Вадзіцель для ваеннага камісара

Дзве трэці жыцця Сцяпана Андрайчука звязана з дарогамі, перакрыжаваннямі, святлафорамі, дарожнымі знакамі. Калі скласці ўсё тое, што ён праехаў, то атрымаецца, напэўна, адлегласць ад Месяца да Зямлі. А можа, і больш.
— Кіламетры, што пра­мільгнулі пад коламі аўтамабіля за дзень, ты­дзень ці месяц, — кажа Сцяпан Якаўлевіч, — ніколі не складваў. Бо ў рабоце было не гэта галоўнае. На першае месца заўсёды ставіў добрасумленнае выкананне справы, якую даручалі.
Таму і не дзіўна, што ў Сцяпана Андрайчука працоўны стаж складае ажно 46 гадоў і адзін дзень. У яго працоўнай кніжцы – 11 падзяк, атрыманых у розныя гады, і запісана толькі адно месца працы – раённы ваенны камісарыят. 23 лістапада 1966 год – 24 кастрычніка 2012 год. А паміж гэтымі датамі ўціснута ўсё прафесійнае жыццё. Яно было нялёгкае, але цікавае.
— У працоўнай кніжцы ёсць невялічкая недакладнасць, — прызнаецца мой субяседнік. – А можа, гэта і не недакладнасць. Проста так склаліся абставіны…
Я зручней уладкоўваюся на канапе. Сцяпан Якаўлевіч задумваецца, на нейкае імгненне змаўкае, а пасля спакваля пачынае расказваць гісторыю свайго жыцця. Перагорнем некаторыя яе старонкі разам.
Бацькі яго жылі бедна. У сям’і — 4 дзяцей, бывала, што і галодныя сядзелі. А якая засталася пасля вайны хата? Яна цудам уцалела, але была напалову спалена. Замест падлогі – гліняны ток, на даху – салома, якую прывалілі кіямі, каб не разносіў вецер. Закончыўшы 7 класаў Ланской школы, Сцяпан вырашае паехаць у заробкі. Бацькі не былі супраць. Разам з сябрам Васем Пішчыкам з Нікольскай едзе на Украіну. 14-гадовы хлопец там даглядаў калгасных цялят. У заробках прабыў адзін сезон. Дадому вярнуўся з 2 тонамі зерня і грашамі. Для сям’і гэта стала сапраўным святам, вялікай радасцю і значнай палёгкай. Хоць на некаторы час, ды сталі Андрайчукі багацеямі.
— У 1958 г. паступіў у Маларыцкае СПТВ-11, — кажа Сцяпан Андрайчук. –Трапіў у групу, праграма якой прадугледжвала вучобу толькі год. Нас мэтанакіравана падрыхтоўвалі для працы на цаліне. У Кустанайскай вобласці мы нават праходзілі 3-месячную вытворчую практыку. Я набываў уменні і навыкі, працуючы на прычапной лафетнай жняярцы.
Здаўшы экзамены, Сцяпан Якаўлевіч на першае месца працы паехаў у Рузаеўскі раён Какчэтаўскай вобласці (Казахстан). Яму адразу далі гусенічны трактар ДТ-54, затым – МТЗ-5. А калі пачыналася ўборка, перасядаў на камбайн. Тры гады старанна “ўзнімаў”цалінныя землі.
— Бязмежныя прасторы цаліны, сапраўды, нагадвалі жоўтае мора, — успамінае Сцяпан Андрайчук. –А камбайн уяўляўся невялічкім караблём, за штурвалам якога ты. Ехаў на ім і здавалася, што няма канца-краю полю. Асабліва незвычайны малюнак назіраўся тады, калі збажыну пакалыхваў ціхі ветрык. Аж дух захоплівала… Засмучала тое, што намалот збожжа тады быў невысокі.
Пасля заканчэння ўборкі Сцяпан трапіў на кароткатэрміновыя курсы кукурузаводаў.
— Цяжка, напэўна, уявіць, але мне аднаму даверылі сто гектараў цаліннай зямлі, — гаворыць Сцяпан Якаўлевіч. – Сам араў, сеяў кукурузу, апрацоўваў, убіраў. Было нялёгка. Ды і квадратна-гнездавы спосаб пасеву расліны патрабаваў пільнасці, увагі, старання.Ён прадугледжваў, каб некалькі зярнят у адным гняздзе размяшчаліся на аднолькавай адлегласці адно ад другога ва ўсіх накірунках.Хацелася ж быць адным з лепшых у працы. Таму ўвесь светлавы час сутак быў на полі ля сваёй кукурузы. Спачатку было неяк нязвыкла, што мне, маладому, даверылі такую адказную справу. Перакананы, што чалавек можа ўсё рабіць якасна, калі ў яго лепшы кантралёр – уласнае сумленне.
Сцяпан Андрайчук не толькі ў вызначаны тэрмін убраў вырашчаны ўраджай, але і дапамагаў яшчэ і іншым. Нягледзячы на не вельмі спрыяльныя бытавыя ўмовы, моладзь на цаліне жыла весела. Аднак родны край вабіў і клікаў. У думках юнак не раз уяўляў бацькоўскі дом. Так хацелася прайсціся раніцай па роснай траве басанож! Але ўсё ж у родныя мясціны не трапіў, бо прызвалі на службу ў армію. Яшчэ 3 гады быў удалечыні ад Маларытчыны.
— Трапіў у горад Ош (Кіргізія), — расказвае Сцяпан Якаўлевіч. – На свае вочы бачыў горы Памір, Цянь-Шань. Незвычайнае відовішча! У часці адразу за мною замацавалі машыну. Вазіў зампаліта, пазней – камандзіра дывізіёна. У пачатку кастрычніка 1966 г. дэмабілізаваўся. Праз некалькі дзён пайшоў у ваенкамат, каб стаць на ўлік.
