Гаспадыня кніжнага царства Таццяна Хомік (Маларыцкі раён)

У сучасных умовах бібліятэка – гэта не проста ўстанова, будынак, кнігасховішча, у якім ёсць кнігі, часопісы, газеты. Гэта своеасаблівая шматфункцыянальная ўстанова культуры, інфармацыйны і асветніцкі цэнтр, месца, дзе можна з карысцю і цікавасцю правесці вольны час, раскрыць свае творчыя схільнасці, сустрэцца з цікавымі людзьмі.

– Для чытачоў важна ўсё: як сустрэне яго бібліятэкар, як павітае, ці пацікавіцца справамі, што прапануе пачытаць,  – гаворыць бібліятэкар Хаціслаўскай сель-с­кай бібліятэкі Таццяна Хомік. – Ад таго, як бібліятэкар сустрэне чытача,  сапраўды, залежыць не толькі яго настрой, але і тое, ці захоча ён прыйсці сюды яшчэ раз. Чытача неабходна зацікавіць. Цяпер у Хаціслаўскай сельскай бібліятэцы амаль 12 тысяч экзэмпляраў розных кніг, часопісаў, газет. Установа абслугоўвае  300 пастаянных чытачоў, палова з іх – дзеці. Улічваючы рэаліі сённяшняга часу, трэба адзначыць, што для сельскай мясцовасці прыведзеныя лічбы з’яўляюцца ў нейкім сэнсе паказальнымі і пераконваюць у тым, што кніга не страціла сваёй папулярнасці ў Хаціславе, па-ранейшаму захоўвае прыцягальнасць. Хаціслаўская сельская бібліятэка адметная яшчэ і тым, што яна ў пастаянным пошуку розных новых форм работы для дыялогу паміж кнігай і чытачом.

Пачынаць працаваць у бібліятэцы Таццяне Мікалаеў не было няпроста.  І не таму,  што работа складаная. А  па той прычыне,  што хацелася быць не горшай за Галіну Бенясюк, якая працавала тут раней. Яна была майстрам сваёй справы, мела аўтарытэт сярод чытачоў. На яе падобнай у рабоце і хацела быць Таццяна Хомік.

Бібліятэкарам Таццяна Мікалаеўна быць не збіралася. У старэйшых класах яна захапілася нямецкай мовай. Таму старанна рыхтавалася да паступлення на факультэт замежных моў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна,  каб набыць спецыяльнасць настаўніка нямецкай мовы. Выдатна яна здала выпускныя экзамены ў школе. Парадавалі і вынікі цэнтралізаванага тэсціравання. Ад радасці была, як кажуць, на сёмым небе: яна стала сту­дэнткай-першакурсніцай! Вучоба давалася лёгка. Аднак пасля другога курса  вучобу нечакана для іншых кінула.

– Я закахалася ў мясцовага хлопца Андрэя, якога ведала з маленства. Быў выбар: вучоба ці сям’я. Перавагу аддала сямейнаму шчасцю. Хутка ў нас з’явіўся сын Уладзіслаў,  а пасля – Арцём і Платон. На стацыянары вучыцца было б цяжка з малым дзіцём на руках. Меркавала, што перавядуся на завочную форму навучання. Аднак па маёй спецыяльнасці “завочкі” не было. Таму на сямейным савеце было вырашана, што пакуль у маёй вучобе  будзе перапынак на нейкі час. Нават былі думкі, што пазней, як падрастуць дзеці, усё ж такі закончу вучобу.  Аднак абставіны склаліся па-іншаму,  – расказвае Таццяна Мікалаеўна.

Былы бібліятэкар Хаціслаўскай сельскай бібліятэкі пайшла на заслужаны адпачынак. Тэрмінова патрабаваўся бібліятэкар. Дырэктар Хаціслаўскага СДК Галіна Хомік прапанавала гэтую пасаду Таццяне Хомік пры ўмове, што яна набудзе  адпаведную вышэйшую адукацыю.

– Я з гэтым пагадзілася, – кажа Таццяна Мікалаеўна. – З кастрычніка  2009 года ўладкавалася бібліятэкарам, а пазней закончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтва і ат­рымала кваліфікацыю бібліятэкар-біб­ліёграф, менеджар.

Чым прываблівае чытачоў Хаціслаў-ская сельская бібліятэка? Сваёй утульнасцю, камфортам, нейкім шармам. У бібліятэцы шмат кветак, на паліцах усюды – парадак і чысціня. Увагу  чытачоў прывабліваюць і арыгінальна афор­мленыя выставы. Таццяна  Міка­лаеўна праводзіць шмат розных  мера­прыемстваў. Пра гэта сведчаць фотаспра­ваздачы.

Новыя гарызонты ў дзейнасці бібліятэк адкрывае анлайн-фармат. Хаціслаўская сельская бібліятэка актыўна асвойвае інтэрнэт-прастору – шукае новыя дынамічныя формы работы, напаўняючы іх зместам, адпаведным часу.

– Чытач цяпер мабільны, значную частку свайго часу ён праводзіць у ін­тэр­нэце, у сацыяльных сетках, – кажа бібліятэкар.  – У сваёй рабоце гэтую акалічнасць я таксама ўлі­чыла. Яшчэ ў 2016 годзе ў сацыяльнай сетцы “ВКонтакте” з’явілася група нашай бібліятэкі. Цяпер у ёй 238 ак­тыўных карыстальнікаў. У гэтай групе размяшчаюцца аб’явы, фотасправаздачы аб праведзеных мерапрыемствах, навінкі літаратуры, розная карысная інфармацыя. Тут жа можна пазнаёміццца з тымі паслугамі, якія аказвае  наша бібліятэка.

Яшчэ адзін накірунак дзейнасці біб­ліятэкара Таццяны Хомік – стварэнне  ўласных відэаролікаў на розную тэматыку.

– Не ўсе нашы чытачы могуць наведаць мерапрыемствы, якія праводзяцца ў бібліятэцы. А хацелася б ведаць, пра што там ішла размова. Для гэтага вы­рашана было рабіць відэазапіс мера­прыемстваў (звычайна працягласцю 15-17 хвілін), а пасля яго размяшчаць у нашай бібліятэчнай групе “ВКонтакте”. Цяпер у свабодным доступе ёсць такія нашы відэаролікі, як “Тут я жыву” (пра Хаціслаў і хаціславян), “Нам гэты дзень не забыць ніколі” (да пачатку Вялікай Айчыннай вайны), “Па запаветных мясцінах Маларыцкага раёна”, “Афганістан – наша памяць і боль” (сустрэча з воінам-інтэрнацыяналістам Аркадзіем Кавальчуком), “Паэтычны анлайн-марафон”, матэрыялы да юбілеяў класікаў беларускай літаратуры. Нядаўна пачалі выпускаць “Анлайн-хвілінкі” пра родную мову. Па просьбе нашых чытачоў цяпер некаторыя свае матэрыялы таксама размяшчаем і на відэахостынгу “YouTube”.

Мікалай  НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий