Што турбуе жыхароў вёскі Галёўка? (Маларыцкі раён)

У вёсцы Галёўка, якая зна­ходзіцца ў Олтушскім сельсавеце, сёння налічваецца 27 гаспадарак, прапісаны ў населеным пункце 54 жыхары, 6 з іх – дзеці, 31 – людзі пра­цаздольнага ўзросту і 17 – пенсіянеры. Але пастаянна пражывае ў вёсцы,  як расказываюць тутэйшыя, усяго чалавек трыццаць, бо многія ў Галёўку прыязджаюць толькі на лета. Жыццё ў невялікай, ак­ружанай лесам, вёсачцы, якая знаходзіцца ў аддаленні ад райцэнтра, ідзе павольна. Той, хто яшчэ ў сілах,  трымае гаспадарку, шчыруе на агародзе, спяшаецца ў лес па ягады,  а старэйшыя жыхары паціху завіхаюцца ў сваім двары. Каб пацікавіцца жыццём вяскоўцаў, даведацца, ці ёсць у іх праблемы, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Тамара Шатлікава, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі беларусь  Жанна Стаціўка і старшыня Маларыцкага раённага Савета дэпутатаў Алег Якубчык пра­вялі ў Галёўцы выязны прыём грамадзян.

Даведаўшыся,  што ў вёсцы пабываюць госці, у двор мясцовага старасты Мікалая Барысюка,  дзе планавалася правесці сустрэчу, прыйшло нямала мясцовых жыхароў. У такі асаблівы дзень, як 20 ліпеня — Дзень вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў,  размова сама сабой пайшла пра Вялікую Айчынную вайну. Жыхарка Галёўкі Ма­рыя Пятроўна Супрунюк па­дзя­лілася сваімі дзіцячымі ўспа­мінамі пра тыя жудасныя пакуты і выпрабаванні,  якія давялося перажыць у ваеннае ліхалецце. Ёй у пачатку вайны было ўсяго чатыры гады, але ў дзіцячай памяці захавалася многае: і той страх, які ахопліваў усіх, калі з вуснаў у вусны перадавалася вестка пра нападзенне на краіну фа­шыстаў,  і хваляванні, калі разам з іншымі вясковымі дзецьмі апынулася пад прыцэлам ня­­мецкага аўтамата, і абстрэлы, і голад, і холад. Цяжкім было жыццё, гаварыла Марыя Пятроўна, і вельмі радаснай – вестка пра вызваленне. Тады марылася пра добрую будучыню,  пра такое жыццё, як сёння – мірнае,  калі ёсць усё, толькі б сілы былі працаваць.

Плаўна размова перайшла на дзень сённяшні. Паколькі мэта выязнога прыёму перш за ўсё высветліць,  якія ёсць у вяскоўцаў набалелыя пытанні, і дапамагчы ў іх вырашэнні, госці пацікавіліся, што хвалюе галёўскіх жыхароў сёння. Вяскоўцы дзякавалі, што цяпер да вёскі можна дабрацца ўжо амаль увесь шлях па асфальце, толькі заўважалі, што добра было б, каб і ў самой вёсцы па ўсёй вуліцы быў пракладзены асфальт. Гаварылі пра тое, што часам даводзіцца доўга чакаць аўталаўку,  якая затрымліваецца, пакуль аб­слугоўвае людзей у іншых населеных пунктах, а ў месцы,  дзе яна спыняецца,  няма нават лаўкі,  каб прысесці. Гэтае пытанне старшыня Ол­тушскага сельвыканкама Ві­тольд Пяткевіч, які таксама прысутнічаў на прыёме грамадзян, паабяцаў вырашыць у бліжэйшы час.

Звярнуліся вяскоўцы і яш­чэ з адным пытаннем. Да вёскі Галёўка  газіфікацыя не дай­шла, таму вяскоўцы мо­гуць разлічваць толькі на электраэнергію. І каб палепшыць умовы жыцця, некаторыя з іх хацелі б усталяваць электра­награвальнае абсталяванне. Сям’і, якая першай звярнулася з такой заявай, у энерге­тычнай службе раёна далі дазвол,  а тым, хто звярнуўся пазней – адмовілі па прычыне таго, што для выкарыстання імі воданагравальнікаў патрабуецца замена абсталявання ліній электраперадач,  якія разлічаны на малую магутнасць. У плане комплекснага развіцця раёна на 2021 – 2025 гады, як раст­лумачылі вяскоўцам,  запланаваны работы па павелічэнні электрычнай магутнасці ліній электраперадач у розных населеных пунктах. Ёсць у гэтым плане і вёска Галёўка, работы тут запланаваны на 2024 год. Але ў любых планах бываюць карэкціроўкі, таму трэба звяртацца з заяўкамі і пачакаць.

Святлана Максімук

Поделиться:
  •  
  • 4
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!