“Любоў і адданасць сваёй справе” Наталля Галавій (Маларыцкі раён)
Любоў і адданасць сваёй справе, стараннасць і карпатлівая штодзённая праца, майстэрства і прафесіяналізм… Усё пералічанае адносіцца і да Наталлі Галавій, якая цяпер шчыруе метадыстам Маларыцкага раённага метадычнага цэнтра культуры. У яе працоўнай кнізе толькі адзін запіс аб прыёме на работу. Ён быў зроблены 1 жніўня 1982 года, калі малады спецыяліст прыехаў на першае месца працы.
– Што тут утойваць: люблю сваю справу, – гаворыць Наталля Сямёнаўна. – Ганаруся тым, што культуры раёна аддала ўжо больш як 39 гадоў свайго жыцця. Яны праляцелі так хутка. Аднак цяпер зусім не шкадую, што сваё жыццё звязала менавіта з культурай і з Маларытчынай.
Наталля Галавій яшчэ ў шостым-сёмым класе цвёрда вырашыла, што звяжа жыццё толькі з мастацтвам.
– Дык у мяне, здаецца, іншага выбару і не было, – усміхаецца Наталля Сямёнаўна. – Бацькі не прымушалі. Сама цягнулася да сцэны. У гэтым у мяне была нейкая ўнутраная патрэба. Магчыма, так імкнулася сцвердзіцца, звярнуць на сябе ўвагу. Безумоўна, марыла пра вялікую сцэну, у нейкі час нават хацела стаць артысткай ці спявачкай. Думаю, што задуманае ў нейкай ступені ўсё ж такі збылося: ужо амаль 30 гадоў выступаю ў складзе народнага ансамбля народнай песні “Рыцкі куфэрак” (ГДК). Зрэшты, вытокі – у школьным хоры, у якім спявала больш за пяць гадоў. Ён якраз і стаў тым падмуркам, які дапамог шырока раскрыць крылы таленту.
Родам Наталля Галавій з в. Астрамечава Брэсцкага раёна. Яна вырасла ў сям’і настаўнікаў. Бацька, Сямён Маісеевіч, у мясцовай школе выкладаў беларускую і рускую мову і літаратуру, а маці, Вольга Макараўна, – фізіку і матэматыку. У сям’і пастаянна гучала музыка. Бацькі выдатна ігралі на многіх музычных інструментах, часта на канцэртах выступалі дуэтам. Асабліва ім удаваліся нумары, дзе бацька іграў на мандаліне, а маці – на гітары. Кожнае такое выступленне праходзіла “на біс”.
–Мой бацька кіраваў сама-дзейным школьным, а таксама і калгасным хорам, – гаворыць Наталля Сямёнаўна. – У вучнёўскім хоры я спявала з 3 ці 4 класа. Нашы выступленні карысталіся папулярнасцю ў мясцовых жыхароў. Спяваць у хоры мне было і ганарова, і адказна. На рэпетыцыі заўсёды спяшалася з задавальненнем і іскрынкамі радасці ў вачах. Хор даваў зарад бадзёрасці, яркія і незабыўныя эмоцыі. Я была не толькі спявачкай. Падчас выступленняў са сцэны часта чытала і вершы на памяць. Вось так з музыкай і песнямі непрыкметна праходзіла маё дзяцінства. Галоўнае, што мне гэта падабалася, я жыла творчасцю.
У мясцовай школе Наталля Галавій скончыла восем класаў. Паколькі ўстанова адукацыі была васьмігадовай, то далей вучобу неабходна было працягваць у суседняй вёсцы. Гэта цяпер дзяцей падвозяць на вучобу. Раней жа ва ўстанову адукацыі і назад кожны дзень неабходна было ў любое надвор’е дабірацца пешшу ці на веласіпедзе. За шчасце было, калі нехта падвязе на машыне.
– На сямейным савеце было прынята рашэнне, што ў 9 і 10 класе я буду вучыцца ў Баранавічах, а жыць у цёткі Валянціны, роднай мамінай сястры, – успамінае Наталля Сямёнаўна. – Так я трапіла ў СШ №13 г.Баранавічы. Тут таксама прымала актыўны ўдзел у школьных мерапрыемствах: спявала, была вядучай. Яшчэ ў дзявятым класе вызначылася, што буду паступаць толькі ў Мінскі інстытут культуры, каб набыць спецыяльнасць “Культурна-асветніцкая дзейнасць, арганізацыя і методыка клубнай работы”. Экзамены ў ВНУ здала на выдатна. Асабліва мяне пахваліла камісія, якая прымала творчы экзамен.
