Дзесяць пялёсткаў на кветцы захаплення

Анастасія Лашак – дзяўчына сціплая, але вельмі актыўная. Калі ў школе вечар – яна з мікрафонам на сцэне, калі на конкурс патрэбны малюнак – хутка бярэцца за аловак, калі на выстаўку неабходны прыгожы выраб – дастае са скарбонкі бісер ці ніткі і пачынае ствараць… Захапленні дзяўчыны ў поўным сэнсе слова паспрабавала падлічыць на пальцах. Налічыла дзесяць. Гэта і вышыўка крыжыкам,і саломапляценне, і вязанне кручком, і работа з пацеркамі, і музыка, і танцы, і тэатральнае мастацтва, і фатаграфія, і маляванне, і нават кандытарская справа.
Яшчэ ў дзіцячым садку маленькая Насця ахвотна ўдзельнічала ў тэатралізаваных пастаноўках. А таму, калі ў школьныя гады даведалася, што хлопчыкаў і дзяўчынак набірае ў Цэнтры пазашкольнай работы калектыў “Каламбур”, адразу запісалася. Менавіта тут яна пазнаёмілася з сапраўдным тэатральным мастацтвам, навучылася трымацца на сцэне, змагла праявіць сябе ў розных ролях, як маленькіх, нязначных, дзе трэба было сказаць усяго некалькі выразаў, так і галоўных. Як гэта складана – пераўвасабляцца ў свайго сцэнічнага героя, дзяўчынка зразумела, калі ў навагоднім прадстаўленні ёй трэба было выканаць ролю Кашчэя, ужыцца ў вобраз Вінаграду з казкі “Чапаліна” ці Мухі-Цакатухі.
Паралельна з тэатральным мастацтвам Анастасія авалодвала і музычным, наведваючы дзіцячую школу мастацтваў. За пяць гадоў дзяўчынка навучылася іграць на домры, гітары і нават фартэпіяна. Тут жа, у школе мастацтваў, наведвала яна і эстрадную студыю, выступала на сцэне ў мюзіклах. Цяпер, калі заняткі ў музычнай школе ўжо ў мінулым, творчая дзяўчына запісалася ў эстрадную студыю “Забава”, якая дзейнічае пры ГДК. А яшчэ яна пастаянная ўдзельніца школьнай студыі “Элегія”.
Наведваючы ўрокі музыкі, выступаючы на сцэне з тэатральным калектывам, Анастасія знаходзіла час і для рукадзелля.
— Мне заўжды хацелася навучыцца рабіць тое, што яшчэ не ўмею. У першым класе разам з сяброўкамі запісалася ў гурток вязання і вышыўкі. Было вельмі цікава рабіць сваімі рукамі падарункі матулі, бабулі, сяброўкам, — успамінае Анастасія.
Вязаныя кручком сурвэткі, вышытыя крыжыкам карціны і сёння ўпрыгожваюць пакой Анастасіі. Тут жа і прыгожыя дрэвы з бісеру, і акуратна сплеценыя кветкі з саломкі. Між іншым, майстэрству саломапляцення навучылася дзяўчына ў рэспубліканскім лагеры “Зубраня”, дзе пашчасціла ёй адпачываць. Менавіта там, наведваючы творчую лабараторыю, яна хутка з прыступкі навічка перайшла ў разрад падмайстра, а неўзабаве і ўвогуле атрымала званне майстра і грамату за творчасць, фантазію і працавітасць. Але самае галоўнае – навучылася рабіць прыгожыя рэчы. Нядаўна скарбонку захапленняў Анастасіі папоўніла яшчэ адно – вязанне цацак. Прыгожыя Смяшарыкі, вязаныя з нітак, выглядаюць быццам жывыя мультыплікацыйныя героі. Яшчэ марыць дзяўчына знайсці ключык да маляўнічага мастацтва, навучыцца маляваць па шклу. Першы крок да здзяйснення мары яна ўжо зрабіла — пачала займацца ў мастацкім гуртку.
Кожнае захапленне патрабуе нямала часу. А апошняга, як прызнаецца Анастасія, з кожным годам усё менш, бо ёй, як дзесяцікласніцы, трэба шмат часу аддаваць вучобе. Да таго ж Анастасія – актывістка ва ўсіх школьных справах, удзельніца розных школьных і раённых конкурсаў. Прычым не толькі ўдзельніца, але і пераможца. Так, сёлета ў раённым конкурсе “Міс-юнацтва – 2012” яна атрымала званне першай віцэ-міс.
Той, хто жадае ствараць, лічыць дзяўчына, знаходзіць магчымасці, а хто нічым не цікавіцца, спасылаецца на цяжкасці. Пасля заняткаў у школе, вывучыўшы урокі, Анастасія паспявае наведаць гурток, прагуляцца з сяброўкамі, прыхапіўшы з сабою фотаапарат, каб “злавіць” цудоўныя сюжэты прыроды, дапамагчы ў хатніх справах бацькам, ды яшчэ і пірог смачны спячы, свой рэцэпт ласункаў прыдумаць. А ўсё таму, што спадарожніцай дзяўчыны з’яўляецца жаданне. Жаданне ствараць, жаданне вучыцца ўсяму новаму,жаданне здзіўляць іншых…
НА ЗДЫМКУ: Анастасія Лашак.

Опубликовано в «ГЧ» 29.09.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!