Маларытчане паўдзельнічалі ў абласным этапе рэспубліканскага чэмпіянату “Ведаю Беларусь”
На гэтым тыдні ў Брэсце прайшоў абласны этап рэспубліканскага чэмпіянату «Ведаю Беларусь» па хуткаснай зборцы спілс-карт Рэспублікі Беларусь. У парку культуры і адпачынку «1 Мая» сабраліся наймацнейшыя каманды сярод рэгіёнаў Брэсцкай вобласці.
Маларыцкі раён прадстаўляла каманда «Патрыёты» Велікарыцкай сярэдняй школы імя П.В.Саевіча ў складзе Крысціны Краўчук, Ілоны Крупеніч, Сафіі Разановіч.
Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі з’яўляецца арганізатарам маштабнага патрыятычнага праекта «Ведаю Беларусь», прысвечанага Году народнага адзінства. Ініцыятыва БРСМ накіравана на падтрымку грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі розных узроставых катэгорый.
Трапіць на гульню па хуткаснай зборцы спілс-карт – гэта была наша асабістая ініцыятыва. Зборка спілс-карт – гэта магчымасць адчуць камандны дух і падтрымку адзін аднаго.
Спілс-карта з’яўляецца гульнявым дапаможнікам па вывучэнні адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу нашай краіны, яна ўяўляе сабой камплект магнітных гульнявых элементаў, якія маюць візуальную форму геаграфічных межаў раёнаў Беларусі.
Ці хваляваліся дзяўчаты з каманды? Не, былі настроены на дасягненне вынікаў, на атрыманне эмоцый.
«Галоўнае ж не перамога, а ўдзел!» – з такім баявым настроем удзельнікам каманды хацелася хутчэй пры-ступіць да зборкі карты і праверыць свае веды. Мора эмоцый і задавальнення, знаёмства з удзельнікамі праекта, пазітыўны настрой і баявы дух адчуваліся на працягу ўсяго мерапрыемства.
Па выніках гульні былі вызначаны пераможцы, якія будуць абараняць Брэсцкую вобласць на заключным этапе ў г. Мінску. Мы абавязкова падтрымаем іх думкамі і пажадаем перамогі.
Таццяна Касцючык, педагог-арганізатар.