Пераможцы раённага этапу рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай граматнасці (Маларыцкі раён)
Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь сумесна з Міністэрствам адукацыі штогод праводзяць алімпіяду па фінансавай граматнасці. Нядаўна на базе ўстаноў адукацыі Маларыцкага раёна ў рэжыме анлайн прайшоў другі (раённы) этап рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай граматнасці.
Свае веды дэманстравала 38 вучняў 9-11 класаў з шаснаццаці ўстаноў адукацыі раёна. Каб перамагчы ў алімпіядзе, неабходна было даць правільныя адказы на прапанаваныя 30 пытанняў у форме тэставых заданняў. Яны традыцыйна накіраваны на праверку ведаў па тэмах, без якіх немагчымы практычныя фінансавыя паводзіны ў сучасным грамадстве: асабістыя фінансы, наяўныя грошы, зберажэнні, запазычванні, лічбавы банкінг, дзейнасць Нацыянальнага банка, страхаванне, падаткі, інвестыцыі, таксама ўключаны шэраг задач на разлікі і вылічэнні, якія тычацца фінансаў.
Па выніках інтэлектуальнага спаборніцтва першае месца заняў вучань 9 класа Олтушскай СШ Раман Смаль (настаўнік Кацярына Алесік). На другім выніковым месцы апынулася вучаніца 10 класа Олтушскай СШ Надзея Сымонік (настаўнік Кацярына Алесік), на трэцім – дзесяцікласніца раённай гімназіі Марыя Бурштын (настаўнік Ірына Сацюк). Дырэктар цэнтра банкаўскіх паслуг № 120 адкрытага акцыянернага таварыства “ААБ Беларусбанк” Ігар Сляпцоў уручыў пераможцам алімпіяды ганаровыя граматы і падарункі. Ігар Якаўлевіч адзначыў, што вучні на гэты раз прадэманстравалі добрыя веды па дзейнасці Нацыянальнага банка, валодаюць тэрміналогіяй, разбіраюцца ў асабістых фінансах, умеюць рашаць фінансавыя задачы. Гэта ўсё абавязкова спатрэбіцца ў жыцці, бо мы жывём у час рыначнай эканомікі, з’яўляемся спажыўцамі фінансавых паслуг і кожны павінен валодаць асновамі фінансавых ведаў.
Хутка Раман Смаль, Надзея Сымонік і Марыя Бурштын будуць абараняць гонар Маларытчыны на абласным этапе алімпіяды. Пажадаем ім поспехаў!
Мікалай НАВУМЧЫК.