“Адчуць паўнату жыцця” Работа адзялення дзённага знаходжання Маларыцкага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва

Інваліднасць напаткаць можа любога, незалежна ад узросту і сацыяльнага статусу. Ад яе не застрахаваны ніхто. Маючы праблемы са здароўем, як знайсці сваё месца ў жыцці? Хто падкажа і ў гэтым дапаможа? Адказ на гэтае пытанне просты: неабходна звярнуцца ў Маларыце на вуліцу 2-я Завадская, д. 84 “А”. Тут цяпер размяшчаецца аддзяленне дзённага знахо­джання для інвалідаў і грамадзян пажылога ўзросту. Яно ў структуры Маларыцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з’явілася ў 2010 годзе.

Выхаванцы аддзялення дзённага знаходжання у гасцях у раённай гімназіі

Дзейнасць аддзялення на­кіравана на пераадольванне сацыяльнай ізаляцыі, узмацненне інтэграцыі людзей з абмежаванымі магчымасця­мі і пажылых грамадзян праз даступнасць адукацыйных паслуг і арганізацыю вольнага часу, аказанне са­дзейнічання ў сацыяльна-побытавай, сацыяльна-пра­цоўнай і сацыяльна-псіха­лагічнай рэабілітацыі ва ўмо­вах дзённага знаходжання ў аддзяленні. Дзякуючы яго спецыялістам, чалавек з пэў­нымі абмежаваннямі можа рэалізаваць сябе ў пэўнай дзейнасці, знайсці знаёмых, з якімі можна весела і з карысцю праводзіць час, адзначаць святы і мець шчырыя сяброўскія зносіны,  адчуць усю паўнату жыцця.

– Наша задача не спачуваць людзям з абмежаванымі магчымасцямі, а навучыць верыць у сябе, дапамагчы ім адчыніць акно ў навакольны свет, – гаворыць загадчыца аддзялення Кацярына Пішчык. – Каб людзі з абмежаванымі магчымасцямі і пажылыя грамадзяне не заставаліся ў адзіноце,  адчувалі клопат, маглі развіваць свае здольнасці і інтэгравацца ў грамадства, ім аказваецца рознабаковая сацыяльная падтрымка. Паўтаруся,  на базе нашага аддзялення, сапраўды, створаны ўсе ўмовы для таго, каб чалавек з некаторымі фізічнымі абмежаваннямі мог  цалкам рэалізаваць сябе.

На ўліку ў аддзяленні цяпер стаіць 81 малады чалавек з абмежаванымі магчымасцямі. На пастаяннай аснове яго наведваюць 32 чалавекі I і II груп  інваліднасці з катэгорыі інвалідаў і 28 грамадзян – пажылога ўзросту. Для тых інвалідаў, якія па аб’ектыўных прычынах не могуць наведваць аддзяленне (маюць цяжкія і (або) шматлікія парушэнні ў развіцці), праводзяцца індывідуальныя заняткі дома. На сённяшні дзень такая дапамога аказваецца 12 інвалідам.

У аддзяленні цяпер працуюць спецыяліст па сацыяльнай рабоце Дзіяна Рабчынская, інструктар па працоўнай тэрапіі і кіраўнік гуртка  Наталля  Янушкевіч, а таксама  кіраўнік гуртка Наталля Дацык. Яны прапаноўваюць маладым людзям з абмежаванымі магчымасцямі і грамадзянам пажылога ўзросту шмат спосабаў заняць сябе, атры­маць новыя веды, проста ўзняць настрой. Цяпер пры аддзяленні дзейнічае 10  аб’яднанняў па інтарэсах рознай накіраванасці. Гэта,  напрыклад,  такія,   як  “Гаспадыня”, “Сад і агарод”,  тэатр “Дзеці сонца”, “Абцасік”, “Тры акорды”, “Пакаленне”,  “Самаробкін”, “Смайлік”, “Будзільнік жыцця”, “Студыя-сундучок”, а таксама 3 аб’яднанні – для грамадзян пажылога ўзросту: “Скандынаўская хадзьба”, “Да вытокаў духоўнасці”, “Камп’ютарная пісьменнасць”, дзейнічае клуб “Адна сям’я” для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. У гэтых аб’яднаннях можна не проста  праводзіць час з карыс­цю,   мець стасункі са сваімі аднагодкамі, але і па-сапраўднаму тварыць. Кіраўнікі гурткоў прапаноўваюць ідэі, дапамагаюць іх рэалізаваць, падказваюць, раяць. Мно­гім удаецца ствараць непаў­торныя і арыгінальныя аўтар­скія работы. Падчас занят­каў аб’яднанняў па інтарэ­сах нашыя падапечныя ма­лююць, робяць аплікацыі з розных матэрыялаў, вышываюць, плятуць з бісеру… Дзякуючы аб’яднанню па інтарэсах “Смайлік”, людзі з абмежаванымі магчымасцямі маюць зносіны адзін з адным у сацыяльных сетках, абменьваюцца фотаздымкамі і знаходзяць новых сяброў.

– Кацярына Уладзіміраўна, ваша аддзяленне,  напэўна, таксама прымае ўдзел у розных творчых спаборніцтвах?

– Так, на працягу года аддзяленне ўдзельнічала ў 11 абласных творчых конкурсах. Групавыя выступленні дапамагаюць з’яднаць людзей з абмежаванымі магчымасцямі, адчуць ім сябе не толькі часткай калектыву, але і праявіць сярод іншых. Выступаючы на сцэне, яны вучацца ўпэўнена трымацца, дакладна выконваюць усе вывучаныя рухі, выразна чытаюць вершы, спяваюць, танцуюць. Неабходныя для выступленняў сцэнічныя касцюмы, дэкарацыі, дробныя элементы і дэталі шыюцца, вырабляюцца пад кіраўніцтвам  спецыялістаў аддзялення.

– З кім вы цяпер супрацоў­нічаеце?

– У аддзялення наладжана плённае супрацоўніцтва з праваслаўным сястрынствам храма Мікалая Цудатворцы райцэнтра, Беларускiм Таварыствам Чырвонага Крыжа, валанцёрскім атрадам “Мара” Маларыцкага прафліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці. Мы таксама арганізоўваем сустрэчы і сумесныя мерапрыемствы з такімі грамадскімі арганізацыямі, як “Белая Русь”,  “БРСМ”, а таксама – з клубам “Гагарынцы” рэспублікан­скага грамадскага аб’яднан­ня “Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА”, які дзей­нічае пры раённай гімназіі, спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школай алімпійскага рэзерву Маларыцкага раёна, Маларыцкім раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях і інш.

Нядаўна маладыя людзі, якія наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў і грамадзян пажылога ўзросту, пабывалі на экскурсіі ў краязнаўчым музеі раённай гімназіі “Спадчына”. Тут жа яны сустрэліся з членамі клуба “Гагарынцы”, абмеркавалі план сумесных дзеянняў на перспектыву.

Мікалай  НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 4
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий