Аб’яднаныя каханнем і працай

Васіль і Вольга
Гісторыя сям’і Васіля Піліпавіча і Вольгі Васільеўны Кацюба пачалася 45 гадоў назад. Ажаніўшыся, маладыя доўга не думалі, вырашылі застацца жыць на маленькай радзіме Вольгі, у вёсцы Сушытніца. Рашэнне прымалася не проста так, на гэта былі свае прычыны, і самая галоўная тая, што калгас “Запаветы Леніна” ў тыя часы быў адным з найлепшых, там і заработная плата была добрая, і жыллё будавалася, і маладыя ў вёсцы заставаліся, і культурнае жыццё «грымела”. Маладой сям’і дапамаглі пабудаваць свой уласны дом. Праз год пасля вяселля ў Васіля і Вольгі нарадзіўся сын Віктар, а праз чатыры гады — другі сын Сяргей. Вольга і Васіль не адразу ўладкаваліся ў мясцовую гаспадарку. Некаторы час працавалі ў Брэсце, але з цягам часу вярнуліся назад і працаўладкаваліся ў калгас. Працавалі на ферме вёскі Сушытніца. Васіль Піліпавіч на падвозцы кармоў, а Вольга Васільеўна аператарам машыннага даення. Так да самай пенсіі і працавалі, не мяняючы свайго працоўнага месца, на адной ферме. Васіль Піліпавіч калгасу аддаў 25 гадоў, а Вольга Васільеўна — 20. Што было за гэтыя два дзесяцігоддзі?
-Ды рознае было: і добрае, і сумнае, — пачала адказваць на маё пытанне Вольга Васільеўна, — Тады цяжка было працаваць. Усё даводзілася рабіць рукамі. Вася кармы падвозіў канём, а калі ў яго была вольная хвілінка, то заўсёды ішоў дапамагаць мне. Так і працавалі дзень за днём, гадавалі дзяцей, стараліся разумець адзін аднаго.

Дзеці
Зразумела, час не стаіць на месцы. Адны — старэюць, а другія – сталеюць. Гэтак жа хутка праляцеў час і для Васіля Піліпавіча і Вольгі Васільеўны. Двое сыноў выраслі. Старэйшы Віктар пасля заканчэння школы, дзе і набыў пасведчанне трактарыста, адразу пайшоў працаваць у калгас на трактар. А пасля была служба ў арміі. Служыў Віктар два гады тады яшчэ ў Чэхаславакіі. Вярнуўшыся з арміі, зноў пайшоў працаваць у родную гаспадарку. Па сённяшні дзень і працуе на трактары, дарэчы, разам з малодшым братам Сяргеем. Пасля службы ў арміі Віктар ажаніўся і цяпер разам з жонкай маюць шматдзетную сям’ю. “Мяне з самага дзяцінства цягнула да тэхнікі, — расказваў Віктар Васільевіч, — таму я яшчэ падлеткам ведаў, што буду працаваць менавіта на трактары”.
Што датычыцца Сяргея, дык ён, як і старэйшы брат, пасведчанне трактарыста атрымаў таксама яшчэ ў школе. Таму адразу пасля яе заканчэння пайшоў працаваць вадзіцелем у калгас, а крыху пазней — механізатарам. Таксама ажаніўся і мае шматдзетную сям’ю. Дарэчы, жонка Сяргея, Наталля Рыгораўна, зноў жа працуе ў СВК “Хаціслаўскі”. Спачатку была паляводам, а цяпер — аператар машыннага даення на новым сучасным комплексе ў вёсцы Сушытніца. І ў Віктара, і ў Сяргея ёсць свае дамы, якія, безумоўна, дапамагалі будаваць бацькі. І Віктар, і Сяргей – добрыя работнікі, а для шчасця і патрэбна, каб на рабоце ўсё было добра, каб бытавыя ўмовы цябе задавальнялі, а ў сям’і каб былі лад і парадак.
Анастасія Максімук.
На здымку: сямейная дынастыя Кацюба.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано в «ГЧ» 5.12.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!