Невядомы, але не забыты

На Хаціслаўскіх могілках ля Свята-Ануфрыеўскай царквы сабралася многа людзей. Пачынаецца ліція, якую служыць айцец Пётр Пяшко, настаяцель Свята-Спаса-Праабражэнскага храма Хаціслава. Яна незвычайная, таму што па хрысціянскім звычаі і з воінскімі ўшана­ваннямі праводзіцца пахаванне астанкаў яшчэ аднаго воіна, які загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны. На жаль, яго прозвішча і імя невядомы. Аддаць апошнюю даніну памяці герою прыйшлі вучні школы, мясцовыя жыхары, многія з іх – з кветкамі ў руках.
Ля Кургана Славы пачынаецца мітынг. Яго адкрывае Уладзімір Смаль, старшыня Хаціслаўскага сельскага Савета. Затым выступаюць Пётр Губей, старшыня раённага Савета дэпутатаў; Уладзімір Бойка, старшыня раённага савета ветэранаў; Пётр Ківачук, настаўнік Мельніцкай школы; айцец Пётр Пяшко, настаяцель мясцовага храма. Пад жалобныя гукі ваеннага аркестра і залпы салюта урну з астанкамі невядомага воіна апускаюць у магілу на алеі перад Курганам Славы, дзе ў лістападзе 2010 г. пахавана ўжо трое невядомых салдат апошняй вайны.
— На жаль, пра байца, астанкі якога пахавалі сёння, — кажа Алег Шышацкі, раённы ваенны камісар, — мы нічога не ведаем. Таксама не ўстаноўлена і дата, калі ён загінуў.
***
Астанкі невядомага ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны знайшлі, дзякуючы Усцінні Кардзялюк, жыхарцы в. Ужова. Менавіта яна паказала месца пахавання. Мы хацелі сустрэцца з Усцінняй Андрэеўнай. Але, на вялікі жаль, жанчына, якой летам споўнілася 85 гадоў, нядаўна памерла. Падрабязнасці гэтай гісторыі расказала Галіна Кардзялюк, яе нявестка.
…Аднаго дня ля Ужова пачаўся бой. Хутаране, ратуючыся, пайшлі ў лес. Калі перастрэлка сцішылася, жыхары вёскі вярнуліся назад. Сярод забітых яны знайшлі 3 параненых. Іх асцярожна перанеслі ў хлеў, прыхавалі, каб не заўважылі захопнікі. Затым немцы пачалі зачыстку. Жыхары Ужова зноў кінуліся ў лес. Праз некаторы момант, калі немцы пакінулі вёску, мясцовае насельніцтва вярнулася. У хляве, які падпалілі фашысты, знайшлі 3 абгарэлых салдат. Іх пахавалі тут жа, непадалёк ад хлява, у адной магіле. А каб ведаць месца, на ёй пасадзілі маленькую елачку. Недзе ў 1960 годзе старэйшы сын Усцінні Андрэеўны Сцяпан маладое дрэўца ссек. Але жанчына, пакуль хапала сілы, за магілаю-ўзгоркам старанна даглядала ўсё жыццё. І нікому пра гэта не гаварыла.
— Свякроў Усцінні Андрэеўне казала, што тут пахавана трое салдат, — гаворыць Галіна Уладзіміраўна. – Чаму ж знайшлі астанкі толькі аднаго з іх, невядома. Пакуль гэта – таямніца. Магчыма, астатнія пахаваны недзе побач. Калі гэта сапраўды так, то, можа, з цягам часу знойдуць і іх.
Галіна Кардзялюк настаяла на тым, каб пра пахаванне часоў вайны, якое знаходзіцца ў агародзе,паведаміць Васілю Маркаву. Затым інфармацыя паступіла ў Лукаўскі сельскі Савет, раённы ваенны камі­сарыят…
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: у час ліціі і мітынгу, прысвечанага перазахаванню астанкаў ваеннаслужачага Чырвонай Арміі, які загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны, на Кургане Славы ля в. Хаціслаў.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 20.10.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!