Апошні прытулак

Рэдакцыя райгазеты пачынае акцыю “Эстафета памяці”, прымеркаваную да 65-годдзя Вялікай Перамогі. Завочна падарожнічаючы па раёне ад помніка да помніка, ад абеліска да абеліска, хочацца такім чынам ушанаваць памяць тых, хто загінуў у імя вызвалення Айчыны ад фашысцкай чумы, яшчэ раз напомніць, якою цаною была заваявана Перамога ў маі 1945 г., колькі жыццяў маларытчан пакладзена на яе алтар  дзеля нашай незалежнасці. Ваеннае ліхалецце, якое смерчам пранеслася па Маларытчыне і закранула амаль кожную сям’ю,  застыла ў помніках,  абелісках, брацкіх магілах. Гэта – увекавечаная даніна павагі тым, хто сваім жыццём каваў будучыню на франтах, у тыле, партызанскім атрадзе. Гэта бязмерная падзяка і тым, хто ў ліхую гадзіну сеяў і жаў збожжа, гадаваў дзяцей, шыў адзенне, проста дапамагаў абяздоленым, параненым, зняможаным, хто ў лютыя маразы саграваў, карміў, паіў, дзяліўся медыкаментамі, даваў прытулак на гадзіну, суткі, рызыкуючы сабою. Гэта памяць пра ўсіх тых, хто па меры сваіх сіл уносіў уклад у агульную справу – разгром захопнікаў. Гэта – подзвіг, пра які неабходна помніць усім і заўжды.
На сённяшні дзень на тэрыторыі раёна налічваецца 57 воінскіх захаванняў, з іх – 47 брацкіх магіл, 1 вайсковыя могілкі, 9 індывідуальных магіл (7 – часоў Вялікай Айчыннай вайны). У іх пахавана 5393 чалавекі,   3624 з гэтага ліку – невядомыя. Маларыцкая зямля стала апошнім прытулкам для 535 ваеннаслужачых, 201 удзельніка супраціўлення і 4657 ахвяр вайны.
На паўночна-заходняй ускраіне Маларыты, у скверы па вул.Савецкай (разгалінаванне дарог Олтуш-Збураж) знаходзіцца захаванне-брацкая магіла. Тут знайшоў спачын 141 чалавек (з іх – 121 невядомы): воіны 75-й дывізіі 70-й арміі і партызаны брыгады імя Леніна, якія загінулі ў баях 1941 г. пры абароне горада і ў баях 1944 г. за вызваленне раёна. У 1972 г. на магіле ўстаноўлены бетонны помнік. На пастаменце ёсць кампазіцыя, якую ўтвараюць фігуры воіна, партызана і маці са зброяю ў руках. Да яго прымыкае невысокая трапецавідная стэла з імёнамі вядомых воінаў і партызан, што загінулі.
Ва ўрочышчы Мелавая Гара, па дарозе Маларыта-Олтуш (за 6 км ад райцэнтра),  знаходзіцца брацкая магіла памерам 8х7х4м. Тут пахавана 58 воінаў (з іх 30 невядомых) 75-й стралковай дывізіі,  што загінулі ў 1941 г. (былі захаваны ў 1944 г.). У 1969 г. насыпаны курган, устаноўлена мемарыяльная мазаіка з керамічнай пліткі: у руцэ салдат трымае аўтамат.
Падрыхтаваў Мікалай НАВУМЧЫК.
НА ЗДЫМКУ:  Курган Славы.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.