Промні Божай любові

У 2003г. па благаславенню Іаана, епіскапа Брэсцкага і Кобрынскага, пры Свята-Мікалаеўскай царкве г.Маларыты  было створана праваслаўнае сястрынства ў гонар абраза Божай Маці “Усіх тужлівых Радасць”. Сёстры (а іх на сённяшні дзень 32, акрамя таго, яшчэ 20 чалавек ва ўзросце ад 70 да 80 гадоў нясуць послух у царкве) часта бываюць у раённай бальніцы, інтэрнаце для састарэлых, тэрытарыяльным Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Тут яны праводзяць гутаркі, віншуюць з двунадзесятымі праваслаўнымі святамі, аказваюць дапамогу ў падрыхтоўцы да таінстваў Пакаяння і Прычашчэння, чытаюць Псалтыр. Таксама сёстры праводзяць дабрачынныя кірмашы, аказваюць дапамогу маламаёмным сем’ям, тлумачаць згубнасць наркаманіі, п’янства, абортаў. Але не толькі гэтым займаецца сястрынства. Па словах Любові Колпікавай, старшай сястры, аказваецца яшчэ дапамога  былым асуджаным, якія вярнуліся з месцаў заключэння на радзіму і апынуліся за бортам жыцця. Часта атрымліваецца так, што гэтыя людзі нікому амаль не патрэбныя. Кляймо мінулага не павінна вісець над чалавекам, які калісьці пераступіў мяжу закона. Ім таксама трэба жыць. Яшчэ сястрынства імкнецца ў розных установах і арганізацыях афармляць праваслаўныя і малітоўныя куточкі. Сёстры сустракаюцца з работнікамі бібліятэкі, дзецьмі-інвалі­дамі і інвалідамі па зроку, з ліквідатарамі аварыі на ЧАЭС і тымі, хто пацярпеў ад яе. Для падмацавання сваіх духоўных сіл 2 разы на месяц сустракаюцца з айцом Сергіем Струнцам, які духоўна іх акармляе,  і часта бываюць у паломніцкіх паездках па святых месцах не толькі Беларусі, але і Расіі, Украіны.
У сваёй рабоце (на добраахвотнай аснове) “сястрычкі” лічаць галоўным служэнне тым, хто мае патрэбу, каму неабходны дапамога, парада, суцяшэнне. Сваім бліжнім, а асабліва адзінокім, хворым, інвалідам, людзям састарэлага ўзросту, тым, хто апынуўся ў цяжкім становішчы, яны, не лічачыся з часам, аддаюць безахвярна частачку сябе, сваю бязмерную любоў, сваё вялікае ўсёабдымнае сэрца. Сёстры імкнуцца быць там,  дзе боль, сум, плач, няшчасце, каб аблегчыць пакуты і зрабіць жыццё хоць крышачку больш радасным і шчаслівым. Гэта своеасаблівыя промні Божай любові на зямлі, якія саграваюць і асвятляюць наша быццё. Міласэрнасць, цярпенне,  пакорлівасць,  спачуванне – асноўнае, чым павінна быць надзелена сястра. Яны і сапраўды такімі з’яўляюцца. Ніколі і нікому не адмаўляюць  ні ў чым.
На здымку: сёстры міласэрнасці.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!