Кропля ў кроплю

На жаль, пакуль так і не ўдалося перайначыць псіхалогію многіх, што да грамадскага трэба адносіцца гэтак жа беражліва, як і да свайго. Больш таго, некаторыя так і намагаюцца прыхапіць грамадскае. Каб паставіць заслон нячыстым на руку, кіраўніцтва СВК “Чарняны” ў асобе старшыні Міхаіла Перкаўца ініцыіравала летась укараненне сістэмы рэгістрацыі расходу паліва. Спецыяльныя прыборы былі ўстаноўлены на трактарах і ў аўтамабілях, а сёлета былі даўстаноўлены на корманарыхтоўчай тэхніцы і камбайнах, што працуюць на дызельным паліве.
— 10 чалавек з гаспадаркі адразу звольнілася, — расказваў Міхаіл Міхайлавіч. А гэта тыя, хто быў нячысты на руку. Бо тут ужо не падманеш, не спішаш паліва: прыборы даюць магчымасць дасканала ведаць, колькі вадзіцель ці трактарыст працаваў, колькі стаяў ці ехаў халастым ходам, паказваюць, колькі паліва было заліта, колькі расходавана ў працэсе работы, колькасць рэшткаў паліва ў баку і інш.
— Новая сістэма папярэджвае не толькі крадзяжы паліва, — перакананы Міхаіл Міхайлавіч, але і дысцыплінуе вадзіцеляў і механізатараў. Калі ён, скажам, паўдня прастаяў, вымушаны будзе сказаць, што так, бо прыбор пакажа, колькі тэхніка была задзейнічана ў рабоце, а колькі прастойвала.
Але найбольш каштоўнае – гэта неапісальны эканамічны эфект.
— Тэмп росту валавой пра­дукцыі за 2011 год, — удакладняў Міхаіл Міхайлавіч, — у параўнанні з 2010 годам склаў 112,7%, інакш кажучы, гэты паказчык вырас у 1,5 раза, а паліва на вытворчасць прадукцыі затрацілі столькі, колькі і ў 2010 годзе. Сістэма акупіла сябе роўна праз ты­дзень, — канстатаваў кіраўнік СВК.
Дарэчы, некаторыя з тых, хто новаўвядзення злякаўся і звольніўся, вярнуліся ў гаспадарку назад. А гэта значыць, што, напэўна, пераасэнсавалі свае адносіны да грамадскага, зразумелі, што ў гаспадарцы перш за ўсё клапоцяцца аб тым, каб быў парадак, у тым ліку і з расходам паліва.
— Яно ж не таннае, — гаварыў Міхаіл Міхайлавіч, — гаспадарка траціць немалыя грошы на яго набыццё. І транжырыць ці марна траціць яго, тым больш раскрадаць, — не па-гаспадарску.
Між іншым, як удакладняў Міхаіл Міхайлавіч, у СВК плануюць устанавіць прыборы рэгістрацыі расходу паліва і ў машынах, што працуюць на бензіне, у тым ліку і ў службовых.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: старшыня СВК “Чарняны” Міхаіл ПЕРКАВЕЦ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 1.12.2012 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!