Лепшы малады настаўнік Маларытчыны
Падведзены вынікі раённага этапу абласнога конкурсу “Малады настаўнік Брэстчыны”. Ён праводзіцца адзін раз у тры гады сярод педагогаў, якія ў сістэме адукацыі працуюць не больш за пяць гадоў. Конкурс прадугледжваў выяўленне творчых і таленавітых маладых настаўнікаў, стварэнне ўмоў для іх прафесійнай і асобаснай самарэалізацыі, павышэння прэстыжу прафесіі настаўніка.
Кожны год маладыя спецыялісты папаўняюць рады настаўніцтва раёна. Сярод іх, безумоўна, ёсць народжаныя для гэтай прафесіі, якія з першага дня самастойнай працы самааддана шчыруюць на педагагічнай ніве. Задача аддзела па адукацыі і ўстаноў адукацыі якраз у тым, каб своечасова разглядзець, падтрымаць, дапамагчы ім стаць сапраўднымі прафесіяналамі, асобамі творчымі, настаўнікамі з вялікай літары. Конкурс педагагічнага майстэрства сярод маладых настаўнікаў і павінен выявіць такіх.
Спаборніцтва праходзіла ў два этапы. На першым, раённым, канкурсанты праводзілі ўрок у сваім і незнаёмым класе, а таксама прадастаўлялі на суд журы матывацыйны відэаролік “Чаму я вырашыў стаць настаўнікам?” Па выніках конкурсных выпрабаванняў лепшым маладым педагогам Маларытчыны стаў настаўнік матэматыкі Макранскай СШ Аляксандр Аксянюк. Неабходныя конкурсныя матэрыялы ўжо накіраваны на абласны этап. Хутка журы адбярэ шэсць лепшых. Гэтыя канкурсанты і прымуць удзел у фінальным этапе спаборніцтва.
Аляксандр Аксянюк закончыў СШ №1 Маларыты, фізіка-матэматычны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна. На першае месца працы настаўнікам матэматыкі быў накіраваны ў Магілявецкую СШ Пружанскага раёна. Затым праходзіў тэрміновую ваенную службу. У Макранскай СШ працуе з 1 верасня 2019 года.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.