Маёр Карнілаў, тагачасны ваенны камісар, юнака падрабязна распытваў пра службу, пра планы на будучае. Міхаіл Васільевіч нечакана прапанаваў хлопцу пасаду вадзіцеля ў ваенкамаце і УАЗ. Сцяпан Андрайчук адказу адразу не даў, бо хацеў параіцца з бацькамі. Аднак яны пярэчыць зусім не сталі. Таму юнак праз некалькі дзён прыйшоў і сказаў, што будзе працаваць у ваенкамаце. Яму далі ГАЗ-69 А.
— Да працы я прыступіў 23 кастрычніка, — успамінае Сцяпан Якаўлевіч. – Але так атрымалася, што ў першы месяц афіцыйна на працу не аформілі. Мне далі выпрабавальны тэрмін.
Паколькі адносіны да працы ў юнака былі сур’ёзныя, то ўсе надзеі кіраўніцтва ваенкамата ён апраўдаў. 24 лістапада ў працоўнай кніжцы з’явіўся адпаведны запіс.
Сцяпану Андрайчуку выдзелілі пакой. Жыллёвае пытанне было вырашана. На выхадныя дні юнак прыязджаў у родную вёску, дапамагаў бацькам па гаспадарцы. У гэты час, пасля заканчэння Пружанскага сельскагаспадарчага тэхнікума, у калгас “Дружба” на працу прыехала маладая аграном Марыя. Яна стала жыць на кватэры ў суседзяў Андрайчукоў. Сцяпан адразу звярнуў увагу на дзяўчыну. Хутка паміж маладымі ўзнікла ўзаемная сімпатыя. Неўзабаве яна перарасла ў сапраўднае каханне.
— Замуж мне тады яшчэ зусім не хацелася, — кажа Марыя Сцяпанаўна. – Рана было пра такое думаць, бо споўнілася толькі 19 гадоў. Аднак вадаварот кахання ўцягнуў у вір з галавой. Сустракаліся нядоўга, бо Сцяпан запаў у сэрца з першага погляду. Ён і прапанаваў ісці па жыцці разам. Я ж адразу сказала: “Так!” 18 лютага афіцыйна сталі мужам і жонкай, а вяселле згулялі 1 мая на маёй радзіме ў Драгічынскім раёне.
Маладыя пераязджаюць жыць у Маларыту.Хутка ў сямейным гняздзечку зашчабяталі дзеці – дочкі Галя і Рыта. Марыя Андрайчук ўладкоўваецца на працу ў калгас “Радзіма” ў аддзел кадраў, пасля працуе дыспетчарам у сельгастэхніцы, пазней – аграномам у сель­гасхіміі. Гэтай пасадзе яна аддала 32 гады.
Сцяпан Якаўлевіч любіў сваю справу, жыў ёю. Таму аўтамабіль заўсёды быў спраўным, меў належны выгляд. На ім аб’ездзіў многія куточкі Брэстчыны. Аўтамабіль для Сцяпана стаў усім, бо, напэўна, палова жыцця праляцела за баранкай.
— Пры Савецкім Саюзе, — успамінае Сцяпан Андрайчук, — частымі былі камандзіроўкі. Не раз яны працягваліся 3-5 дзён. Вазіў па Брэстчыне вышэйшае начальства, якое прыязджала з праверкамі з Масквы і Мінска. Былі перыяды, калі дома даводзілася бываць не так часта, як хацелася.
Марыя Сцяпанаўна не раз казала мужу змяніць месца працы, каб пастаянна быць з сям’ёю. Аднак Сцяпан Якаўлевіч на гэта глядзеў па-свойму. Слухаў жонку, згаджаўся з ёю, але месца працы так і не мяняў. Такая размова паўтарылася другі, трэці, чацвёрты раз… Пасля Марыя Сцяпанаўна зразумела, што гаварыць з мужам на гэтую тэму дарэмна.
— Я не прывык з месца на месца перабягаць, — кажа Сцяпан Андрайчук. – Пераманіць нечым невядомым цяжка. Мне заўсёды здавалася, што лепшага месца працы, чым маё, не існуе. Ды і калектыў у ваенкамісарыяце падабраўся добры, згуртаваны, дружны. За час маёй працы ён быў заўжды такім. А ўсе грошы зарабіць немагчыма.
За першы месяц працы я, напрыклад, атрымаў 90 рублёў. Гэта – першы мой заробак, таму і памятны. Пазней стаў атрымліваць ужо 133 рублі. Такой зарплаты на ўсё не хапала. Каб нешта большае ў кватэру купіць, разам з жонкаю грошы збіралі не адзін месяц. Калі іх больш, узнікае больш спакусы патраціць.
У свой час было многа прапаноў перайсці працаваць і ў іншыя арганізацыі, у тым ліку – у ракетную часць ля Замшан. Сцяпан Якаўлевіч усе магчымыя варыянты абавязкова ўважліва і дэталёва разглядаў. Але ўзважыўшы ўсе “за” і “супраць”, заўсёды чамусьці было ў яго больш “за”, каб застацца на ранейшым месцы. У многіх нюансах бачыў перавагу вадзіцеля ваенкамата і ў некаторай ступені адчуваў сябе нават чалавекам ваенным.
Р.S. Некалькі апошніх гадоў Сцяпан Якаўлевіч працаваў вартаўніком.
Між іншым, за час яго “службы” змянілася 14 ваенных камісараў.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Сцяпан Андрайчук, адзін з тых нямногіх на Маларытчыне, хто на адным месцы прапрацаваў 46 гадоў.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 14.11.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!