САКРЭТ СМАКУ — У ЯКАСЦІ

Маларыцкае райспажыўтаварыства: ХЛЕБАЗАВОД

“Мне, калі ласка, буханачку хлеба маларыцкага”, – такую просьбу ў магазінах даводзіцца чуць нярэдка. І хоць сваёй гандлёвай маркі ў маларыцкіх хлебапёкаў пакуль няма, але марку “Маларыцкі” (а значыць самы смачны) даўно ўжо прысвоілі пакупнікі духмянаму прадукту, які штодня трапляе на паліцы магазінаў раёна. На прадпрыемстве, дзе і ўдзень, і ўначы працуюць над тым, каб штодня на стале нашым быў румяны бохан, пабывалі карэспандэнты “раёнкі”.

І. На новым вітку

Рэканструкцыя прадпрыемства – гэта, бясспрэчна, крок наперад. Але перш чым зрабіць гэты крок, трэба спы­ніць работу прадпрыемства, а потым па-новаму заводзіць магутны механізм: уводзіць у эксплуатацыю новае абсталяванне, адпрацоўваць тэхналагічныя працэсы, вяртаць рынкі збыту. Першую прадукцыю пасля рэканструкцыі хлебазавод Маларыцкага райпа пачаў выпускаць у лютым-сакавіку 2009 года. Новае абсталяванне патрабавала і новага асартыменту прадукцыі. І з гэтай задачай хлебазавод справіўся, асвоіўшы 41 найменне хлебабулачных вырабаў, 12 найменняў кандытарскіх вырабаў і 10 найменняў паўфабрыкатаў. Была адпрацавана тэхналогія вытворчасці палепшаных заварных гатункаў хлеба па чатырохстадыйнай тэхналогіі. У 4 разы павялічылася вытворчасць чарэневых гатункаў. 130,7 % склаў тэмп росту кандытарскіх вырабаў. Карпатлівая работа ўсяго калектыву дала свой вынік.
— Мы не толькі змаглі вярнуць пасля многіх месяцаў вымушанага перапынку свае рынкі збыту, але і знайшлі новых спажыўцоў, — расказвала намеснік старшыні райспажыўтаварыства Міраслава Ляшкевіч. — Сёння хлебазавод пастаўляе прадукцыю, вырабленую па новых тэхналогіях, у 94 гандлёвыя кропкі за межы раёна. Прадукцыя Маларыцкага хлебазавода адпраўляецца не толькі ў магазіны спажыўкааперацыі, але і таксама ў гандлёвыя кропкі Брэстміжрайбазы, гандлёвую сетку “Санта-Імпэкс” і 20 магазінаў прыватнай формы ўласнасці, 12 з якіх знахо­дзяцца ў Брэсце. Штодня прадукцыю развозяць 8 хлебных машын, дзве з якіх накіроўваюцца ў Брэст. Галоўнае патрабаванне да любой прадукцыі, і асабліва прадуктаў харчавання – гэта якасць. Некалькі гадоў працавала прадпрыемства над распрацоўкай і ўкараненнем сістэмы менеджменту якасці ISO 9001. Гэтая сістэма ў лістападзе 2009 года была сертыфікавана. Сертыфікат, атрыманы хлебазаводам, сведчыць пра тое, што вытворчасць хлебабулачных вырабаў адпавядае міжнародным стандартам.

ІІ. На любы густ

Той час, калі ў пакупніка амаль не было магчымасці выбіраць, даўно адышоў у мінулае. Сёння на паліцах магазінаў багаты выбар любой прадукцыі. Як з некалькіх дзесяткаў відаў хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў выбраць той, што будзе даспадобы? Безумоўна, паспрабаваўшы. У тым, што ў шырокім асартыменце прадукцыі хлебазавода кожны зможа знайсці нешта на свой смак, сумненняў няма. Між іншым, працуючы над новымі гатункамі, на прадпрыемстве ў першую чаргу падумалі пра тое, каб прадукцыя, якая кожны дзень трапляе да пакупніка, была якаснай і карыснай.
Перавага прадукцыі маларыцкіх хлебапёкаў у тым, як падкрэсліваюць спецыялісты прадпрыемства, што ў вытворчасці хлебабулачных вырабаў не вы­карыстоўваюцца штучныя  дабаўкі і напаўняльнікі, якія ўздзейнічаюць на павелічэнне аб’ёму і порыстасць хлеба за кошт пэўных хі­мічных рэакцый. Вы­карыстоўваюцца тут толькі зерневыя дабаўкі, вотруб’е, мёд, клятчатка – усё тое, што карысна для здароўя чалавека.
Летась на заводзе пачалі выпякаць дыетычную прадукцыю: вельмі карысны для страўніка бездражджавы хлеб “Дунайскі”, багетны батон дыетычны на яблычным соку, булка з жытнёвай мукі, хлябцы дыетычныя з вотруб’ем, хлеб зерневы “Здароўе” з пшанічнай крупкай.
На прадпрыемстве прайшла адпрацоўка тэхналагічнага працэсу выпечкі новых хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў з выкарыстаннем шматкампанентных зерневых сумесяў. Гэтыя дабаўкі, як сцвярджаюць спецыялісты, не толькі паляпшаюць якасць хлебабулачных вырабаў, але і, дзякуючы таму, што ў іх склад уваходзяць ільняное семя, вострыя прыправы, соевы шрот і аскарбінка, вельмі карысныя для арганізма кожнага чалавека. Між іншым, унікальная “Бабуліна сумесь” надае хлебным вырабам непаўторны смак “вяс­ковай” вы­печкі. Распрацавана ўжо 12 рэцэптур хлеба са шматкампанентнымі дабаўкамі, і вельмі хутка на паліцах магазінаў раёна з’явяцца хлеб “Родны”, хлеб “Свойскі”, булачка з часночнай начынкай.
Нямала цікавых навінак прапаноўвае пакупнікам і кандытарскі цэх хлебазавода. Толькі аднаго пячэння аўсянага выпякаюць тут чатыры віды: “Арэхавае”, “Фантазія”, “Загадка” і “Разыначка”. Паспелі ацаніць ужо маларытчане і ласункі мучныя “Какосавыя” і “Райскія”, кекс “Арэхавы” і многія іншыя салодкія вырабы, значная частка якіх трапляе на паліцы магазінаў у прыгожай каляровай упакоўцы.
Не забылі хлебапёкі за­даволіць попыт пакупнікоў і ў час посту. На паліцах магазінаў з’явіліся посныя батоны, булкі, пернікі, бе­лы хлеб. А вось да свята Вялікадня, як падзялілася за­думамі Міраслава Ляшкевіч, хлебапёкі рыхтуюць для маларытчан новы падарунак. Па палепшанай рэцэптуры будуць выпякацца  тут пірагі “Бабулін з разынкамі”, “Бабулін з макам і разынкамі”, кулічы з разнастайнымі пасыпкамі.
Спыняцца на тым, што ёсць, на прадпрыемстве не збіраюцца. Усе “сакрэты” ў пашырэнні асартыменту тут пакуль не выдаюць. Але абяцаюць, што ўся прадукцыя хлебазавода будзе якаснай. А інакш і быць не павінна, тым больш, што 2010 год аб’яўлены ў рэспубліцы Годам якасці.

ІІІ. “Узбраенне” пайшло на карысць

Якасць прадукцыі – гэта многія складаемыя, і ў першую чаргу яна залежыць ад абсталявання. За час рэканструкцыі завод “узброіўся” 11 адзінкамі новага абсталявання – ад печаў (старыя, якія адслужылі 30 гадоў, замянілі на новыя, энергазберагальныя), цестадзяліцеля да троххуткаснай цестамясільнай машыны, якая паляпшае порыстасць і іншыя якасныя паказчыкі хлеба. Тэхналагічная мадэрнізацыя дала прадпрыемству магчымасць з’эканоміць на энергарэсурсах летась больш за 65 мільёнаў рублёў. Сёлета ў адпаведнасці з планам мерапрыемстваў па паляпшэнні якасці, было цалкам заменена старое вагавое абсталяванне на электроннае. Ёсць у плане і яшчэ адзін важны пункт – распрацаваць сваю гандлёвую марку, па якой прадукцыю Маларыцкага хлебазавода будуць пазнаваць усюды. Над гэтым цяпер і працуе прадпрыемства.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.