Увекавечаны часам

Мікалай Селяшчук – наш зямляк, вядомы беларускі мастак. Яму было адведзена толькі 49 зямных гадоў. Але гэтага часу хапіла, каб сцвердзіць сябе самабытным, арыгінальным творцам і стаць вядомым не толькі на Беларусі, але і далёка за яе межамі.
Мікалай Селяшчук нара­дзіўся ў вёсцы Веліка­рыта. У 1957 годзе яго бацькі пераязджаюць у в.Пугачова пад Брэстам. У Брэсце займаўся ў мастацкай студыі пад кіраўніцтвам Пятра Данеліі. Скончыў сярэднюю школу №4 у абласным цэнтры. Пасля некаторы час працаваў у Брэсцкім гарнізонным Доме афіцэраў на пасадзе мастака-рэкламіста. Затым вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы імя А.Глебава на аддзяленні жывапісу. У 1968 годзе прызываецца на службу ў армію. Пасля дэмабілізацыі паступае на кафедру графікі Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мас­тацкага інстытута. У 1976 годзе закон­чыў вучобу “з адзнакай” па спецыяльнасці “Мастак-графік”.
У 1992 г. Мікалай Міхай­лавіч атрымаў Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь. У тым жа годзе біяграфічным цэнтрам Кембрыджскага ўніверсітэта прызнаны Чалавекам года ў галіне культуры. У яго творчай скарбонцы — дыпломы “За выдатныя дасягненні ў ХХ стагоддзі”. У 1995 годзе мастак уганараваны прэміяй года “Сустрэчы на Раство”. Мікалай Селяшчук таксама абіраўся акадэмікам жывапісу грамадскага аб’яднання “Беларуская акадэмія выяўленчага мастацтва”, віцэ-прэзідэнтам БелАВМ.
Мікалай Міхай­лавіч быў узнагароджаны 18 дыпломамі за ўдзел ва ўсесаюзных і рэспубліканскіх конкурсах кніж­най графікі. Творы мастака экспанаваліся не толькі ў Беларусі, ЗША, Канадзе, Інданэзіі, Японіі, Велікабрытаніі, але і яшчэ ў 18 краінах свету.
Жывапіс і графіка Мікалая Селешчука захоўваюцца ў Траццякоўскай галерэі ў Маскве, Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва Беларусі, калекцыі Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага мастацтва Экватарыяльнай Гвінеі, Галерэі Кастакі ў Афінах (Грэцыя), Галерэі Хагельстам у Хельсінкі (Фінляндыя), Салоне Сціва Каплянскага ў Таронта (Канада), Гандлёва-прамысловым цэнтры Мінеапаліса (ЗША), у Музеі сучаснага рускага мастацтва ў Нью-Джэрсі (ЗША), музеі Мальбарка (Польшча), музеі Шлесбурк (Германія), бібліятэцы Кірылы і Мяфодзія (Балгарыя), а таксама ў прыватных калекцыях больш, чым 10 краін свету.
Талент Мікалая Селешчука асабліва яскрава раскрыўся ў жывапісе, якому ўласцівы іншасказальнасць, алегарычнасць, метафарычнасць мастацкай мовы, філасофскае асэнсаванне рэчаіснасці. Ён цікава і плённа працаваў ў станковай і кніжнай графіцы, у экслібрысе і станковым жывапісе. У творчасці імкнуўся паказаць непарыўную сувязь вытокаў нацыянальнай культуры і сучаснага мастацтва, спалучаў сюррэалістычную манеру выканання з вобразамі беларускага народнага фальклору і этнаграфіі. Багаццем фантазіі, вытанчанасцю і дасканаласцю малюнкаў вылучаюцца не адна аздобленая ім кніга. Палотны Мікалая Селешчука часта падобныя на дзівосныя казачныя сны. Яны прасякнуты глыбокім мастацкім асэнсаваннем нашага няпростага часу, імкненнем да спасціжэння новых тэм і новых жывапісных сродкаў.
***
Маларытчына памятае пра свайго земляка. У гонар 65-годдзя з дня нараджэння Мікалая Селешчука прайшлі мерапрыемствы. Напрыклад, у раённай бібліятэцы адбылася выстава-прэзентацыя «З палотнаў ён звяртаецца да нас»; у Дарапеевіцкай бібліятэцы-філіяле — выстава адной кнігі «Гучанне музыкі нябёсаў»; у Брадзяцінскай і ў Лукаўскай бібліятэках-філіялах, у Велікарыцкай бібліятэцы-філіяле — інфармацыйныя гадзіны «Мікалаю Селешчуку – 65». Акрамя таго, аддзел бібліятэчнага маркетынгу ЦБС падрыхтаваў і выдаў брашуру “Мікалай Селяшчук. Жыццё і творчасць” у серыі “Знакамітыя людзі Маларытчыны”, а таксама склаў картатэку артыкулаў пра жыццё і творчасць Мікалая Селешчука.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Мікалай Селяшчук з маці.

Опубликовано в «ГЧ» 26.09.2012 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!