Выставка игрушек СССР в Малорите. Есть довольно интересные экземпляры
Нядаўна для навучэнцаў Маларыцкага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці адміністрацыя ўстановы арганізавала не зусім звычайнае мерапрыемства. У спартыўнай зале прайшла рэтравыстава. На ёй было прадстаўлена амаль 80 дзіцячых цацак часоў СССР. Гэта – трактары, экскаватары, мотаролеры, картынгі, кабрыялеты з калекцыі жыхара Брэста Аляксандра Хільковіча.
– Аляксандр Віктаравіч – выпускнік Маларыцкага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці, – гаворыць намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Аксана Мірчук. – У нашай установе адукацыі ён вучыўся ў 2006-2009 гадах. Некаторы час па набытай у нас спецыяльнасці працаваў у Брэсцкай кацельнай гаспадарцы.
Асноўнае на выставе – дзіцячыя машынкі савецкай вытворчасці: старэнькія грузавікі, педальныя “Масквічы”, “Жыгулі”. Аляксандр Хільковіч не проста ўжо некалькі гадоў збірае цацкі часоў Савецкага Саюза, але і вяртае іх да жыцця – рэстаўрыруе. Акрамя цацачных машын, брастаўчанін таксама калекцыяніруе дзіцячыя веласіпеды, якія выпускаліся ў СССР, і іншы транспарт. Усё гэта таксама было прадстаўлена на выставе.
Аляксандр Хільковіч для навучэнцаў правёў цікавыя экскурсіі, падрабязна расказаўшы пра некаторыя мадэлі дзіцячых рэтрамашын, адказаў на пытанні.
Мікалай НАВУМЧЫК.








