Упэўнены крок у прафесію

Маладым спецыялістам звычайна больш удзяляюць увагі, таму што толькі прыйшоўшы на працоўнае месца, яны, у першую чаргу, не маюць вопыту, а па-другое, не ведаюць у поўнай ступені ўсю спецыфіку працы. У цэнтральнай раённай аптэцы маладых спецыялістаў прымаюць з задавальненнем. Сёлета, як адзначыла загадчыца аптэкі Наталля Ганчарэнка, да іх прыйшлі працаваць чатыры маладыя спецыялісты. Гэта два правізары: Вераніка Гапанюк, якая сама з Брэста, і Анастасія Ткачэнка, якая з Віцебскай вобласці. Дзяўчаты закончылі Віцебскі медыцынскі ўніверсітэт. Кацярына Мельнічук, якая таксама з Брэста, і Кацярына Шмігельская, якая з Пінскага раёна, пасля заканчэння Магілёўскага медыцынскага каледжа зноў жа прыехалі на работу ў Маларыту. Усе дзяўчаты працуюць у цэнтральнай раённай аптэцы, а Кацярына Шмігельская – загадчыцай аптэкі №48 вёскі Олтуш. Наталля Іванаўна Ганчарэнка распавяла: “Мы да сваіх маладых спецыялістаў стараемся адносіцца ўважліва. Расказваем усё, што ведаем самі, і дапамагаем, калі некалі ўзнікаюць пытанні. Таксама патрэбна адзначыць, што жывуць яны ў інтэрнаце. Увогуле, не магу не адзначыць і ўзровень падрыхтоўкі сённяшняй моладзі. Усе яны прыйшлі да нас з добрымі ведамі і гэта, безумоўна, не можа не радаваць. Прыемна, што ўсе нашы маладыя дзяўчаты сумленна ставяцца да працы. Спадзяюся, што адпрацаваўшы абавязковы тэрмін, два гады, яны і далей застануцца працаваць у нашым раёне”.
Пагутарыўшы з двума правізарамі Веранікай Гапанюк і Анастасіяй Ткачэнка, зразумела, што справа іх ім сапраўды падабаецца. Безумоўна, дзяўчаты прызнаюцца, што часам узнікаюць некаторыя цяжкасці, але старэйшыя калегі заўсёды падкажуць альбо дапамогуць. Праца з людзьмі – не з лёгкіх, але галоўнае, на думку дзяўчат-правізараў, гэта добразычлівасць, ветлівасць у адносінах да кліентаў. Што ж, поспехаў вам, маладыя спецыялісты!
Анастасія Максімук.
На здымку: маладыя правізары цэнтральнай раённай аптэкі Вераніка Гапанюк і Анастасія Ткачэнка.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано в “ГЧ” 29.09.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий