­кага камсамольца Авідзія Гарчакова і яго памочніцу – радыстку  Валянціну Патупаву. Акрамя таго, з Масквы спецыяльна прыляцеў прадстаўнік Генераль­нага штаба маёр Са­вельеў. Ішла сур’ёзная падрыхтоўка да гэтай аперацыі на працягу некалькіх тыдняў. Аднак яе выкананне ўскладнялася рознымі, часта  непрадбачанымі абставінамі.

–14 мая (у суботу) 1944 года з Цэнтра (з Масквы)  прыйшла радыёграма: «Пры добрым надвор’і 14 мая да Каплуна паляцяць “Спартак” і “Лена”», – успамінаў Авідзій Гарчакоў. – “Спартак” – гэта я, “Лена” – Патупава. Дарэчы, з Валяй яшчэ на аэрадроме мы дамовіліся: у выпадку непрадбачанай сітуцыі – я знішчаю самалёты, каб яны не трапілі да немцаў, а яна – рацыю і шыфр. Валя села ў першы самалёт, я – у другі. Вось мы ўжо ляцім на захад. Наш курс – Маларытчына.

Самалёт У-2. Фота з адкрытых крыніц

Цёмная ноч, хмарна. Два самалёты У-2 планіруюць над “аэрадромам” у Міхероўскім лесе. “Аэрадром” – гэта вялікая лясная паляна, па вуглах якой  гарэла па сігнальнаму кастру. З імі было шмат клопату. Трэба было гасіць кастры, калі з’яўляўся нямецкі знішчальнік, і зноў запальваць,  калі ён адлятаў, каб падаваць сігнал нашым самалётам. Такая гульня ў “кошкі-мышкі” працягвалася недзе з паўгадзіны. Пілот першага самалёта адразу не рашыўся пайсці на пасадку. Паляна яму здалася вельмі малой. Самалёт з Валяй робіць яшчэ другі круг, а пасля і трэці… Нарэшце ён з трэскам падскоквае на ўхабінах паляны. Пад калёсамі  свішча трава. Яна, здаецца, і прытармазіла самалёт пры пасадцы. Другая крылатая машына, апісаўшы над палянай два кругі, уключыла фару і таксама пайшла на пасадку. У самалётаў адразу былі заглушаны маторы. Неабходна было вылятаць назад. Аднак выкананне аперацыі ўскладнялася тым,  што над Міхероўскім лесам некаторы час яш­чэ кружылі нямецкія знішчальнікі. Апошні з іх у бок Брэста паляцеў а чацвёртай гадзіне раніцы. Неабходна было спяшацца, дзейнічаць хутка і рашуча.

Польскую дэлегацыю неўзабаве пасадзілі ў самалёты: па два чалавекі ў кожны. Трава на паляне была высокая, цяжкая ад расы, ды і грунт размок ад дажджу. Партызаны вырашылі дапамагчы ўзляцець крылатым машынам. Для гэтага яны  па камандзе пілота акружылі першы самалёт, ухапіліся за яго крылы, моцна ўперліся ў зямлю нагамі, сталі з усёй сілы піхаць наперад… Самалёт усё ж такі ўдалося зрушыць з месца. Ён “заскакаў” па купінах. Самалёт зрабіў кароткі, метраў у дзевяноста разбег, з цяжкасцю адарваўся ад зямлі, праляцеў над самымі вершалінамі сосен і знік на гарызонце. Праз  секунд дваццаць-трыццаць на ўзлёт пайшоў другі самалёт. А за лесам,  у бок Ляхаўцаў, у небе сталі ўзвівацца асвятляль­ныя ракеты немцаў. Даро­га да Сарнаў на са­ма­лёце павінна была заняць недзе 30 хвілін. Аднак У-2 туды ляцелі паўтары гадзіны, таму што на шляху аказалася шмат перашкод. Больш таго, самалёты трапілі  пад абстрэл зенітнай артылерыі. Лётчыкі ма­неў­равалі то ўверх, то ўніз, то ўправа, то ўлева. У Сарнах для польскай дэлегацыі была за­пла­­­навана перасадка.  Прад­­стаўнікі краёвай Ра­ды Нарадовай  сядаюць  у тры самалёты У-2 і ляцяць у штаб І Беларускага фронту.

15 мая 1944 года фа­шысцкія захопнікі знай­шлі пасадачную пляцоўку пад Ляхаўцамі. Праўда, да таго часу ўсе партызаны ўжо змаглі пакінуць Міхероўскі лес. 16 мая польская дэлегацыя ўжо была ў Маскве.

Мікалай  НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 11
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!