Падчас вучобы Наталля Галавій працягвала жыць творчасцю і сцэнай. Без яе ўдзелу не абыходзілася ні адно студэнцкае выступленне. Умела і цікава два гады яна арганізоўвала вольны час аднакурснікаў у студэнцкім атрадзе ў Малдавіі.
На першае месца працы маладога спецыяліста накіравалі ў Маларыту. Тут Наталля Галавій спачатку працавала метадыстам, а пасля – на пасадах дырэктара метадычнага цэнтра, цэнтралізаванай клубнай сістэмы, раённага цэнтра культуры.
– Наталля Сямёнаўна, амаль 27 гадоў вы былі на кіруючых пасадах. Якія пытанні імкнуліся вырашыць найперш?
– На працягу многіх гадоў займалася забеспячэннем і рэалізацыяй культурнай палітыкі на тэрыторыі раёна, выкананнем асноўных паказчыкаў дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі”. Прыярытэтны накірунак дзейнасці клубных устаноў раёна – захаванне і прапаганда аўтэнтычнай спадчыны, народнай творчасці і фальклору. Рада, што была арганізатарам удзелу творчых калектываў раёна ў такіх абласных, рэспубліканскіх і міжнародных мерапрыемствах, як міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар” у Віцебску, міжнародныя фестывалі фальклору “Берагіня” ў Гомельскай вобласці і ў г.Луцку, у рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур “Суквецце культур” у г.Гродна, удзелу калектываў у замежных культурных мерапрыемствах ва Украіне, Польшчы, Славакіі. Усё гэта дало магчымасць набыць пэўны прафесійны вопыт, а таксама – натхненне і стымул для стварэння і рэалізацыі новых творчых ідэй.
Значная ўвага, як расказвала Наталля Галавій, удзялялася падтрымцы і развіццю сельскай культуры раёна, якую адрознівае народны каларыт і традыцыйнасць. Папулярнасцю ў мясцовых жыхароў карыстаюцца святы вёсак, адноўленыя народныя абрады “Шчодрыкі”, “Масленіца”, “Купалле”… На працягу амаль 20 гадоў на тэрыторыі раёна паспяхова праходзіць агляд-конкурс абрадавага фальклору “Спадчына зямлі маларыцкай”, які дэманструе багатую традыцыйную абрадавую культуру, промыслы і рамёствы, якія захаваліся і бытуюць у рэгіёне.
Яшчэ адзін накірунак дзейнасці быў звязаны з павышэннем прэстыжу прафесіі культработніка, замацаваннем спецыялістаў на працоўных месцах, прапагандай перадавога вопыту работы, забеспячэннем разнастайнасці форм арганізацыі вольнага часу насельніцтва, увядзеннем у практыку новых відаў культурных паслуг, якія адпавядалі сучасным патрабаванням.
–Што вам надавала сілы ў працы?
–Усведамленне важнасці і неабходнасці справы, якой займалася. А яшчэ – багатая народная культура. У ёй бяру сілы. Народная культура з’яўляецца невычэрпнай крынiцай дабрынi, любовi i павагi да роднага краю і людзей. Моцы надае яшчэ і тое, што ўмею радавацца чужому поспеху і нікому не зайздрошчу, пазітыўна гляджу на тое, што адбываецца навокал.
–Калі, на ваш погляд, можна дасягнуць пэўных вынікаў у працы?
–Лічу, што кожны павінен працаваць сумленна, каб не было адчування, што нечага не зрабіў. Любая праца дасць вынік, калі жыць ёю, укладваць у яе самога сябе, сваю душу, уменні. Можна многага дасягнуць, калі ёсць жаданне, пастаўлена пэўная жыццёвая мэта. Нельга апускаць рукі перад першай перашкодай.
–Наталля Сямёнаўна, што б вы пажадалі калегам напярэдадні Дня работнікаў культуры?
– Усіх работнікаў культуры раёна хачу павіншаваць з прафесійным святам, пажадаць ім сібірскага здароўя, каўказскага даўгалецця, творчага натхнення, цярпення ў пераадоленні цяжкасцей, энергіі і вопыту ў рэалізацыі творчых праектаў, а таксама шчасця, дабрабыту і цудоўнага святочнага настрою! Няхай спадарожнічаюць вам прызнанне і падзяка гледачоў і наведвальнікаў.
Мікалай НАВУМЧЫК.