“Мы робім тое, што мы любім”

— Напярэдадні прафе­сійнага свята прынята падводзіць вынікі. Вяча­слаў Іларыёнавіч, чым асоба парадаваў Вас, як кіраўніка аграрнага сектара раёна, гэты год?
— 2012 год для сельгас­вытворцаў Маларытчыны быў спрыяльным. І як вынік, прыемна ўсведамляць, што раён заняў другое месца ў вобласці па вытворчасці малака на 100 бала-гектараў. СВК “Дарапеевічы”, у які раз ужо, стаў прызёрам рэспубліканскага спаборніцтва па нарыхтоўцы кармоў, заняўшы другое месца. Сёлета ў гаспадарцы на адну ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана 31,9 цэнтнера кармавых адзінак. А СВК “Чырвоны партызан” стаў другім у вобласці па нарыхтоўцы кармоў (тут на 1 умоўную галаву назапашана 29,7 цэнтнера кармавых адзінак). Трэцяе месца ў абласным спаборніцтве ў СВК “Дарапеевічы” па вытворчасці насення рапсу. Вельмі прыемна, што нашы гаспадаркі так дастойна выглядаюць на рэспубліканскім і абласным узроўнях, як і не менш прыемна тое, што і нашы працаўнікі сталі прызёрамі абласнога спаборніцтва. Гэта трактарыст райаграпрамтэхнікі Віктар Ігнацюк і механізатар СВК “Чырвоны партызан” Мікалай Анішчук, якія на адвозцы кармоў занялі ў вобласці трэція месцы. Усе гэтыя прыклады сведчаць, што ў гаспадарках цудоўна працуюць і кіраўнікі, і спецыялісты сярэдняга звяна, і простыя працаўнікі, якія робяць тое, што любяць, – вырошчваюць прадукцыю ў полі, на фермах.
— Другое месца ў воб­ласці, што заняў раён па вытворчасці малака на 100 бала-гектараў, гэта, несумненна, поспех. А ці ёсць яшчэ рэзервы па павелічэнню вытворчасці як малака, так і мяса?
— Зразумела ж. Яны ў павелічэнні пагалоўя дойнага статка, прадуктыўнасці яго. Іх можна будзе рэалізаваць, дзякуючы рэканструкцыі ўсіх 12 ферм. Да 15 снежня г.г. усе яны будуць здадзены ў эксплуатацыю, а да 20 снежня плануецца завяршыць работы па іх агароджванню і добраўпарадкаванню тэрыторый. На 1 лістапада г.г. у раёне атрымана 51 тысяча тон малака пры прадуктыўнасці дойнага статка 4600 тон. Па выніках года мы павінны атрымаць больш за 58 тысяч тон пры сярэднім надоі ад каровы 5200 кілаграмаў. Завершаная рэканструкцыя ферм дасць магчымасць у наступным годзе павялічыць вытворчасць малака на 10 тысяч тон пры прадуктыўнасці кароў 6100 кілаграмаў. Цяпер наш раён сярод 118 у рэспубліцы займае дастойнае 25-е месца па вытворчасці малака. І думаю, што з задачай па павелічэнню гэтага паказчыка мы паспяхова спраўляемся.
Вытворчасць мяса – кры­ніца папаўнення фі­нан­савых рэсурсаў сельгас­арганізацый. У гэтым плане нам яшчэ трэба больш плённа працаваць. Таму што сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе 610 грамаў хоць і вышэйшыя ў параўнанні з мінулагоднім паказчыкам, але ж недастатковыя ў фінансавым плане. На наступны год мы павінны забяспечыць 700-грамовыя прыбаўленні ў вазе, каб адчуць прыток фінансавых рэсурсаў.
— Вячаслаў Іларыёнавіч, новыя фермы гэта падмога не толькі ў прыбаўленні прадукцыі, але і ў павы­шэнні яе якасці. А высокая якасць – таксама дадатковыя фінансавыя рэсурсы?
— Атрымаць прадукцыю – адно, прадаць яе – другое. Мы абавязаны прадаваць малако не менш 80% гатункамі “экстра” і вышэйшым. Таварнасць малака павінна быць не менш 90%. Гэтую задачу паспяхова выконваюць, не гаворачы ўжо пра прыватнае прадпрыемства “Савушкіна”, СВК “Дарапеевічы”, дзе за 10 месяцаў г.г. пры надоях у 6000 кілаграмаў прада­дзена 51% малака вышэйшым гатункам і 33% — гатункам “экстра”. Паспяхова спраўляюцца з пастаўленай задачай і ў СВК “Макраны”, “Хаціслаўскі”, дзе адпаведна рэалізавана такімі гатункамі 89% і 90% малака. Генетыка каровы такая, што яна дае малако толькі “экстра”. Астатняе – за тэхналогіяй яго атрымання, за тымі, хто павінен захоўваць гэтыя тэхналогіі.
— Сельская гаспадарка – гэта галіна, якая пастаянна ў пошуку, таму што яна дае харчаванне. Ёсць няўдачы, ёсць і дасягненні, як і ў любой іншай галіне. Чым можа пахваліцца раён у раслінаводстве?
— Жывёлагадоўля і раслі­наводства – гэта 2 галіны, якія працуюць адна на другую. І ў раслінаводстве ёсць многа станоўчага. Сёлета мы атрымалі на 8 тысяч тон зерня больш, чым летась, пры ўраджайнасці 32 цэнтнеры з гектара. І гэта можна назваць перамогай за апошнія 10 гадоў. Атрымана больш за 5 тысяч тон зерня кукурузы пры ўраджайнасці 54 цэнтнеры з гектара. Гэта нядрэнна, здавалася б. Але ж прыклады паказваюць, што маглі б працаваць, пры больш сур’ёзных падыходах, значна лепш. У СВК “Чарняны” ураджайнасць кукурузы на зерне склала сёлета 92 цэнтнеры з гектара, у СВК “Рыта” – 85, у СВК “Макраны” – 73. Больш, чым летась, у цэлым па раёне атрымалі насення рапсу, бульбы, кармавых караняплодаў. Аднак вынікі па ўраджайнасці гэтых культур маглі б быць значна лепшымі, калі б на месцах вытрымлівалі ўсе тэхналогіі іх вырошчвання.
— Вячаслаў Іларыёнавіч, усё з палёў убрана, ураджай у сховішчах, а значыць, сельскія працаўнікі дастойна сустракаюць сваё прафесійнае свята і заслугоўваюць добрага слова…
— Хачу пажадаць усім моцнага здароўя, невычарпальнай энергіі, бадзёрасці, спакою і дабрабыту ў дамах, падзякаваць за плённую працу. Думаю, у нас усё атрымаецца, як гэта было ўжо не раз. Галоўнае, ёсць з кім працаваць і каму даверыць выкананне задач, якія пастаўлены перад намі. У нас нямала вопытных, настойлівых і ўпэўненых людзей, якія ведаюць, чаго хочуць, чаго трэба дасягнуць, і гэтага дасягаюць.
Са святам, паважаныя калегі!
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: начальнік райсельгасхарчу Вячаслаў ФЕДЗЮКОВІЧ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 17.11.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!