Навучэнцы Маларыцкага ліцэя сярод пераможцаў абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “ТэхнаЁлка”
Падведзены вынікі абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “ТэхнаЁлка” сярод устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Творчае спаборніцтва праводзілася з мэтаю актывізацыі работы па далучэнні вучнёўскай моладзі да навукова-тэхнічнай творчасці, выяўлення і падтрымкі таленавітай і адоранай моладзі, пошуку новых творчых метадаў і прыёмаў, дызайнерскіх ідэй, тэхнічных і інавацыйных рашэнняў у стварэнні навагодняй ёлкі. У конкурсе прыняла ўдзел 31 установа адукацыі вобласці. На суд кампетэнтнага журы было прадстаўлена 205 экспанатаў ў адзінаццаці намінацыях.
– Нашы навучэнцы з ахвотаю прымалі ўдзел у гэтым штогадовым спаборніцтве, – гаворыць намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Маларыцкага прафліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Аксана Мірчук. – Самыя лепшыя і арыгінальныя ёлкі можна было ўбачыць на выставе, якая нядаўна праходзіла ў нашай установе адукацыі. Яны былі прадстаўлены ў такіх намінацыях, як, напрыклад, “Год народнага адзінства”, “МультымедыяЁлка «Краінай сваёй ганаруся»”, “Дызайн-ёлка”, “Хайтэк-ёлка”, “Альтэрнатыўная ёлка”, “РэтраЁлка”, “Ёлка-трансформер”, “Навагодні сувенір”, “Святочнае ўпрыгожванне”, “Калядная кампазіцыя” і інш. Навучэнцы да справы падышлі з фантазіяй і энтузіязмам, прадэманстравалі тэхнічныя веды і эстэтычны густ. Многія работы ўдзельнікаў конкурсу адрозніваліся сваёй індывідуальнасцю, высокай якасцю і складанасцю выканання, арыгінальнай творчай задумай канструкцыі, практычнасцю.
Навучэнцы сумесна з выкладчыкамі і майстрамі вытворчага навучання, а таксама са сваімі бацькамі выраблялі ёлкі і навагоднія ўпрыгожванні з розных падручных матэрыялаў. Конкурсныя экспанаты дызайнераў і канструктараў з Маларыцкага прафліцэя выклікалі захапленне і нават здзіўленне. Мноства незвычайных і разнапланавых тэхнічных ідэй! Юнакі “змайстравалі” ёлачныя прыгажуні, напрыклад, з драўляных брускоў, запалак, запасных частак трактароў і аўтамабіляў, каналізацыйных труб ПВХ, гаечных ключоў, а таксама выразалі з фанеры. На выставе можна было таксама ўбачыць касматую ёлку, зробленую з правадоў з выцягнутымі з іх валокнамі, ёлку-святлафор, ёлку з балтоў і гаек, ёлку з непатрэбных мікрасхем… А яшчэ былі ёлкі з дрэва, пластмасы, чароту, металу, нітак, шкляных лямпачак і нават з запасных частак да трактара.
Журы ўстановы адукацыі выбрала лепшыя экспанаты і накіравала іх на абласны этап творчага спаборніцтва. Па яго выніках тры работы навучэнцаў Маларыцкага прафліцэя ўзнагароджаны дыпломамі ІІІ ступені. У намінацыі “Хайтэк-Ёлка” такой узнагародай адзначаны экспанат “Піраміда снегавіка” (начны свяцільнік) навучэнцаў Назара Пракудзіна і Вячаслава Сымоніка (кіраўнік Уладзімір Няфёдаў), у намінацыі “РэтраЁлка” – экспанат “Ёлка дзяцінства” навучэнца Арцёма Цялігі (кіраўнік Надзея Дзем’янюк), у намінацыі “Альтэрнатыўная ёлка” – экспанат “Ёлка аўтамабіліста” навучэнца Антона Мерчука (кіраўнік Любоў Заруцкая).
Віншуем пераможцаў конкурсу!
Мікалай НАВУМЧЫК.