Вопыт — з пакалення у пакаленне

З пакалення ў пакаленне перадаецца вопыт у сферы сельскай гаспадаркі ў сям’і Бенесюкоў-Мікійчукоў, а з ім таксама і любоў да той зямлі, на якой працуюць. Мажліва, дынастыя гэтай сям’і, якая сёння працуе ў СВК “Хаціслаўскі” ў трох пакаленнях, прадоўжыцца і далей. Час пакажа!
“Усё наша жыццё – гэта праца, — пачала свой расказ Святлана Яўгенаўна Мікійчук, — праца менавіта на зямлі, таму што мы нарадзіліся, выраслі і ўсё жыццё жывем у вёсцы. А як жа ў вёсцы без працы?! Немагчыма! Нават самы лянівы вясковец хоць маленькі агарод, але мае. Так заўсёды было і, упэўнена, будзе. На зямлі патрэбна працаваць аддана, з душою, таму што іншага яна не прымае. У нашай сям’і амаль што ўсе маюць дачыненне да СВК “Хаціслаўскі”. Мае бацькі ўсё сваё жыццё працавалі ў нашым мясцовым калгасе. Яны з самага дзяцінства ведалі, што такое гаспадарка і цяжкая праца на зямлі. Яшчэ некалі іх бацькі вучылі іх не цурацца ніякай працы, бо не сорамна працаваць, а сорамна наадварот — не працаваць. Так, дарэчы, і нас вучылі, ды і я старалася гэта перадаць сваім дзецям. Выйшаўшы замуж за майго бацьку, маці пераехала жыць да мужа ў вёску Хаціслаў. І адразу ж уладкавалася працаваць у мясцовую гаспадарку жывёлаводам, дзе таксама працаваў і бацька брыгадзірам. З дзяцінства я памятаю, што вельмі нялёгка было працаваць бацькам, але ні маці, ні бацька, якога, на жаль, ужо няма, ніколі не скардзіліся на тое, што ім цяжка. Мая мама, Аляксандра Якаўлеўна Бенясюк, сёння ў свае 75 год, знаходзячыся на пенсіі, не можа сядзець без справы, бо прывыкла, нібы руплівая пчолка, усё жыццё працаваць. Часам кажу ёй, каб кінула ўсё і адпачыла, а яна толькі галавою кіўне і далей робіць сваё. Як я ўжо адзначала, нас, дзяцей, бацькі таксама з самага малога ўзросту прывучалі да працы на зямлі. І мы з братам, можна сказаць, пайшлі па іх слядах. Генадзь Бенясюк, гэта мой брат, прыйшоў у родны калгас адразу пасля заканчэння Маларыцкага СПТВ. Спачатку працаваў трактарыстам, а зараз на ферме слесарам. Што датычыцца мяне і маёй уласнай сям’і, то мы амаль усе таксама ўжо не адзін год працуем у СВК “Хаціслаўскі”. Мой муж, Расціслаў Мікійчук, нарадзіўся і вырас на Украіне, але з цягам часу атрымалася так, што вырашыў ён пераехаць у Беларусь. Так, з 1984 года і пачаў працаваць у хаціслаўскай гаспадарцы вадзіцелем. Мы тады пазнаёміліся з ім, але неўзабаве яго забралі ў армію, пасля службы ў якой Расціслаў зноў жа вярнуўся ў Хаціслаў. Мы пачалі сустракацца, а ў 1988 годзе згулялі вяселле. А пасля адзін за адным нарадзіліся два сыны – Рома і Жэня. Увесь гэты час і па сённяшні дзень мой муж Расціслаў працуе менавіта вадзіцелем. Ён вельмі любіць сваю справу, хоць і працуе кожны дзень з ранку да вечара, але ніколі не скардзіцца, бо тэхніка для яго – амаль усё. А я ў гаспадарцы сваё месца працы знайшла ў 1991 годзе. Сёння працую вартаўніком на прахадной. Працую суткі праз двое, таму і на хатнюю гаспадарку часу хапае. Спачатку цяжка было, але да ўсяго прывыкаеш. Прадоўжыў у СВК нашу сямейную дынастыю і наш з Расціславам старэйшы сын Рома. Пасля заканчэння ў 2007 годзе Маларыцкага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Раман пачаў працаваць у СВК “Хаціслаўскі”, а пасля была армія. Пасля яе ён доўга не думаў, куды пайсці, і вярнуўся на былое месца працы. Спачатку працаваў на старым трактары, а зімой 2010 года яму, маладому механізатару, даверылі новы сучасны трактар “Беларус 3022”. Я як маці, безумоўна, шчыра радуюся, што сына ўсё задавальняе ў яго працы. Спадзяюся, што так будзе і далей. Ён у свае 23 гады мае добрую тэхніку і нават заслужыў павагу старэйшых калег. Вось так і працуем з дня ў дзень усёй нашай дружнай сям’ёй у нашым родным СВК “Хаціслаўскі”.
Анастасія Максімук.
На здымку: прадстаўнікі сямейнай дынастыі Бенесюкоў-Мікійчукоў.
Фота Алега Крэмянеўскага.

 Опубликовано в «ГЧ» 12.09.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!