ГРОШЫ НІ ПРЫ ЧЫМ, КАЛІ СПРАВА ДАТЫЧЫЦЦА ДОБРАСУМЛЕННАСЦІ

Гэта пацвердзіла праверка, якую праводзілі спецыялісты санітарнай службы сумесна з рэдакцыяй райгазеты ва ўстановах адукацыі раёна

Выпадак ці надзвычайнае здарэнне ў Лунінецкім раёне, калі адразу некалькі школьнікаў пасля ўжывання страў у школьнай сталоўцы трапілі ў бальніцу, лішні раз даказаў, што работнікі харчблокаў навучальных устаноў не заўсёды прытрымліваюцца санітарных нормаў і правілаў, а ў некаторых выпадках проста ігнаруюць іх.
Ці ўсё спрыяльна ў гэтым плане ў нашым раёне? На такое пытанне шукалі адказ спецыялісты раённага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, якія сумесна з рэдакцыяй райгазеты праводзілі праверкі ў школах і дзіцячых дашкольных навучальных установах.
Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што хоць праверка была і пазапланавай, пра яе ведалі ўсе кіраўнікі навучальных устаноў, бо напярэдадні, як стала вядома з афіцыйных крыніц, у абласным упраўленні адукацыі прайшла пашыраная нарада, у час якой да ведама дырэктараў школ і загадчыкаў дзіцячых дашкольных навучальных устаноў была даведзена інфармацыя і наконт праверак. Здавалася б, усё будзе добра. І тым не менш, як аказалася, не кожны з кіраўнікоў пранікся пачуццём адказнасці.
Забягаючы наперад, адзначым, што ўдзельнікі рэйду за 2 дні, у мінулы аўторак і сераду, праверылі 8 аб’ектаў. Па выніках праверак складзена 8 адміністрацыйных пратаколаў на кіраўнікоў школ і дзіцячых садкоў.
Якія канкрэтна парушэнні выяўлены? Скажам, у Макранскай сярэдняй школе неналежны парадак быў і ў абедзеннай зале, і на кухні. Не радавалі вока не першай свежасці абрусы на сталах, абвіслыя і не зусім чыстыя жалюзі на вокнах. Незразумела было, чаму анучай на кухні ў мыйцы абматаны кран, адсутнічае гарачая вада, няма мыйных і асептычных сродкаў, належна не памыты вокны. Загадчыца гаспадаркі не магла даць адказы не толькі на гэтыя пытанні, але і дакладна не растлумачыла спецыялістам санітарнай службы, як правільна трэба праводзіць штодзённае і генеральнае прыбіранне памяшканняў.
Не знайшлося больш нідзе месца, акрамя, як на паламанай бруднай табурэтцы, каб паставіць пітную ваду, у пустых вёдрах, невядома для чаго прызначаных, так сабе ляжала ачышчаная цыбуля. Загадчыца гаспадаркі не забяспечыла доступ у кладоўку, матывуючы гэта тым, што згубіла ключы. На кухні не працавала электрапліта. Аднак пра гэта загадчыца гаспадаркі нікому не паведаміла: ні дырэкцыі школы, ні спецыялістам санітарнай службы, ні спецыялістам райаддзела адукацыі. Словам, не вырашыла пытанне сваёй кампетэнцыі.
У дзіцячым садку в. Макраны перспек­тыўнае меню хоць і было, але ў рабоце яго не выкарыстоўвалі, не прытрымліваліся тут і пастановы галоўнага санітарнага ўрача аб забароне прыгатавання салатаў у тых сталоўках, што не адпавядаюць санітарным патрабаванням па наяўнасці дапаможных памяшканняў, ва ўсякім выпадку, у меню салаты былі ўключаны. Не захоўвалася таварнае суседства. Таксама не ўсе з персаналу мелі допуск да работы.
У Лукаўскай сярэдняй школе сутачныя пробы страў забылі паставіць у халадзільнік: яны захоўваліся на раздатачным стале. Тут жа парушылі правілы прыгатавання буракоў: у 16.10 яны былі ўжо звараны, хаця прызначаліся для ўжывання ў страву на наступны дзень.
У садку в. Радзеж неўпарадкавана захоўваліся посуд, раздзелачны інвентар, у адной з мыечных ваннаў на кухні не было ні гарачай, ні халоднай вады. Садавіна захоўвалася ў ёмістасці з маркіроўкай “сырое мяса”. Сутачныя пробы страў стаялі ў халадзільніку без пробак. У халадзільніку для сутачнага запасу прадуктаў захоўвалася і капуста.
У мыечных ваннах не было тэрмометраў для вымярэння тэмпературы халоднай і гарачай вады, хаця ў журнале ўнутранага кантролю за работай харчблоку адзначалася, што тэмпература вады нармальная.
Прыкладна такія ж недахопы былі выяўлены і на іншых аб’ектах, што правяралі. Калі гаварыць у цэлым, вынікі праверкі паказалі, што абмежаванне колькасці праверак не апраўдала сябе, не пайшло на карысць. Бо факты пацвярджаюць, што разлічваць на высокую свядомасць і добрасумленнасць можна далёка не ўсіх.
А між тым, выяўленыя недахопы – не вынік дэфіцыту фінансавых сродкаў, а нядобрасумленнае выкананне работнікамі харчблокаў сваіх службовых абавязкаў. Ігнаруючы санітарныя нормы і правілы, яны забываюць, што самая нязначная, на першы погляд, здавалася б, грызунапранікальнасць у кладоўку на харчблоку, ці няправільнае захоўванне прадуктаў, няправільная апрацоўка іх перад ужываннем, самая звычайная неакуратнасць у мыцці посуду, непрытрымліванне правілаў апрацоўкі рук, могуць стаць прычынай узнікнення і распаўсюджвання кішачных інфекцый. Работнікі харчблокаў павінны заўсёды памятаць, што ад іх добрасумленнасці залежыць здароўе дзяцей.
У рэйдзе прымалі ўдзел Ірына КЛЯЦКО, урач-эпідэміёлаг РЦГіЭ, Любоў СТРУНЕЦ, памочнік урача-гігіеніста РЦГіЭ, Ірына КАСЦЕВІЧ, супрацоўніца рэдакцыі.

Опубликовано в «ГЧ» 21.11.2012 г.

ГРОШЫ НІ ПРЫ ЧЫМ, КАЛІ СПРАВА ДАТЫЧЫЦЦА ДОБРАСУМЛЕННАСЦІ: 1 комментарий

  • 03.12.2012 в 8:36 дп
    Permalink

    А почему бы им не приехать в столовые без предупреждения?

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!