Гарачы час для паштальёнаў

Падпісная кампанія ў разгары. Яна для работнікаў аддзяленняў сувязі — заўжды гарачы час. Падпіску можна параўнаць з уборкай ура­джаю, бо паштальёны ў такі перыяд звычайна працуюць у рэжыме павышанай гатоўнасці.
У мінулую суботу, бліжэй да абеду, мы завіталі ў аддзяленне паштовай сувязі в. Олтуш. Тут было не вельмі шматлюдна, аднак некаторыя вяскоўцы сюды спецыяльна зайшлі, каб аформіць падпіску па перыядычныя выданні.
— Якія газеты і часопісы карыстаюцца папулярнасцю? – цікавімся ў Святланы Андрас, начальніка АПС.
— З рэспубліканскіх перавага аддаецца “Советской Белоруссии”, з абласных – газеце “Заря”, — кажа Святлана Аляксееўна. – Любяць вяскоўцы і “Голас часу”. За сённяшні дзень ужо выпісана некалькі экзэмпляраў.
— Раённую газету я параўнала б з хлебам, які патрэбен кожны дзень, — гаворыць Вольга Ляшчынская, паштарка, якая абслугоўвае вёскі Дворышча, Лазіца і Яблычна. – У той жа час ёсць і такія выданні, што імкнуцца стварыць сабе імідж салодкага перніка. Ён, на жаль, вельмі хутка прыядаецца. “Голас часу” заўсёды знаходзіцца на вышыні. Маім падпісчыкам падабаецца, што газета на сваіх старонках пастаянна змяшчае матэрыялы пра цікавых лю­дзей. Ды і галоўныя навіны раёна можна прачытаць толькі ў “Голасе часу”.
На маім участку таксама не адзін прыхільнік і пастаянны чытач “раёнкі”. Некаторыя, ведаю, сябруюць з “Голасам часу” шмат гадоў.
Між іншым, Вольга Васільеўна ў “свае” вёскі дастаўляе 85 найменняў перыядычных выданняў у агульнай колькасці 320 экзэмпляраў, з іх 250 – гэта газеты.
Каб кожнаму вяскоўцу данесці свежыя навіны, а таксама пенсію, Вользе Ляшчынскай штодзень, у любое надвор’е, даводзіцца прайсці не адзін дзясятак кіламетраў.Жанчына заўжды рада кожнай сустрэчы са сваімі падпісчыкамі. Ды і яны чакаюць свайго паштальёна з аўторка да суботы.Бо сёння пошта – гэта не толькі дастаўка перыядычных выданняў, пасылак, бандэроляў, пісем… Прафесія паштальёна шматгранная. Ён яшчэ і псіхолаг, сацыяльны работнік. І гэта неабходна абавязкова ўлічваць.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Вольга Ляшчынская, паштальён, афармляе падпіску на раённую газету “Голас часу” Аляксандру Пракаповічу.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 8.12.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!