Маларыта: любоў мая – горад над Рытай!
Ёcць любoў дa блiзкaгa чaлaвeкa, ёcць любoў дa poднaй зямлi, дa cцeжaк мaлeнcтвa, дa роднай мовы, да мaтчынaй пecнi і калыханкі. А ёcць яшчэ нявыказаная любoў дa роднага гopaдa, які займае важнае і значнае месца ў жыцці.
Калі глядзіш на карту Беларусі, то позірк міжволі шукае тое месца, дзе цяпер знаходзішся. Для нас – гэта Маларыта, паўднёвы захад краіны, самы яе ўскраек, дзе сыходзяцца межы Беларусі, Украіны і Польшчы. Зусім невялікая кропачка на карце, але такая родная сэрцу, такая блізкая, дарагая, прывабная, незаменная, самая-самая. Яна адначасова і нешта асабістае, прыватнае і нават сакральнае.
Не верыцца, але нашаму райцэнтру ўжо 457 гадоў! Першы пісьмовы ўспамін пра Маларыту датуецца 1564 годам у дакументах аб размежаванні Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага. Да 1566 года адносяцца звесткі пра сяло Рыта Малая, якое ўваходзіла ў склад Ляхаўскага войтаўства Палескай воласці Берасцейскага павета. Нягледзячы на такі шаноўны ўзрост, Маларыта па-ранейшаму застаецца маладым горадам! Ён цяпер, сапраўды, не толькі чысты і ўтульны, але і па-свойму прыгожы і прывабны, стыльны і камфортны для жыцця гарадок еўрапейскага ўзроўню. У райцэнтра ёсць свой твар, які з першага погляду запамінаецца надоўга, характар, рытм, шарм, тая адметнасць, якая робіць яго непаўторным.
Знешні выгляд Маларыты паступова змяняўся з гадамі. Горад будаваўся, добраўпарадкоўваўся, пашыраў свае межы. Па-іншаму, не так, як цяпер, райцэнтр выглядаў не толькі 50 ці 40 гадоў таму, але яшчэ і дванаццаць. Сваё сучаснае аблічча горад набыў у 2010 годзе. Падчас падрыхтоўкі да абласных “Дажынак” Маларыта змянілася да непазнавальнасці. Аднак і пасля гэтага ў райцэнтры шмат чаго зроблена для зручнасці жыхароў, іх камфорту.
Маларыта – горад родны, непаўторны, прыгожы і дарагі сэрцу кожнага, хто жыве ў ім. Многія маларытчане ўсвядомілі, што ад належнага ўзроўню парадку і санітарнага стану выйграюць усе. Чыста ў горадзе – чыста ў душы. Цяпер у любы час прывабліваюць яго ціхія вуліцы, завулкі, дваровыя тэрыторыі, радуюць вока навакольныя краявіды, а таксама ветлівыя твары жыхароў з усмешкамі. Нaвaт кaлi мoй гopaд тyшыць aгнi i зacынae, то, здаецца, можна пачуць дыxaннe і ледзь улоўныя яго ўдapы cэpцa.
Мгогія з тых, хто змяніў месцапражыванне, захоўваюць у сваёй памяці любоў да малой радзімы. Кожнаму, хто знаходзіцца далёка за сотні і тысячы кіламетраў, Маларыта ўсё роўна ўспамінаецца, сніцца, вабіць да сябе, кліча на чарговую сустрэчу “песняй журлівай, крылом жураўліным, зорак суніцамі, першым спатканнем і першым расстаннем”.
Пра вуліцы горада – асобная гаворка. Яны – гэта частка гісторыі Маларыты. Так і хочацца яшчэ раз прайсціся па старых вуліцах райцэнтра, якія шмат чаго бачылі за час свайго існавання і многае могуць расказаць. Сведкамі гістарычных падзей былі такія з іх, як 8 Сакавіка, Дзяржынскага, Чырвонаармейская (да 1939 года мела назву Царкоўная), Несенюка (Падказелкіна), Леніна (Брэсцка-Кобрынская), Піяерская (Дзетдомаўская), Савецкая (Уладаўская), Чкалава (Першамайская), Школьная, Энгельса (Вільсана), Юбілейная…
У апошні час у райцэнтры з’явілася шмат новых вуліц. Не на ўсіх картах Маларыты пакуль можна знайсці такія з іх, як Абрыкосавая, Бярозавая, Вясенняя, Гаражная, Зарэчная, Каштанавая, Кляновая, Лугавая, Пясочная, Рабінавая, Сонечная, Яблычная… Між іншым, цяпер у нашым райцэнтры налічваецца больш за сто вуліц і завулкаў. Ёсць сярод іх кароткія (па 150 метраў – Нядзвігіна, Вясенняя, Усходня, Вуглавая), а ёсць і доўгія (Савецкая – 2875 м, Алесіка – 2010 м, Маруды – 1625 м, 8 Сакавіка – 1550 м, Маякоўскага – 1375 м, Энгельса – 1325 м, Леніна – 1225 м).
Бягуць няспынна гады, змяняюцца часы, падзеі, людзі, але адно застаецца непарушным і вечным – малая радзіма. Нам здаецца, што мы ведаем пра яе ўсё, ці практычна амаль усё. Але кожны раз, калі мы падарожнічаем, назіраем, чытаем, даследуем, параўноўваем і думаем пра свой родны горад, мы абавязкова адкрываем для сябе нешта новае і пра яго.
У Маларыце нам выпала нарадзіцца і жыць. Гэта родны наш горад, любоў наша, самы лепшы населены пункт на зямлі, менавіта той, дзе, незалежна ад узросту, хочацца жыць, працаваць, марыць!
Мікалай НАВУМЧЫК.