Дзівосны свет Людмілы Астапук з Чарнян (Маларыцкі раён)
Нездарма кажуць, што таленавіты чалавек – таленавіты ва ўсім. Менавіта так можна сказаць і пра жыхарку аграгарадка Чарняны Людмілу Астапук. Людміла Сцяпанаўна – асоба шматгранная, у яе надзвычай тонкае адчуванне прыгожага, далікатная і трапяткая душа, якая дапамагае жанчыне адкрываць свой дзівосны свет чароўных вобразаў, фарбаў і рэчаў.
Людміла Сцяпанаўна працуе ў розных тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – гэта пляценне з газетнай паперы, роспіс па шкле, пэчворк, або абрэзкавае шыццё, а яшчэ яна плануе асвоіць тэхніку макрамэ і батыку. Акрамя таго гэтая надзвычай прыгожая жанчына вельмі добра танцуе – па адукацыі Людміла харэограф, а яшчэ спявае ў народным ансамблі народнай песні «Чарняначка». Усе гэтыя захапленні не перашкаджаюць Людміле Сцяпанаўне быць цудоўнай гаспадыняй, клапатлівай маці траіх дзяцей і маладой бабуляй, якая вельмі любіць песціць сваю двухгадовую ўнучку Кацярынку.
З рукадзельніцай Людмілай мы сустрэліся ў Чарнянскай сельскай бібліятэцы, дзе і ладзілася выстава яе арыгінальных работ пад назвай «Рукатворныя вырабы». Гледзячы на далікатныя кошыкі, скарбонкі, кашпо,вазачкі, талеркі, ніколі не здагадаешся, што нарадзіліся яны са звычайнай газетнай паперы. Асабліва ўражвае шыкоўны дэкаратыўны стол для піцця кавы альбо гарбаты, а ад велікоднай курачкі ўвогуле вачэй не адвесці. Нават не верыцца, што ўсю гэтую прыгажосць можна стварыць са звычайнай паперы, настолькі дасканалыя вырабы.
– Займаюся пляценнем не так і даўно, – тлумачыць Людміла Сцяпанаўна. – Аднойчы ў кнігарні мне на вочы трапілася кніга, у якой і расказвалася пра розныя тэхнікі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Прачытала, паспрабавала зрабіць нешта сваё. Праўда, першы выраб – скарбонка – у мяне не вельмі атрымаўся. Практыка і час дапамаглі авалодаць тонкасцямі рамяства. Два гады таму я зарэгістравалася як рамесніца.
Вырабы, створаныя майстравітымі рукамі Людмілы Астапук, карыстаюцца папулярнасцю. Падчас велікоднага кірмашу маларытчане купляюць плеценыя вазачкі ў форме курачкі, у якія кладуць размаляваныя яйкі, бяруць кошыкі, шкатулкі. Некаторыя спецыяльна просяць Людмілу Сцяпанаўну пад заказ змайстраваць тую ці іншую рэч.
– Колькі часу патрэбна, каб сплесці вазу? – пытаюся ў рукадзельніцы.
– Тыдзень, можа, нават і больш, – удакладняе Людміла Сцяпанаўна. – Сам працэс пляцення даволі працаёмкі. Я спачатку падрыхтоўваю матэрыял, для трубачак выкарыстоўваю спецыяльную газетную паперу, якую набываю ў Мінску. Звычайная газета не падыдзе па той прычыне, што не дазволіць мне пафарбаваць выраб у светлыя, пяшчотныя колеры. Далей скручваю адпаведных памераў трубачкі, майструю каркас, усё потым пакрываю грунтоўкай. Словам, на ўсе падрыхтоўчыя работы траціцца дзень, і толькі ўвечары пачынаю шчыраваць над будучым вырабам. Напрыклад, вось на гэты столік для кавы пайшло некалькі тыдняў.
Людміла Сцяпанаўна не толькі пляце з паперы, але і прыгожа малюе на шкле, талерках, бутэльках, келіхах. Калі яе дачушка выходзіла замуж, Людміла Сцяпанаўна для маладых уласнымі рукамі распісала бакалы. Надзвычай прыгожа атрымліваецца і распісаны посуд, які ўпрыгожыць любы святочны стол і будзе арыгінальным падарункам на юбілей ці дзень нараджэння. Вельмі арыгінальныя ў Людмілы і маляваныя на шкле карціны. Напрыклад, яе работа «Жар-птушка» зачароўвае сваёй далікатнай дасканаласцю ліній, палітрай фарбаў і вобразнасцю.
У Людмілы Сцяпанаўны сапраўды залатыя рукі, за што яна ні возьмецца, атрымліваюцца шыкоўныя рэчы. Захапляецца рукадзельніца і пэчворкам, альбо абрэзкавым шыццём. На днях пашыла сімпатычную навалачку для падушкі. Словам, усе вырабы чараўніцы-рукадзельніцы выпраменьваюць неверагодную энергетыку цеплыні і пазітыву, якія перадаліся Людміле Сцяпанаўне ў спадчыну ад яе майстравітай бабулі Еўдакіі Цімафееўны.
Кацярына Яцушкевіч.