“ПАМЯЦЬ” ВЯЛА ПА ДАРОГАХ ВАЙНЫ
У рамках месячніка патрыятычнага выхавання моладзі, прысвечанага 65-ай гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, прайшоў традыцыйны раённы аўтапрабег “Памяць”, які арганізавалі сумесна Кобрынска-Маларыцкая МРАС ДТСААФ, РК ГА “БРСМ”, раённы савет ветэранаў і райваенкамат. Аўтапрабег прайшоў па маршруту: Маларыта – Паўлопаль – Дарапеевічы – Чарняны.
У вёсцы Паўлопаль дэлегацыя наведала музей баявой славы, усклала кветкі да абеліска на магіле партызан атрада імя Фрунзе. Непадалёку ад Паўлопаля, у лесе, на месцы баявых дзеянняў партызан, пахаваны невядомы салдат, за магілай шмат гадоў даглядаюць, беражліва захоўваючы памяць, мясцовыя жыхары вёскі. Гэтае месца наведалі і ўдзельнікі аўтапрабегу.
У школах дэлегацыя сустрэлася з вучнямі і настаўнікамі. Інструктар МРАС ДТСААФ Валянціна Козак, выступаючы перад школьнікамі, гаварыла пра тое, як важна захоўваць памяць пра мінулае. Старшыня раённага савета ветэранаў Васіль Піліпавіч Маркаў расказаў дзецям пра свой удзел у баях, пра тое, якой цаною была заваявана Перамога, адзначыўшы сумны факт, што вельмі мала засталося сёння жывых сведкаў той жорсткай вайны.
Пра важнасць ролі сучаснай моладзі ў захаванні памяці аб гераічным подзвігу народа ў Вялікай Айчыннай вайне гаварыў выконваючы абавязкі першага сакратара РК ГА “БРСМ” Юрый Варанчук. Ён адзначыў, што патрыятычнае і духоўна-маральнае выхаванне моладзі з’яўляецца адным з прыярытэтных накірункаў у дзейнасці рэспубліканскага саюза моладзі і што раённай арганізацыяй БРСМ праводзіцца немалая работа па аказанні дапамогі ветэранам вайны і працы, адзінокім пажылым людзям.
А начальнік аддзела прызыву райваенкамата Валянцін Абрамук расказаў пра тую работу, што праводзіцца з юнакамі раёна па падрыхтоўцы іх да службы ва Узброеных Сілах нашай краіны. Акрамя таго, ён пазнаёміў школьнікаў з умовамі паступлення ў ваенныя навучальныя ўстановы краіны, якія рыхтуюць будучых абаронцаў Айчыны.
У завяршэнні сустрэчы ўдзельнікі аўтапрабегу разам са школьнікамі і іх педагогамі ўсклалі кветкі да помніка землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў вёсках Чарняны і Дарапеевічы.
Валянціна КОЗАК, інструктар раённага савета МРАС ДТСААФ.
Таццяна САЦЮК, другі сакратар Маларыцкага РК ГА “БРСМ”.