Маларытчане на тэлегульні “Я ведаю!”
“Я ведаю!” – інтэлектуальная тэлевізійная віктарына для вучняў 5-11 класаў, якая выходзіць на тэлеканале “Беларусь 1”. Гэта сумесны праект Белдзяржтэлерадыёкампаніі і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Мэта яго – знайсці знаходлівых, эрудзіраваных, дапытлівых, ініцыятыўных вучняў. Прыняць удзел у шоу “Я ведаю!” можна толькі адзін раз у чатыры гады.
Нядаўна вучаніца 5 “А” класа раённай гімназіі Валерыя Харык і вучань 7 “Б” класа раённай гімназіі Мікіта Рэкруткін удзельнічалі ў здымках пятага сезону тэлевізійнага праекта “Я ведаю!”, якія праходзілі на кінастудыі “Беларусьфільм”. Валерыя і Мікіта да ўдзелу ў інтэлектуальным спаборніцтве рыхтаваліся пад кіраўніцтвам трэнера, настаўніка раённай гімназіі Леаніда Лук’янчука.
Леанід Ксенафонтавіч расказаў, што ў першым туры прымаюць удзел 12 чалавек з розных рэгіёнаў краіны. Ім зачытваецца па чарзе 12 пытанняў (на роздум на кожнае з іх даецца па 7 секунд), якія патрабуюць адказаў “так” ці “не”. Восем мацнейшых удзельнікаў пераходзяць у другі тур, дзе прапаноўваецца па 10 пытанняў з трыма варыянтамі адказаў (на абдумванне кожнага пытання – 10 секунд). У трэці тур трапляе толькі чатыры ўдзельнікі, якія набралі найбольшую колькасць балаў у папярэднім. Тут неабходна даць правільныя адказы на 10 пытанняў без варыянтаў. У чацвёртым туры сустракаецца толькі два ўдзельнікі, якім прапаноўваецца 10 пытанняў з розных галін ведаў без варыянтаў адказаў.
Маларыцкія гімназісты прадэманстравалі добры вынік на гульні “Я ведаю!” Аднак Валерыя Харык і Мікіта Рэкруткін трапіць у трэці тур не змаглі.
Між іншым, вучні раённай гімназіі ўжо бралі ўдзел у гэтай інтэлектуальнай тэлегульні. Гонар раёна абараняла восем вучняў раённай гімназіі ў другім сезоне. Гэта пяцікласнікі Аляксей Карпук і Мікалай Пачынчук (эфір 12 студзеня 2019), шасцікласнік Іван Грэцкі (эфір 26 студзеня), сямікласнік Яўген Бурда (эфір 2 лютага), васьмікласнікі Мікіта Сезік і Андрэй Алесік (эфір 16 лютага), дзевяцікласнікі Уладзіслаў Шульжык і Сафія Кобак (эфір 2 сакавіка).
У сваіх ўзроставых катэгорыях лепшымі ў паўфіналах сталі Яўген Бурда і Уладзіслаў Шульжык. Яўген за час адказнай гульні здолеў набраць 53 балы, а Уладзіслаў – 49. Яны, як пераможцы, прайшлі у фінал гэтага інтэлектуальнага спаборніцтва. Там маларытчане таксама прадэманстравалі добрыя веды, аднак да перамогі хлопцам трошкі не хапіла балаў. Яўген заняў чацвёртае выніковае месца, а Уладзіслаў увайшоў у дзясятку мацнейшых ігракоў. Між іншым, паглядзець перадачы ў запісе з удзелам маларытчан можна на сайце тэлеканала “Беларусь-1” па адрасе: http://www.tvr.by.
Праграмы “Я ведаю!” з удзелам Валерыі Харык і Мікіты Рэкруткіна выйдуць у эфір на тэлеканале “Беларусь 1” у студзені наступнага года.
Мікалай НАВУМЧЫК.