З хваробай — да ўрача, з праблемай — да дэпутата

Больш за 30 гадоў жыццё Наталлі Анатольеўны Паздзяйкінай звязана з медыцынай. Вучоба ў Кемераўскім медінстытуце, дзевяць гадоў работы ў Мікашэвічах – усё гэта было да таго, як сям’я Паздзяйкіных, у якой і муж, і жонка – урачы, пераехала на Маларытчыну. Дзень за днём каляндар адлічваў месяцы, якія складаліся ў гады. Зусім непрыкметна праляцелі амаль два дзесяцігоддзі з таго часу, як маладая сям’я ўрачоў пасялілася ў вёсцы Ланская. Пачынаць тут работу давялося з нуля. З памяшкання старога лакафарбавага цэха трэба было зрабіць будынак медыцынскай установы, які адпавядаў бы ўсім стандартам. Як гэта атрымалася, ведае толькі невялікі калектыў амбулаторыі. Дапамагала фантазія, умелыя рукі і настойлівасць маладога кіраўніка. Галоўнымі патрабаваннямі Наталлі Анатольеўны заўжды былі чысціня, парадак і дысцыпліна.
У свой час вясковая медыцынская ўстанова не была перададзена на баланс раённай установы аховы здароўя, а ў мясцовай гаспадаркі, якой яна належыла, сродкаў на ўтрыманне будынка не было, а таму калектыву амбулаторыі засталося спадзявацца толькі на сябе. Менавіта сваімі сіламі рабілі ў амбулаторыі касметычныя рамонты, аднаўлялі старую мэблю. Але час патрабаваў змен. І тады Наталля Анатольеўна, якая на той час была ўжо абрана дэпутатам раённага Савета, вырашаючы многія бытавыя праблемы вяскоўцаў, палічыла неабходным не пакінуць без увагі і праблемы амбулаторыі, і звярнулася да раённай улады са сваім першым дэпутацкім запытам. Кіраўніцтвам раёна яе абгрунтаваная просьба аб выдзяленні амбулаторыі фінансавых сродкаў была ўспрынята з разуменнем. Напрыканцы года са спецыяльнага фонду амбулаторыя атрымала грошы, на якія былі закуплены шпалеры, фарба, лінолеум і новы халадзільнік. Не адмовілі ў просьбе дэпутату і ў наступны год,  дзякуючы чаму была добраўпарадкавана тэрыторыя вакол будынка. Але і на гэтым дэпутат-кіраўнік не спынілася.  Наталлю Анатольеўну не пакідала думка, што кожны вясковы жыхар мае поўнае права атрымліваць медыцынскія паслугі ў добрых умовах, а кожны сельскі медработнік павінен разлічваць на добрыя ўмовы працы. І зноў дэпутат звяртаецца з просьбай, вынік якой – сродкі на набыццё мэблі і новы рамонт.  Сёння амбулаторыя агульнай практыкі ў Ланской, якая ўжо не адзін год утрымлівае званне лепшай у раёне,  мае ўсе ўмовы, каб аказваць вяскоўцам дастойную медыцынскую дапамогу.  Тут ёсць усё: і ўтульнасць, і неабходнае абсталяванне, і спецыялісты, якія добра ведаюць сваю справу. Прыём хворых у амбулаторыі, выезд на ФАП у Радзеж, наведванне хворых па выкліку,  абследаванне пажылых людзей у аддаленых вёсках – прывычны расклад працоўнага тыдня Наталлі Анатольеўны.  Кожны раз доктар бярэ з сабою на выезд электракардыёграф, каб адразу дома зрабіць пацыенту кардыяграму. Тут жа ў час выезду бяруцца аналізы. Між  іншым, у амбулаторыю закуплена ўсё неабходнае абсталяванне для правядзення рознага роду аналізаў. А таму каб праверыць, да прыкладу, узровень глюкозы ў крыві ці пераканацца ў тым, што прыступ болю ў жываце – гэта не апендыцыт, пацыента, які прыходзіць у амбулаторыю, не адпраўляюць у райцэнтр, а праводзяць неабходныя абследаванні на месцы. А ў стаматалагічны кабінет, дзе праводзіцца не толькі лячэнне, але і пратэзаванне зубоў, едуць у Ланскую пацыенты нават з горада. У гэтым кабінеце таксама ёсць усё неабходнае абсталяванне,  набыць частку якога  дапамог, аказаўшы спонсарскую падтрымку, СВК “Хаціслаўскі”. Праўда, спа­дзяюцца ў амбулаторыі, што ў стаматалагічным кабінеце, нарэшце, з’явіцца новая стаматалагічная ўстаноўка, якая, безумоўна, парадуе і ўрача, і пацыентаў. Верыць Наталля Анатольеўна і ў тое, што будзе пачута яе просьба аб камп’ютэрызацыі амбулаторыі. Гэта значна аблегчыла б, упэўнена яна,  працу ўсіх медработнікаў і з’эканоміла б  час для больш грунтоўнага абследавання хворых.
Свайго доктара паважаюць  і ў вёсцы, і ў невялікім калектыве амбулаторыі. І ўсё таму, што як добры кіраўнік Наталля Анатольеўна ўмее,  захоўваючы субардынацыю,  з’яднаць калектыў, зрабіць яго маленькай,  дружнай сям’ёй, як урач — быць строгай і ў той жа час ніколі нікому не адмаўляць у дапамозе, як інтэлігентны чалавек — быць патрабавальнай да сябе і да іншых, служыць прыкладам, і ў той жа час не аддаляцца ад вяскоўцаў.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Наталля Анатольеўна ПАЗДЗЯЙКІНА.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.