Спадчынная любоў да працы і дзяцей

Касьянка, Янчук, Іолап, Тарасюк, Свіржэўскі… Усе гэтыя прозвішчы належаць да адной дынастыі. Ля яе вытокаў стаяць Расціслаў Іванавіч і Лідзія Цімафееўна. Менавіта з іх калісьці ўсё і пачалося. Як з таго маленькага ручайка, не за адзін год узнікла і набралася сілы магутная сямейная рака. Мнагаводная, бурлівая. Касьянкі нарадзілі і выгадавалі 5 дзяцей. Асаблівы гонар для Расціслава Іванавіча і Лідзіі Цімафееўны – 13 унукаў і 2 праўнукі.
– Хоць усе, хто належыць да нашага роду, і не працуюць на палетках, не сеюць і не жнуць, – кажа Лідзія Касьянка, – але лічу, што і ад працы рук кожнага з нас залежыць канчатковы вынік.
Лідзія Цімафееўна і Расціс­лаў Іванавіч у Хаціслаў прыехалі ў 1978 г. з Валынскай вобласці Украіны.
– Так склаліся сямейныя абставіны, – успамінае Расціслаў Іванавіч. – Для свайго сямейнага гнязда вымушаны былі шукаць новае месца. Пасля роздумаў ра­зам з жонкаю прынялі рашэнне паехаць у Хаціслаў. Паспрыяла гэтаму і тое, што непадалёку была радня. Аднак галоўным, напэўна, з’яўлялася тое, што пра калгас, які быў вядомы далёка за межамі раёна,гаварылі толькі станоўчае. Багатая гаспадарка, добрая зарплата, забяспечанасць жыллём калгаснікаў і спецыялістаў. У Хаціслаў нельга было не паехаць.
Маладая сям’я рызыкнула і не прагадала. У Касьянкаў з’явіўся свой дом. Расціслаў Іванавіч адразу пачаў працаваць трактарыстам, а Лідзія Цімафееўна ўладкавалася на ферму даяркай. Працаваць імкнуліся старанна, добрасумленна. Асабліва старалася Лідзія Цімафееўна.
– На ферме я з 16 гадоў, – кажа мая субяседніца. – Да сялянскай працы мне не трэба было прывыкаць. Ведала змалку, што і як неабходна на ферме рабіць. Жыццё навучыла.
Таму хутка жанчына вый­шла ў перадавікі і стала адной з лепшых даярак не толькі на Маларытчыне. Яе праца была заўважана. У чэрвені 1986 г. Лідзія Цімафееўна ўзнагароджана ордэнам Працоўнай Славы ІІІ ступені. А яшчэ яна 5 гадоў была членам праўлення калгаса “Запаветы Леніна”.
– Калі б было здароўе, – гаворыць Лідзія Цімафееўна, то і яшчэ працавала б. Сваіх жывёлін вельмі любіла. Пастаянна размаўляла з імі, выказвала тое, што накіпела-набалела, што турбавала і непакоіла. А яны, кароўкі, такія ж разумныя! Адчувалі мой душэўны стан, настрой. Не раз здавалася, што выслухаюць уважліва, і калі мая споведзь сумная, то ў некаторых аж слёзы на вачах з’яўляліся. Цяжка такое растлумачыць, але гэта факт, які не трэба было даказваць.
Сваю гаспадыню каровы пазнавалі яшчэ здалёк і, мукаючы, своеасабліва віталіся з ёю. Лідзія Цімафееўна ўсіх сваіх каровак добра ведала, да кожнай знаходзіла свой, індывідуальны падыход. І ніколі не павышала голас на жывёлу. Заўсёды толькі з ласкаю, з добрым словам. Каровы адчувалі цеплыню чалавечага сэрца і адплачвалі за гэта…
Між іншым, не менш выніковай была праца жанчыны і ў выхаванні дзяцей. “Медаль мацярынства” ІІ ступені таму пацвярджэнне.
– Адно другому не пера­шкаджала, – смяецца Лідзія Цімафееўна. – Вырошчваць хлеб і гадаваць дзяцей – аднолькава высокае мастацтва. Тонкае, далікатнае, якое патрабуе майстэрства, прафесіяналізму. Не аддасі ўсяго сябе, не будзе і належнага выніку ні ў тым, ні ў тым. Тое, што зрабіў хлебароб, бачна на полі, тое, што выхавалі бацькі, бачна праз гады. Тады, калі дзеці вырастуць, стануць на ногі, пойдуць у самастойнае жыццё на свой хлеб. Тут важна, каб яны сталі сапраўднымі людзьмі.
– А самае галоўнае ўсё ж – гэта што?
– Любоў, адданасць, нават самаахвярнасць. Ну, і вопыт. Ён набываецца паступова, гэта – своеасаблівы насенны фонд. Кожнае зярнятка можа стаць важкім коласам, калі трапіць на ўгноеную глебу, у добрыя рукі. Але гэтага мала, бо неабходны і належны догляд.
***
Асаблівы гонар сям’і Касьянкаў – дзеці. Яны сталі сапраўднымі людзьмі, знайшлі сваё месца ў жыцці, карыстаюцца павагаю і аўтарытэтам у вяскоўцаў. Напрыклад, старэйшая дачка Тамара Расціславаўна працуе ў СВК жывёлаводам, дарошчвае цялят ва ўзросце ад 1 да 6 месяцаў. Ёй характэрны разважлівасць, дысцыплінаванасць, патрабавальнасць да сябе, адказнасць за даручаную справу. А гэта дазваляе дасягнуць высокіх вынікаў. Яе муж Яўген Іванавіч – таксама ў штаце мясцовай гаспадаркі. Ён займае пасаду слесара па рамонту паліўнай апаратуры. Сваю працоўную дзейнасць яшчэ да службы ў арміі пачынаў у калгасе трактарыстам. Пасля службы вярнуўся ў родную гаспадарку ды так і застаўся тут. Тамара Расціславаўна і Яўген Іванавіч выхоўваюць 5 дачок.
У Тамары Янчук цудоўна раскрыўся мацярынскі талент, якая ўмела злучыла ў адно цэлае любоў да работы, мужа і дзяцей. Ласкавае слова, цярпенне, клопат, уменне зразумець, сцярпець у патрэбны момант, ахвяраваць сваім часам дзеля ішых, жыццёвая мудрасць – усё гэта таксама дапамагае жанчыне ў выхаванні дзяцей. Ірына, старэйшая, закончыла Пінскі сельскагаспадарчы каледж. Цяпер працуе ў СВК “Хаціслаўскі” ветфельчарам, завочна вучыцца ў Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Пасля яе заканчэння стане ветэрынарным урачом. Маргарыта набывае спецыяльнасць трэнера па лёгкай атлетыцы ў Беларускім універсітэце фізічнай культуры, Алена вучыцца ў 11 класе Хаціслаўскай школы, Ганна – у 8 класе, а Дар’я, самая меншая, – у 1 класе. Дзеці радуюць бацькоў сваімі поспехамі.
Тамара Расціславаўна – натура творчая. Яшчэ ў школьныя гады яна захапілася фатаграфіяй. Таму, атрымаў­шы атэстат сталасці, паступіла ў Брэсцкі вучэбна-курсавы камбінат.
– Прафесія фатографа, – кажа Тамара, – рамантычная, якая захоплівае цалкам. Яна патрабуе багатай фантазіі, уяўлення, добрага густу, дае магчымасць бачыць прыгожае вакол. Фатограф не проста фіксуе дакументальныя моманты. З цягам часу зробленыя ім кадры становяцца гістарычнай каштоўнасцю. Акрамя таго, мне падабалася здымаць усё прыгожае, бо яно сагравала душу. Прафесія фатографа – гэта якраз тое, да чаго імкнулася, чым хацелася займацца.
Пасля заканчэння вучобы маладога і перспектыўнага фотамастака накіроўваюць на працу ў КБА г.Маларыты. Аднак каханне да аднакласніка, любоў да родных месцаў павярнулі жыццё ў іншым накірунку. Тамара вяртаецца з горада, бярэ шлюб з Яўгенам, а пасля выхаду з дэкрэтнага водпуску ўладкоўваецца на працу ў мясцовы калгас. На прафесіі фатографа пастаўлена кропка?
– Думка, што зноў буду ім, не пакідала мяне, – прызнаецца Тамара Расціславаўна. – Але атрымалася ўсё інакш, бо быў выбар: ці прафесія, ці сям’я. Амаль не раздумваючы, перавагу аддала другому. Галоўнае ж прызначэнне жанчыны на Зямлі – гадаваць і выхоўваць дзяцей, клапаціцца пра ўтульнасць і цеплыню хатняга ачага. Што змяніла прафесію, не шкадую, бо ў мяне ёсць скарб, які не паддаецца вымярэнню. Ён – бяссцэнны. Гэта – 5 маіх цудоўных дачушак, маіх памочнікаў, маіх надзей.
Неабходна дадаць, што Указам Прэзідэнта краіны Тамара Янчук узнагароджана ордэнам Маці. Яна таксама была на прыёме ў Савеце Міністраў, які праводзіўся да Дня маці і быў арганізаваны ГА “Беларускі саюз жанчын”.
***
У дынастыі Касьянкаў – спадчынная любоў да дзяцей. Пацверджанне гэтаму – і сям’я Алесі, яшчэ адной дачкі Лідзіі Цімафееўны і Расціслава Іванавіча. Яна таксама да выхаду ў адпачынак па догляду за дзіцём працавала ў СВК “Хаціслаўскі”. Муж Алесі – Мікалай – жывёлавод.Алеся Расціславаўна і Мікалай Уладзіміравіч выхоўваюць 4 дзяцей.
Алеся выйшла замуж рана, у 17 гадоў. Маці не дазваляла у такім узросце дачцэ звязваць сябе вузамі Гіменея, але нічога зрабіць не магла. Таму, у рэшце рэшт, згадзілася…
Меншаму, Марку, сёння ўжо год і 2 месяцы. Жвавы малы нас сустрэў у калідоры і, нешта шчабечучы, працягнуў руку прывітацца.
***
Дзеці Лідзіі Цімафееўны і Расціслава Іванавіча разам часта збіраюцца ў бацькоўскім доме. Ім ёсць аб чым пагаварыць, што абмеркаваць. Ды і жывуць яны дружна, дапамагаюць адзін аднаму ва ўсім. Аб’ядноўвае, згуртоўвае дзяцей Лідзія Цімафееўна. А зяці нават у адзін голас кажуць, што іх цешча як тая някрасаўская жанчына: “Каня на скаку спыніць, у хату, якая палае, увойдзе”… Лідзія Касьянка, сапраўды, як тая пчолка-працаўніца. Да ўсяго ёй ёсць справа.
– А як жа інакш? – пытаецца жанчына. – Хіба ж будзеш сядзець склаўшы рукі? Дзеці для бацькоў у любым ўзросце дзеці. Наш абавязак – думаць і клапаціцца пра іх, дапамагаць заўсёды чым толькі можна.
А яшчэ Лідзія Касьянка ўжо 13 гадоў нясе послух у мясцовай царкве ў гонар Праабражэння Гасподняга. Яна спявае ў хоры і прыбірае храм. Тое, што жанчына будзе пеўчай, прадказала калісьці маці.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: прадстаўнікі дынастыі Касьянкаў.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано в “ГЧ” 24.11.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий