Школе — ад афіцэраў і прапаршчыкаў запасу

У дзень свайго 20-годдзя з дня заснавання прадстаўнікі маларыцкай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў” сустрэліся з вучнямі СШ №1. Думкамі пра мінулае, перажытае, пра тое, як і што было, дзяліліся Сяргей Папко, падпалкоўнік запасу, старшыня РА ГА; Анатоль Брухавецкі, старшы прапаршчык запасу; Генадзь Антонаў, маёр запасу.
— Чаму выбрана менавіта СШ № 1?
— Раней тут, у пераважнай большасці, вучыліся дзеці афіцэраў і прапаршчыкаў, зараз – іх унукі і нават праўнукі. Таксама тут працавалі некаторыя жонкі ваеннаслужачых, якія выконвалі свой абавязак у 44-ым ракетным палку. У знак удзячнасці за тое, што школа выхавала многа цудоўных людзей, стала стартавай пляцоўкай, падмуркам для многіх маларытчан, якія выйшлі з сем’яў афіцэраў і прапаршчыкаў, і было прынята такое рашэнне.
Прадстаўнікі БСА на сустрэчу прыйшлі не з пустымі рукамі. Афіцэры запасу з радасцю адгукнуліся на ініцыятыву сабраць і падарыць установе адукацыі кнігі. Многія з іх перагледзелі свае хатнія бібліятэкі і адабралі кнігі, якія варта пачытаць усім. Гэта ў асноўным творы мастацкай класічнай літаратуры розных аўтараў. Высакавартасныя, высокамаральныя, на ідэях якіх ішло станаўленне не аднаго пакалення людзей. У дар школьнай бібліятэцы перада­дзена амаль 100 кніг.
Прысутныя вучні запэўнілі, што падораныя кнігі не будуць пакрывацца пылам на паліцах. Яны абавязкова возьмуць у бібліятэцы прачытаць “падарункі” і раскажуць пра іх сваім сябрам.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: прадстаўнікі Маларыцкай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў” перадаюць кнігі вучням СШ №1.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 3.11.2012 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!