Адпраўка ў войскі прызыўнікоў пачалася ў Маларыцкім раёне
У краіне пачалася адпраўка грамадзян, прызваных на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве, у злучэнні і вайсковыя часці Узброеных Сіл, іншыя войскі і вайсковыя фарміраванні. У Маларыцкім райваенкамаце падкрэслілі, што яна праходзіць у штатным рэжыме.
– У асеннім прызыве 2021 года будзе трынаццаць адправак у перыяд з 25 кастрычніка па 19 лістапада, – гаворыць ваенны камісар Маларыцкага раёна Аляксандр Праўдзін. – Новы этап у жыцці пачнецца амаль для 60 юнакоў нашага рэгіёна.
Дваццаць пятага кастрычніка ў войска ад нашага раёна накіравана тры маладыя чалавекі ў 72-і гвардзейскі аб’яднаны вучэбны цэнтр падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў (г.Барысаў). Канстанцін Кавалевіч у “вучэбцы” будзе набываць спецыяльнасць наводчыка-танкіста, а Мікалай Кулічык і Яўген Трушко – спецыяльнасць механіка-вадзіцеля танка.
– Я закончыў Брэсцкі тэхнічны ўніверсітэт і набыў спецыяльнасць інжынера па электронных сістэмах, – гаворыць Яўген Трушко. – Настрой баявы, і служба ў арміі мяне не палохае. Цяжкасці, якія, магчыма, і ўзнікнуць, змагу пераадолець. Лічу, што кожны юнак абавязкова павінен яе прайсці, калі няма супрацьпаказанняў па стане здароўя. Спецыяльнасць, якую набуду за час праходжання тэрміновай службы, думаю, лішняй не будзе. Спадзяюся, што армія дапаможа больш загартавацца фізічна і выхавае дысцыплінаванасць.
Асенні прызыў 2021 года прадугледжвае, што маларыцкія юнакі свой армейскі абавязак будуць выконваць у такіх гарадах, як Баранавічы, Барысаў, Брэст, Гомель, Гродна, Мінск, Слонім, Слуцк.
Ваенны камісар Маларыцкага раёна Аляксандр Праўдзін уручыў юнакам ваенныя білеты, пажадаў хутка ўліцца ў вайсковы строй, авалодаць сучасным узбраеннем і тэхнікай. Ён выказаў упэўненасць, што прызыўнікі Маларытчыны на высокім узроўні будуць выконваць пастаўленыя камандаваннем задачы, навучацца вытрымцы, пасталеюць, спазнаюць, што такое адказнасць, вайсковая таварыскасць, самаадданасць.
Мікалай НАВУМЧЫК.