Размеркаванне дадатковых сродкаў бюджэту Маларыцкага раёна

Даходная частка бюджэту Маларыцкага раёна павялічана на 1 мільён 879 тысяч рублёў, у тым ліку за кошт датацый дзяржавы – на 1 мільён 95 тысяч рублёў і павелічэння ўласных даходаў раёна – на 755 тысяч рублёў.

Фото sb.by

На сесіі раённага Савета дэпутатаў, якая адбылася нядаўна, прынята рашэнне, у адпаведнасці з якім большая частка згаданых сродкаў накіроўваецца ў сферу аховы здароўя. А менавіта, 1 мільён 200 тысяч рублёў – на фінансаванне расходаў па заработнай плаце работнікаў сістэмы аховы здароўя раёна, у тым ліку на выплаты за працу ва ўмовах каронавіруснай інфекцыі. Таксама на аплату лекавых сродкаў і льготных медыкаментаў накіравана дадаткова 100 тысяч рублёў.

Акрамя гэтага на субсі­дзіраванне часткі расходаў насельніцтва па жыллёва-камунальных паслугах дадаткова накіравана 250 тысяч рублёў.

Выдаткаваны грошы і на аплату камунальных паслуг бюджэтным арганізацыям невытворчай сферы агульным аб’ёмам 300 тысяч рублёў: установам аховы здароўя – 50, адукацыі – 150, культуры – 20 і установам фізічнай культуры і спорту – 80 тысяч рублёў.

У даходнай частцы бюджэту таксама ўлічаны і 29 тысяч рублёў, якія атрымаў наш райцэнтр, як пераможца абласнога агляду санітарнага стану і добраўпарадкавання населеных пунктаў Брэсцкай вобласці. Рашэнне, на якія патрэбы накіраваць дадзеныя сродкі, будзе прымацца асобна раённым выканаўчам камітэтам.

Аляксей Грушэвіч.

Поделиться:
  •  
  • 2
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий